Выбрать главу

Пакой павольна запоўнiла святло. Том Вулф стаяў i глядзеў у акно вялiзны, масiўны, а твар бледны, стомлены. Ён глядзеў на ракеты, што праносiлiся ў няяркiм вечаровым небе.

— Я спачатку не зразумеў, што вы для мяне зрабiлi, — сказаў ён. — Вы мне даяце яшчэ крыху часу, а час для мяне даражэй i патрэбней за ўсё, ён мой сябар i вораг, я заўсёды з iм ваяваў, i аддзякаваць вам я, мабыць, магу толькi адным спосабам. Хай будзе па-вашаму. — Ён запнуўся. — А калi я скончу работу? Што тады?

— Вернешся ў бальнiцу, Том, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год.

— Iнакш немагчыма?

— Мы не можам змянiць Час. Мы ўзялi цябе ўсяго на пяць хвiлiн. I вернем цябе на бальнiчны ложак праз пяць хвiлiн пасля таго, як ты яго пакiнуў. Такiм чынам, мы нiчога не парушым. Усё гэта ўжо гiсторыя. Тым, што ты жывеш зараз з намi, у будучым, ты нам не пашкодзiш. Але калi ты адмовiшся вярнуцца, ты пашкодзiш мiнуламу, а значыцца, i будучаму, там шмат што перакруцiцца, будзе хаос.

— Два месяцы, — сказаў Томас Вулф.

— Два месяцы.

— А ракета на Марс ляцiць праз гадзiну?

— Ага.

— Мне патрэбны папера i аловак.

— Вось яны.

— Трэба збiрацца. Да пабачэння, мiстэр Фiлд.

— Шчаслiва, Том.

Шэсць гадзiн. Заходзiць сонца. Неба чырванее, нiбы вiно. У прасторным доме цiшыня. Горача, але старога прабiраюць дрыжыкi, i вось нарэшце з'яўляецца прафесар Боўлтан.

— Ну як, Боўлтан? Як ён сябе адчуваў, як трымаўся на касмадроме? Ды гаварыце ж!

Прафесар усмiхаецца.

— Ён проста асiлак — гэтакi велiкан, любы скафандр для яго занадта малы, давялося тэрмiнова рабiць новы. Шкада, вы не бачылi, што гэта было: ён усё-ўсё абышоў, усё абмацаў, да ўсяго прынюхваецца, нiбы вялiзны сабака, гаворыць несцiхана, а вочы круглыя, ненажэрныя, i ад усяго прыходзiць у захапленне — ну сапраўдны хлапчук, дый годзе!

— Дай Бог, дай Бог! Боўлтан, а вы i праўда пратрымаеце яго тут два месяцы?

Боўлтан насупiўся.

— Вы ж ведаеце, ён не належыць нашаму часу. Калi энергiя тут хоць на момант аслабне, Вулфа адразу прыцягне назад у мiнулае, як папяровы мячык на гумцы. Паверце, мы ўсiмi спосабамi стараемся яго ўтрымаць.

— Гэта неабходна, зразумейце! Нельга, каб ён вярнуўся, не закончыўшы кнiгi! Вы павiнны…

— Зiрнiце! — перабiў Боўлтан.

У неба ўзляцела серабрыстая ракета.

— Гэта ён? — спытаў стары.

— Ён, — сказаў прафесар. — Гэта Вулф ляцiць на Марс.

— Брава, Том! — загарланiў стары i затрос кулакамi над галавой. — Дай iм перцу!

Ракета патанула ў вышынi, яны праводзiлi яе вачамi.

Да апоўначы да iх дайшлi першыя старонкi. Генры Ўiльям Фiлд сядзеў у сябе ў бiблiятэцы. Перад iм на стале гудзеў апарат. Апарат паўтараў словы, што былi напiсаны далёка з таго боку Месяца. Ён выводзiў iх чорным алоўкам, дакладна аднаўляючы паспешлiвыя каракулi Тома Вулфа, якiя ён нагрымзолiў за мiльён мiляў адгэтуль. Ледзьве дачакаўшыся, каб на стол лёг стосiк папяровых лiсткоў, стары схапiў iх i ўзяўся чытаць, а Боўлтан i слугi стаялi i слухалi. Ён чытаў пра Прастору i Час, i пра палёт, пра вялiкага чалавека ў вялiкай дарозе, пра доўгую поўнач i пра холад космасу, i пра тое, як згаладалы чалавек з прагнасцю паглынае ўсё гэта i патрабуе яшчэ i яшчэ. ён чытаў, i кожнае слова было поўна гарэння, i грому, i тайны.

Космас як восень, пiсаў Томас Вулф. I гаварыў пра пустэльны змрок, пра адзiноту, пра тое, якi маленечкi закiнуты ў космасе чалавек. Гаварыў пра вечную восень, якая нiколi не канчаецца. I яшчэ пра мiжпланетны карабель, пра тое, як пахне метал i якi ён навобмацак, i пра пачуццё высокага лёсу, пра няўрымслiвае захапленне, з якiм нарэшце адрываешся ад Зямлi, пакiдаеш за сабою ўсе зямныя задачы i журботы i iмкнешся да задачы куды больш цяжкай, да журбы куды больш горкай. Сапраўды, гэта былi цудоўныя старонкi, i яны гаварылi тое, што абавязкова трэба было сказаць пра Сусвет i чалавека i пра яго малюпасенькiя ракеты, якiя згубiлiся ў бязмежжы космасу.

Стары чытаў, пакуль не ахрып, за iм чытаў Боўлтан, потым астатнiя — да глыбокай ночы, калi апарат перастаў пiсаць i ўсе зразумелi, што Том ужо ў пасцелi, там, у ракеце, якая ляцiць на Марс… мабыць, ён яшчэ не спiць, не, яшчэ доўга ён не засне, так i будзе ляжаць без сну, быццам хлапчук напярэдаднi адкрыцця цырка: яму ўсё не верыцца, што ўжо збудаваны вялiзны, чорны, увесь аздоблены каштоўнымi камянямi балаган, i паказ пачынаецца, i дзесяць мiльярдаў зiхатлiвых акрабатаў гайдаюцца на туга напятых дратах, на нябачных трапецыях Прасторы.

— Ну вось! — выдыхнуў стары, беражлiва адкладваючы апошнiя старонкi першага раздзела. — Што вы пра гэта скажаце, Боўлтан?

— Гэта добра.

— Якое там добра! — загарланiў Фiлд. — Гэта цудоўна! Прачытайце яшчэ раз, сядзьце i прачытайце яшчэ раз, каб вас чорт забраў!

Так яно i iшло, дзень пры днi, па дзесяць гадзiн запар. На падлозе расла куча жаўтаватай спiсанай паперы — за тыдзень яна зрабiлася вялiзнай, за два тыднi — не ведаеш, як яе i назваць, пад канец месяца — i ўявiць немагчыма.

— Вы толькi паслухайце! — крычаў стары i чытаў уголас.

— А што?! — гаварыў ён.

— А вось яшчэ раздзел, Боўлтан, а вось аповесць, яна толькi што перададзена, называецца «Касмiчная вайна», цэлая аповесць пра тое, як яно ваяваць у космасе. Ён размаўляў з рознымi людзьмi, распытваў салдат, афiцэраў, ветэранаў Прасторы. I пра ўсё напiсаў. А вось яшчэ раздзел, называецца «Доўгая поўнач», а гэты — пра тое, як мурыны засялiлi Марс, а во нарыс — партрэт марсiянiна, яму проста цаны няма!

Боўлтан адкашляўся.

— Мiстэр Фiлд…

— Пасля, пасля, не перашкаджайце.

— Кепскiя навiны, сэр.

Фiлд ускiнуў сiвую галаву.

— Што такое? Што-небудзь з Элементам Часу?

— Перадайце Вулфу, няхай спяшаецца, — лагодна прамовiў Боўлтан. — Магчыма, на гэтым тыднi сувязь з Мiнулым абарвецца.

— Я дам вам яшчэ мiльён даляраў, толькi падтрымлiвайце яе.

— Справа не ў грошах, мiстэр Фiлд. Цяпер усё залежыць ад сама звычайнай фiзiкi. Я зраблю ўсё, што ў маiх сiлах. Але вы яго папярэдзьце на ўсякi выпадак.

Стары скурчыўся ў крэсле, зрабiўся зусiм маленькi.

— Няўжо вы зараз адбераце яго ў мяне? Ён так цудоўна працуе! Каб вы толькi бачылi, якiя эскiзы ён перадаў усяго гадзiну назад — апавяданнi, накiды. Во, во — гэта пра касмiчныя плынi, а гэта пра метэарыты. А вось пачатак аповесцi пад назвай «Пушынка i полымя»…

— Нiчога не зробiш…

— Але калi мы зараз страцiм яго, можа, вы здолееце даставiць яго сюды яшчэ раз?

— Бязмернае ўмяшанне ў Мiнулае занадта небяспечна.

Стары быццам акамянеў.

— Тады вось што. Зрабiце так, каб Вулф не трацiў часу на ваджанiну з алоўкам i паперай — няхай друкуе на машынцы або дыктуе, адным словам, паклапацiцеся пра якую-небудзь механiзацыю. Абавязкова!

Апарат стракатаў не ведаючы стомы — за поўнач i пасля да свiтання i ўвесь дзень без перадыху. Стары правёў бяссонную ноч; толькi ён змружыць павекi, як апарат зноў ажывае — i ён страпянецца, i зноў касмiчныя прасторы, i вандроўкi, i неабсяжнасць быцця плывуць да яго, пераўтвораныя думкай другога чалавека.

«…бязмежныя зорныя лугi космасу…»

Апарат запнуўся, уздрыгнуў.

— Давай, Том! Пакажы iм!

Стары застыў у чаканнi.

Зазванiў тэлефон.

Голас Боўлтана:

— Мы болей не можам падтрымлiваць сувязь, мiстэр Фiлд. Яшчэ хвiлiна — i кантакт Часу сыдзе на нiшто.

— Зрабiце што-небудзь!

— Не магу.

Тэлетайп уздрыгнуў. Быццам зачараваны, пахаладзелы ад жаху, стары сачыў, як складваюцца чорныя радкi: