Выбрать главу

Дарэчы, дарма ён пераапранаўся ў світку закаспійскую. Хоць на асла яго зараз пасадзі, усё роўна кожны скажа, нават здалёку зірнуўшы,— ці не Рыбентроп гэта ўсеўся на транспарт Хрыстовы? Што ёсць, то ёсць. Вельмі ўжо ж падобны дырэктар наш на сябрука Вячаслава Міхайлавіча.

Па звычцы, дырэктар хацеў прыўзняць было капялюш, каб гэта выцерці лоб трыбунны. Ён толькі што ў два бакі добра-такі паскакаў вакол ёлкі з бібліятэкаркай, якая мела моду свае «бугі-вугі» любімыя завяршаць больш дынамічным «ча-ча-ча».

Пашукаў гэта дырэктар капялюш, памацаў сабе, як хвораму, лоб, а на лобе — чалма. Ды што тут паробіш, калі пот цурчыць. Мусіў дырэктар расплесці гэту арафатаўку, каб хоць ёю выцерціся. Дык вось, выціраецца ён, пасля танцаў здыхацца не можа, але ўсё ж прынцыпова гэтак звягае да ўсіх — таварышы, маўляў, сябры, сярод нас ёсць тыя, хто не захацеў выканаць умоваў конкурсу і прыплёўся, даруйце, прыйшоў на свята без убораў маскарадных. Узвысім наш голас абурэння, сябры і таварышы, і пакажам на іх пальцам...

Гэта так ён пажартаваў, але пальцам крывым усё ж тыцнуў. I ясна ў каго — у мяне.

Што вы, таварыш (пасля звароту з'едлівага «таварыш» ён на памяць зачытаў усё напісанае на старонцы першай майго пашпарта савецкага), толькі вусы наляпілі, дзе ваш касцюм навагодні?

Трошкі пачакайце (я таксама назваў дырэктара па пашпарту), праз хвіліну буду гатовы.

Выперся гэта я з залы агульнае, завярнуў за рог, расперазаў сваю тарбіну і — аблачыўся.

Калі вярнуўся, аркестра, выпільваючы: «дзевачка Таня, чаво табе нада», не пакідаючы іграць, уся — да апошняга смыка — неспадзявана зубамі заляскала. З кожнай секундай ляскат зубоўны ўзмацняўся і ўзмацняўся, пакуль дарэшты не заглушыў «дзевачку Таню» варожую.

У парозе я наўмысна прыпыніўся; з гонарам крамлёўскім разламаў дзве папяросы «Герцагавіна Флор», не спяшаючыся, натаптаў імі люльку, шкрабянуў запалкай і, пыхнуўшы два разы дымком гаючым, прыкурыў.

Вакол мяне на дыбачках стаяла цішыня круглая. Пах каньяку падчаяны паволі змешваўся з водарам высакародным «Герцагавіны флор». Зайцы перасталі скакаць, свінні рохкаць, мядзведзі працягваць лапу, драконы выпускаць дым, а вярблюды, зразумела, плявацца.

Дырэктар-рыбентроп стаяў у напалове раскручанай чалме закаспійскай і вольным яе канцом, на ўсякі, відаць, выпадак, стаў звязваць сабе ногі.

Трымаючы люльку ў руцэ напаўсагнутай, я мякка ступіў хромавымі ботамі па паркеце — рушыў у глыбіню залы.

Бібліятэкарка ад страху прысела і хацела накрыцца. Але чым?

На ёй толькі ж, памятаеце, амазонка трактарысцкая.

Беднай жанчыне давялося з галавою адкрытай паўзці хавацца пад ёлку.

З ёю ўслед пасыпаліся ўсе гэтыя мальвіны й арлекіны і яшчэ нехта з рагамі.

Прынцы ж і мушкецёры, паклаўшы рукі на шпагі, пакуль яшчэ захоўвалі спакой.

А вось інтэлігент Пячорын, дурань, тузануўся — пратэставаць захацеў, ці што?

Тады Паўкі Карчагіны ўзнялі свае маўзеры паслухмяныя і замест кампрэса прыклалі іх да гарачай галавы пячорынскае.

Аркестра ўрэзала «Інтэрнацыянал»!

З імператарскай лянотаю, узвысіўшы руку правую, я спыніў музыкаў.

Прывэтствую вас, дарагіе таварышчы і паздраўляю сы праздныкам (зусім па-каўказску я да журы звярнуўся).

Яшчэ і ў гэты момант я марыў, як ужо прызнаваўся тут, пра маленькі Тулон. Пра Тулон свой невялікі думаў. Я сапраўды думаў толькі пра сто рублёў халяўныя, якія з асалодаю апушчу ў кішэню глыбокую, генералісімускую. Але тут, не плюючы, а словам кажучы — мільёны пасыпаліся...

Пасля майго вітання шчырага наканьячанае журы пенсійнае падхапілася і выгукнула як па камандзе: слава Вівосіпу Вісарывонавічу, сла-в-ва!

Сла-в-ва!—падхапілі зайцы, свінні, мядзведзі, вярблюды і, здаецца, усе астатнія. Нават з-пад ёлкі нехта пішчаў мне славу. Мусіць, бібліятэкарка.

Яна, дарэчы, ужо выпаўзала на волю, распіхвала ў бакі мальвінаў і арлекінаў няўцямлівых, адначасова робячы мне нешта падобнае на кніксен галандскі.

Бібліятэкарка глядзела на мяне аддана. Мужная жанчына. Не падымаючыся, яна папаўзла выбаўляць дырэктара.

Вівосіп Вісарывонавіч, вы... да нас... праз столькі часу (вызвалены з чалмы, дырэктар хацеў ад радасці ўпасці мне на грудзі, але я стрымаў яго позіркам сталёвым). Я баяўся, што ў экстазе патрыятычным ён можа паадкусваць з плячэй маіх зоркі генералі-сімускія... А ў нас такое робіцца ў краіне... дарагі Вівосіп Вісарывонавіч... такое робіцца...

Дырэктар не вытрамаў і заплакаў.