Выбрать главу

Вялiзны, тоўсты Том Вулф пазiраў на яго зверху ўнiз, растапырыўшы цяжкiя рукi, каб не страцiць раўнавагi ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамi пакой, вусны яго ўздрыгвалi.

— Ты якраз гэтакi, як цябе апiсвалi, Том, толькi большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкi недарэчны сон; ступiў крок да старога, дакрануўся да яго, азiрнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногi, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

— Гарачкi болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.

— Вядома, здаровы, Том!

— Ну i ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, нiводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — i падумаў: ну i гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьцi нясе — i падумаў: усё, памiраю. Падыходзiць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукi. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явiўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось i брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалi ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабiць, а то зусiм рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.

Стары засмяяўся.

— Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. — Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз — кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй.

I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.

— Бачыш у небе агнi, Том?

— Ага, сэр.

— Феерверк бачыш?

— Бачу.

— Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. I яшчэ — бачыш, колькi iх? — жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi.

Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам.

— Якi цяпер год?

— Год ракеты. Глядзi! — Стары дакрануўся да нейкiх раслiн, i ў яго пад рукою яны раптам расцвiлi. Кветкi былi нiбы белае i блакiтнае полымя. Яны палалi, iскрылiся халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi. Чашачкi iхнiя былi футы два ўпоперак i холадна сiнелi, быццам асеннi месяц. — Гэта кветкi з Месяца, — сказаў Фiлд. — З таго боку Месяца. — Ён злёгку дакрануўся да iх, i яны асыпалiся сярэбраным дажджом, пырснулi белыя iскры i расталi ў паветры. Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслi цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзiны чалавек, якi здольны саўладаць з Сонцам i не ператварыцца ў нiкчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, — з Сонцам, i з Зоркамi, i з усiм, што ўбачыш па дарозе на Марс.

— На Марс? — Томас Вулф азiрнуўся, схапiў старога за плячо, нахiлiўся, недаверлiва ўзiраючыся яму ў твар.

— Так. Ты ляцiш сёння ў шэсць.

Стары ўзняў ружовы бiлецiк, якi, здавалася, аж трапятаў у паветры, i чакаў, калi Том здагадаецца яго ўзяць.

Было пяць гадзiн.

— Так-так, вядома, я вельмi цаню ўсё, што вы зрабiлi! — усклiкнуў Томас Вулф.

— Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.

— Дайце дагаварыць, мiстэр Фiлд, дайце мне закончыць, я павiнен выказаць усё да канца.

— Мы ўжо столькi гадзiн спрачаемся, — зняможана прамовiў Фiлд.

Яны прагаманiлi ад ранiшняга сняданка да полудня i ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзiлi з аднаго пакоя ў другi (а iх было тузiн) i ад аднаго доваду да другога (а iх было дзесяць тузiнаў); абодвум рабiлася то горача, то холадна, то зноў горача.

— Усё зводзiцца вось да чаго, — сказаў нарэшце Томас Вулф. — Я не магу тут заставацца, мiстэр Фiлд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелi права ўмешвацца…

— Але…

— Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнiгу я яшчэ не пачынаў i раптам вы хапаеце мяне i пераносiце на тры стагоддзi наперад. Паклiчце прафесара Боўлтана, мiстэр Фiлд. Няхай ён пасадзiць мяне ў сваю машыну, якая яна там нi ёсць, i адправiць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час i маё месца. Больш мне ад вас нiчога не трэба.

— Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?

— Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне навалiцца лавiна ўражанняў, якiя я не здолею змясцiць у мае кнiгi, калi вярнуся дадому.

— Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.

— Цудоўна разумею, вы эгаiст.

— Эгаiст? — перапытаў стары. — Так, вядома, i яшчэ якi! Дзеля сябе i дзеля iншых.

— Я хачу вярнуцца дадому.

— Паслухай, Том…

— Паклiчце прафесара Боўлтана!

— Том, я вельмi не хацеў табе казаць… Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакiдаеш мне выбару.

Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону i адкрыў вялiкi белы экран, потым пачаў круцiць дыск i набiраць нейкiя лiчбы; экран замiгцеў, ажыў, агнi ў пакоi павольна згаслi — i перад вачамi ўзнiклi могiлкi.

— Што вы робiце? — рэзка спытаў Вулф, зрабiў крок уперад i ўтаропiўся на экран.

— Я зусiм гэтага не хацеў, - сказаў стары. — Глядзi.

Могiлкi ляжалi перад iмi ў яркiм святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлi, разагрэтага гранiту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьцi непадалёку. У голлi дрэва пасвiствала нейкая птушачка. Сярод надмагiльных камянёў пакалыхвалiся пунсовыя i жоўтыя кветкi, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круцiў дыск, усё павялiчваючы i нiбы наблiжаючы малюнак… i вось пасярод экрана вырасла змрочная гранiтная глыба — яна расце, наблiжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нiчога больш не бачаць i не адчуваюць, i ў цемнаватым пакоi Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на гранiце словы раз, другi, трэцi, i, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго iмя:

ТОМАС ВУЛФ

i дата яго нараджэння i дата смерцi, i ў халодным пакоi пахне духмянай зялёнай папараццю.

— Выключце, — сказаў ён.

— Даруй, Том.

— Выключце, ну! Не веру я гэтаму.

— Гэта праўда.

Экран пачарнеў, i пакой накрыў паўночны купал неба; пакой зрабiўся склепам, ледзь адчувалася апошняе дыханне кветак.

— Значыцца, я ўжо не прачнуўся, — сказаў Томас Вулф.

— Так. Ты памёр тады, у вераснi тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага.

— I не дапiсаў кнiгу.

— Яе надрукавалi другiя, яны паставiлiся да яе вельмi беражлiва, зрабiлi за цябе ўсё, што трэба.

— Я не дапiсаў сваю кнiгу, не дапiсаў!

— Не бядуй гэтак.

— Вам лёгка казаць!

Стары ўсё не запальваў святла. Яму не хацелася бачыць Тома гэтакiм.

— Сядзь, сынку.

Маўчанне.

— Том?

Нiякага адказу.

— Сядзь, сынку. Хочаш чаго-небудзь выпiць?

Уздых, потым сцяты рык, быццам застагнаў паранены звер.

— Гэта несправядлiва, несумленна! Мне трэба было яшчэ столькi зрабiць!

Ён глуха зарыдаў.

— Перастань, — сказаў стары. — Паслухай. Выслухай мяне. Ты яшчэ жывы так? Тут, зараз — ты жывы? Ты дыхаеш i ўсё адчуваеш, праўда?

Томас Вулф адказаў не адразу:

— Праўда.

— Дык вось, — у цемры Фiлд падаўся ўперад. — Я перанёс цябе сюды, Том, я даю табе яшчэ адну магчымасць. Лiшнi месяц цi недзе каля гэтага. Думаеш, я цябе не аплакваў? Я прачытаў твае кнiгi, а пасля ўбачыў надмагiльны камень, якi трыста гадоў тачылi вецер i дажджы, i падумаў — гэткага таленту не стала! Гэтая думка проста не давала мне жыць, павер. Не давала жыць! Я не шкадаваў грошай, абы толькi знайсцi нейкую дарогу да цябе. Ты атрымаў адтэрмiноўку праўда, кароткую, дужа кароткую. Прафесар Боўлтан кажа, што, калi вельмi пашанцуе, мы здолеем пратрымаць каналы Часу адкрытымi два месяцы. Ён будзе трымаць iх для цябе два месяцы, але не даўжэй. За гэты час ты павiнен напiсаць кнiгу, Том, тую кнiгу, якую марыў напiсаць, — не-не, сынкў, не тую, якую ты пiсаў для сучаснiкаў, яны ўсе памерлi i ператварылiся ў прах, гэтага ўжо не зменiш. Не, цяпер ты створыш кнiгу для нас, для тых, хто жыве цяпер, яна нам вельмi-вельмi патрэбна. Ты пакiнеш яе нам дзеля самога ж сябе, яна будзе ва ўсiх адносiнах вышэйшай i лепшай за твае ранейшыя кнiгi… ты ж напiшаш яе, Том? Можаш ты на два месяцы забыцца пра той камень, пра бальнiцу — i пiсаць для нас? Ты напiшаш, праўда, Том?