Выбрать главу

— Дзякую,— прашаптаў я ўзрушана,— я падумаю.

— Добра,— сказаў гаспадар местачкома,— толькі з адказам не спяшайцеся, падумайце хвілін пяць.

У пакой высокі ўвайшоў збеглы начны вартаўнік пракуратураўскі:

— Таварыш першы гаспадар, лідэр Левых злоўлены.

— Судзіце яго,— загадаў першы гаспадар местачкома.

— Ужо засудзілі,— прамовіў збеглы вартаўнік пракуратураўскі.

— Тады высылайце ў РСФСР!

— Ужо выслалі, таварыш першы гаспадар местачкома.

— Збеглы вартаўнік начны пракуратураўскі задаволена выслізнуў з пакоя высокага.

— Забыўся папярэдзіць вас,— ласкава загаварыў да мяне першы гаспадар местачкома,— на людзях вы і ўся партыя ваша будзеце дзейнічаць незалежна ад нас, Правых. На сваіх мітынгах і ў сваіх газетах будзеце безаглядна спрачацца з намі, крытыкаваць нас, нават лаяць. Але ў нейкі момант, каб ворагі нашыя не здагадаліся, што мы саюзнікі, і каб зусім іх заблытаць, нам давядзецца вас арыштаваць, як лідэра легальна варожай нам партыі. Давядзецца судзіць вас і выслаць...

— У РСФСР?! — напалохаўся я.

— Ды што вы! — усклікнуў першы гаспадар местачкома.— Сваіх мы ў РСФСР не высылаем. У адваротным кірунку паедзеце. Ну, скажам, у бок якога-небудзь каралеўства соннага. Бельгій-скага, напрыклад, або Шведскага.

7 ліпеня 1989 – 14 красавіка 1991