Выбрать главу

Дзякуй богу: час яшчэ ёсць і на рэпетыцыю, і на амуніцыю.

I тым не менш я неяк адразу стаў баяцца спазніцца, а яшчэ больш прагаварыцца. I ад думкі прыкрае, што не стрымаюся і, сам таго не хочучы, раскрыю свой план цудоўны, я тут жа ў бібліятэцы збялеў хваравіта і з такім скрогатам падвальным зубы сціснуў, што бібліятэкарка, кінуўшыся да мяне, уваткнула мне ў рот аловак чырвоны, каб сківіцы расцяць, і, мусіць, чакаючы, што на стол пена пальецца, локцем спіхнула на падлогу ўсе да аднае падшыўкі.

Добрая душа — ёй здалося, што ў мяне прыпадак.

З гэтага дня, хаваючыся ад усіх, пачаў я рыхтавацца да маскарада навагодняга. Вырашыў нічога нідзе не прасіць, не пазычаць, каб, крый божа, не здагадаліся.

Час паказаў, што я майстар канспірацыі. Падрыхтоўка мая прайшла па ўсіх канонах работы падпольнае. Патроху-патроху, гузік да гузіка, і торба з рэквізітам неабходным зрабілася поўная. Адзенне, сям-там голкай прыхопленае, падышло як мае быць, паходку мяккую я адпрацаваў, жэсты велічныя — таксама, некалькі значных фраз навучыўся гаварыць голасам дзяржаўным, валасы ж па ўзоры памятным зачасаў, для большай пэўнасці нават жончыным лакам прыціснуў. Толькі вось трохі з вусамі выходзіла няўпраўка. Спачатку, запусціўшы іх, спадзяваўся, што да свята вырастуць. Аднак жа раслі яны марудна, выбіваліся на паверхню свежую кусцікамі вярблюджымі і да ўсяго яшчэ — у колцы-драпалкі закручваліся. Нават на ката дохлага я не паходзіў, а не тое што...

Узнерваваны, браўся за брытву гострую, галіўся, а пасля за бутэлечку з тушшу хапаўся. Густа мазаў пад носам квачыкам-мазунком, туш старанна пальцамі расціраў і з надзеяй да люстэрка падыходзіў.

Зноў не тое.

Мусіў тады, не шкадуючы, адцяць ад старога каўняра цыгейкавага лапічак пышны. Чорны лапічак, футравы. Падсунуў пад нос яго і ўздыхнуў шчасліва. На клей пасадзіць — і цырк поўны будзе!

Не стану ўтойваць — за дні рэпетыцыяў сваіх і такіх вось прымерак драматычных схуднеў я. Чэраўца маё круглае пляскатым, як стол, зрабілася, нос-храпунец панчохай выцягся і нават адна рука папрутчэла, гнуцца, як след, перастала. Па нервах мяне стукнула, ці што?

Павёў тады плячом марудна, локцем, як завесамі, рыпнуў, і ўзнялася мая рука ўдубянелая неяк урачыста, ну зусім па-царску ўзнялася. Вось ён, узрадаваўся я,— жэст, гісторыі памятны. Журы графіннае перад ім, як гарох, рассыплецца разам з прафкомам аднагалосным.

Шчыра скажу, марыў я пра маленькую перамогу, ну пра такі тулончык невялікі, а тут адразу ўсе аўсцярліцы ўпалі да ног маіх шчаслівых.

I вось як было.

Надышоў нарэшце той вечар баль-маскарадны. Канкурэнты мае, вядомая справа, хто ў чым прыпёрліся. Лёгка можна здагадацца, што былі тут усе гэтыя, ватай напханыя,— зайцы і мядзведзі, прынцы й мушкецёры, арлекіны й мальвіны, драконы і вярблюды. Свінняў было штукі тры: адна ў адну — хоць ты ў хлеў заганяй. Натуральна, што быў чорт, на гэты раз вельмі ачалавечаны — у масцы бюракрата з тэлефонам на шыі. Нават нехта сноўдаўся каля ёлкі ў фраку Пячорына, і за гэтым Пячорыным бледным неадступна хадзілі два Паўкі Карчагіны з маўзерамі напагатове.

Я ж пакуль не пераапранаўся, толькі вусы цыгейкавыя наляпіў. Трымаў усё сваё начынне ў торбе каля ног.

А тым часам карнавал шыкоўны пайшоў. Аркестра на ўвесь дых «кракадзіла Гену» ўляпіла, бібліятэкарка, пераапранутая ў камбінезон трактарысткі Ангелінай, стала крыкам заказваць «бугі-вугі» — танец свае маладосці нядаўняе, а Пячорын бледна-кальсонны, убачыўшы чорта-бюракрата з тэлефонам на шыі, спапяліў яго позіркам арыстакратычным. Са школкі вядома, што Пячорын не здатны, як Паўка М. Астроўскага, на ўчынкі рашучыя. Толькі й можа вось так — вочы паставіць.

Трэба дадаць яшчэ, што на сталах шведскіх ляжалі бутэрброды савецкія. Ясна, што за яда... Але на той жа мэблі скандынаўскай стаяў яшчэ і чай наканьячаны. Хто мог, а маглі, вядома, усе, той браўся за кухлік з чаем гэтым і куляў яго сабе пад маску навагоднюю. Я пакуль што асцерагаўся куляць, памятаючы пра сваю торбу. Толькі так злёгку тры разы смактануў, але ж без поцягу асаблівага.

Журы пенсійнае, таксама чаю папіўшы, пачало рахавацца. Нудна пачало рахавацца, па-графіннаму, але спяшаючыся. Што тут казаць — людзі веку немаладога, ім заўсёды карціць усё раней скончыць. Я ўжо хацеў быў крыкнуць, каб пачакалі,— я ж яшчэ свайго коніка не выкідваў. Ды ў гэты самы момант да ёлкі ў халаце сярэднеазіяцкім наш дырэктар выйшаў.