Выбрать главу

21 верасня 1988

Пра тое, як я ў заходнеберлінскую оперу хадзіў

Трэба прызнацца — у Заходнім Берліне для чалавека нашага ўсё цікава, нават опера. Ну, што такое опера — ці расказваць? Чыталі ж!

I я не без гэтага — таксама чытаў. Не буду хлусіць, што мне вельмі спевы падабаюцца, але іншы раз люблю падцягнуць, пачуўшы песню ў двары, а ўслед за ёй — свісток міліцэйскі.

Кажуць, на оперу трэба настроіцца папярэдне. Ну дык я настроіўся яшчэ дома, калі пашпарт замежны атрымаў. Дый тут хвіліну кожную настройка эмацыянальная адбываецца. Куды ні зірнеш — перад вачыма ўсё Заходні Берлін, і вечар ужо на лоб насоўваецца, падыхваючы піўком 12-градусным, і гаспадары ўзрушана гэтак прамаўляюць, нібы на трыбуну ўзышлі — сёння будзем слухаць «Запіскі з Мёртвага дома» пісьменніка вашага Дастаеўскага.

Што скажаш на гэта гаспадарам клапатлівым? Толькі ў ладкі й заплешчаш.

Заварушыўся я, і ўся наша кампанія турыстычная, як апараная, забегала. Усе пачалі гальштукі сіне-жоўтыя на шыю накручваць ды ў кішэнькі пінжакоў запіхваць расчоскі гумаўскія.

Тут наш кіраўнік цудоўны, размаўляючы з гаспадарамі, нібыта паміж іншым, паказаў мне на дзверы, гэта значыць — на два словы ў калідор прасіў.

Будзеш старшым групы, сказаў мне ў калідоры кіраўнік цудоўны, а я гэту оперу ўжо глядзеў... у Баранавічах... моцная штука... мне трэба тут пацікавіцца іхнім вітрынным дызайнам, дык ты ўжо глядзі там, у оперы, каб усё з паўабарота было...

Я супакоіў адразу ж яго — усё з паўабарота й будзе, а вы, паглядзеўшы оперу ў Баранавічах, спакойна сабе адпачывайце, вывучайце дызайн мясцовы.

Кдраўнік, вядома, застаўся задаволены і я — таксама, па самыя бровы ап'янены паўнамоцтвам нечаканым.

Гаспадары нямецкія ўжо чакалі, і я з гонарам, на які здатныя толькі сяржанты Арміі Савецкай, вывеў з гасцініцы сваё войска турыстычнае ў сіне-жоўтых гальштуках.

Быў вечар, і па ўсім Кайзердаме (так у іх Ленінскі праспект называецца) свяціліся ліхтары — масіўныя і чорныя, нібы крыжы высозныя.

Гэта ліхтары незвычайныя, растлумачылі гаспадары, гэта падарунак Гітлеру ад Мусаліні.

Ну-у, не паверыў я, залупіўшы голаў у неба нямецкае.

Так-так, пацвердзілі гаспадары, таксама ўтаропіўшыся ўгору.

Ліхтары, як распяцці, пагрозна навісалі над галавой.

У-у, фашысцюгі, сказаў нехта з нашых і нагнуўся, каб пашукаць пад нагой камень. Тут я напружыўся, адным словам, падрыхтаваўся вырваць у яго з рук справядлівую зброю пралетарскую, але неўзабаве пачуў у голасе майго падначаленага расчараванне поўнае — бедная краіна, і каменя пад нагой не знойдзеш.

Астатнія выказалі маўклівую пагарду ліхтарам мусалініеўскім, па-вайсковаму пакінулі Кайзердам электрасыты, ступілі ўслед за гаспадарамі на такую ж яркую Бісмаркштрасэ, і, нарэшце, усе мы апынуліся перад самой операй.

У вестыбюлі гаспадары ўручылі нам па жоўтым білеціку.

Ніякай цаны на білеціках жоўтых не стаяла, і мы зусім спакойна падалі іх кантралёру.

I ўжо зусім як нармальныя людзі падышлі да гардэроба, на хаду вылазячы з куртак балонневых.

А тут і пачалося...

За кожную куртку «драй марка», сказаў гардэроб па-нямецку.

Найн, дружна адказалі мы і не выпусцілі куртак з рук.

Трохі падумалі, пасля азірнуліся на гаспадароў. А іх няма, у шчыліну нейкую, нібы знарок, запароліся. Таму самі збіваць цану мы не сталі і паціху адышлі сабе ўбок. Паціху-то паціху, а мандражык лёгкі ўсё ж палез пад калашыны.

I разумнаму ясна, што без каманды войска гіне, а ў оперы сённяшняй, усе ведаюць, камандую я. Значыць, мне і абараняць інтарэсы нашых працоўных на чужыне.

Чаго захацеў, падаў я голас упэўнены, «драй марка» — пара калготак чорных. Так нараспранаўшыся, можна вярнуцца дахаты з чамаданам галодным.

Вакол у знак згоды абурана загулі. Ша, таваршы, рабіце так, як я, і — ніякіх гардэробаў!

Я скруціў у камяк сваю куртку і стаў яе засоўваць пад пінжак.

Таварышы выгукнулі ўслед за мной — ніякіх гардэробаў! — і зрабілі тое ж.

Пакуль гаспадары недзе распраналіся, адлічвалі паложаныя «драй маркі», мы — з курткамі пад пінжакамі — пачалі паходжваць сабе па вестыбюлі.

Дык вось, паходжваючы разам з усімі і пазіраючы на цэннікі розныя, зусім выпадкова даведаўся я, што кожны наш квіточак жоўты ў пяты рад каштуе шэсцьдзесят марак.

Моцна ўражаны, нібыта піянінам прыціснуты, давёў інфармацыю народу.

За што так, не паверыла маё воінства збялелае. Мяне й самога ледзь не разрывала — і сапраўды, трэба мець дзядзьку ў Таронта, каб гэта ўтрубіць у пятым радзе пару джынсаў.