Выбрать главу

«..марсiянскiя гарады — дзiвосныя, непраўдападобныя, быццам камянi, што знесены з горных вяршынь нейкай iмклiвай, неверагоднай лавiнай i застылi нарэшце зiхатлiвымi россыпамi…»

— Том! — крыкнуў стары.

— Усё, — прагучаў у слухаўцы голас Боўлтана.

Тэлетайп памарудзiў, адстукаў яшчэ слова i змоўк.

— Том!!! — у роспачы закрычаў Фiлд.

Ён пачаў трэсцi тэлетайп.

— Дарма, — сказаў голас у слухаўцы. — Ён знiк. Я адключаю Машыну Часу.

— Не-не! Пачакайце!

— Але ж…

— Чулi, што я сказаў? Пачакайце выключаць! Магчыма, ён яшчэ тут.

— Яго больш няма. Гэта дарма, энергiя трацiцца марна.

— Няхай сабе трацiцца!

Фiлд шпурнуў слухаўку.

I павярнуўся да тэлетайпа, вярнуўся да незакончанага сказа.

— Ды ну, Том, не могуць яны вось так ад цябе адкараскацца, не паддавайся, сынку, ану, давай далей! Дакажы iм, Том, ты ж малайчына, ты большы, чым Час i Прастора i ўсе гэтыя праклятыя механiзмы, ты маеш такую сiлу, такую жалезную волю. Том, дакажы iм усiм, не давай адсылаць цябе назад!

Пстрыкнуў клавiш тэлетайпа.

— Том, гэта ты?! — сам не свой ад здзiўлення замармытаў стары. — Ты яшчэ можаш пiсаць? Пiшы, Том, не здавайся, пакуль ты не апусцiў рукi, цябе не могуць адаслаць назад, не могуць!!!

«У», — стукнула машына.

— Яшчэ, Том, яшчэ!

«Дыханнi», — адстукала яна.

— Ну, ну?!

«Марса», — надрукавала машына i спынiлася. Кароткая цiшыня. Шчаўчок. I машына пачала зноў, з новага радка:

«У дыханнi Марса адчуваеш водар карыцы i халодных рэзка пахучых вятроў, тых вятроў, што ўзнiмаюць лятучы пыл, i абмываюць нятленныя косцi, i прыносяць пылок даўным-даўно адцвiлых кветак…»

— Том, ты яшчэ жывы!

Замест адказу апарат яшчэ дзесяць гадзiн запар выбухаў лiхаманкавымi прыступамi i адстукаў шэсць раздзелаў «Уцёкаў ад дэманаў».

— Сёння ўжо мiнула паўтара месяца, Боўлтан, цэлыя паўтара месяца, як Том паляцеў на Марс i на астэроiды. Глядзiце, вось рукапiсы. Дзесяць тысяч слоў у дзень, ён не дае сабе перадыху, не ведаю, калi ён спiць, цi паспявае паесцi, ды гэта для мяне ўсё роўна, i для яго таксама, для яго адно важна — дапiсаць, ён жа ведае, што час не чакае.

— Недаступна розуму, незразумела, — сказаў Боўлтан. — Нашы рэле не вытрымалi, энергiя панiзiлася. Мы зрабiлi для галоўнага канала новыя рэле, якiя забяспечваюць надзейнасць Элемента Часу, але ж на гэта пайшло тры днi — i ўсё-такi Вулф пратрымаўся! Вiдаць, гэта залежыць яшчэ i ад яго асобы, тут дзейнiчае нешта такое, чаго мы не прадугледзелi. Тут, у нашым часе, Вулф жыве — i, аказваецца, Мiнулае не можа так лёгка яго вярнуць. Час не такi падатлiвы, як мы думалi. Мы карысталiся няправiльным параўнаннем. Гэта не гумка. Гэта болей падобна на дыфузiю — узаемапранiкненне вадкiх пластоў. Мiнулае нiбы прасочваецца ў Сучаснае… Але ўсё роўна давядзецца адаслаць яго назад, мы не можам яго пакiнуць тут: у Мiнулым утворыцца пустата: усё перамесцiцца i пераблытаецца. Па сутнасцi, яго зараз утрымлiвае ў нас толькi адно — ён сам, яго страсць, яго работа. Дапiсаўшы кнiгу, ён выслiзне з нашага часу гэтак жа натуральна, як вылiваецца вада са шклянкi.

— Мне напляваць, што, як i чаму, — запярэчыў Фiлд. — Я ведаю адно: Том заканчвае сваю кнiгу! У яго ўсё той жа талент i натхненне i ёсць штосьцi яшчэ, штосьцi новае, ён шукае каштоўнасцей, якiя вышэй за Прастору i Час. Ён напiсаў псiхалагiчны эцюд пра жанчыну, якая застаецца на Зямлi, калi адважныя касманаўты накiроўваюцца ў Невядомасць, — гэта цудоўна напiсана, праўдзiва i тонка; Том назваў свой эцюд «Дзень ракеты», ён апiсаў усяго толькi адзiн дзень сама звычайнай правiнцыялкi, яна жыве ў сябе дома, як жылi яе прабабкi — вядзе гаспадарку, гадуе дзяцей… небывалы росквiт навукi, грукат касмiчных ракет, а яе жыццё амаль гэтакае ж, якое было ў жанчын у каменным веку. Том праўдзiва, старанна i пранiкнёна апiсаў яе парываннi i расчараваннi. Або во яшчэ рукапiс, называецца «Iндзейцы», тут ён пiша пра марсiян: яны — iндзейцы космасу, iх выцеснiлi i знiшчылi, як даўней iндзейскiя плямёны — чарокаў, iракезаў, чарнаногiх. Выпiце, Боўлтан, выпiце!

На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.

Ён вярнуўся ў полымi, як у полымi i адлятаў, крокамi волата ён перасек космас i ўвайшоў у дом Генры Ўiльяма Фiлда, у бiблiятэку, дзе на падлозе грувасцiлiся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамi машынапiсу; стосы гэтыя трэба было падзялiць на шэсць частак, з iх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мiнаючых хвiлiн.

Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бiблiятэцы Генры Ўiльяма Фiлда i пазiраў на аграмадзiны, што былi спароджаны яго сэрцам i яго рукою.

— Хочаш усё гэта прачытаць, Том? — спытаў стары.

Але ён пакруцiў масiўнай галавою, шырокай далонню адкiнуў назад грыву цёмных валасоў.

— Не, — сказаў ён. — Баюся пачынаць. Калi пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда?

— Няможна, Том.

— А вельмi хочацца.

— Нiчога не зробiш, нельга. У той год ты не напiсаў новага рамана. Што напiсана тут, павiнна тут i застацца, што напiсана там, павiнна застацца там. Нiчога нельга змянiць.

— Разумею, — Вулф цяжка ўздыхнуў i апусцiўся ў крэсла. — Стамiўся я. Страшэнна стамiўся. Нялёгка гэта было. Але i здорава! Каторы гэта сёння дзень?

— Шасцiдзесяты.

— Апошнi?

Стары кiўнуў, i нейкi час абодва маўчалi.

— Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могiлкi, пад камень, сказаў Том Вулф i заплюшчыў вочы. — Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое…

Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокiя далонi, ды так i застыў.

Дзверы адчынiлiся. Увайшоў Боўлтан з бутэлечкай у руцэ i спынiўся за крэслам Тома Вулфа.

— Што гэта ў вас? — спытаў стары Фiлд.

— Даўно знiшчаны вiрус, — адказаў Боўлтан. — Пнеўманiя. Вельмi старажытная i надзвычай лютая хвароба. Калi мiстэр Вулф прыбыў да нас, мне, само сабой зразумела, давялося яго вылечыць, каб ён мог справiцца са сваёю работай; пры нашай сучаснай тэхнiцы гэта было зусiм лёгка. Культуру мiкроба я захаваў. Цяпер, калi мiстэр Вулф вяртаецца, трэба будзе зноў прышчапiць яму пнеўманiю.

— А калi не прышчапiць?

Том Вулф узняў галаву.

— Калi не прышчапiць, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе ён ачуняе i паправiцца.

Том Вулф падняўся.

— Дык як гэта? Папраўлюся, падымуся на ногi — там, у сябе, — буду здаровы, i магiльшчыкi застануцца з носам?

— Правiльна.

Том Вулф утаропiўся на бутэлечку, рука яго сутаргава тарганулася.

— Ну, а калi я знiшчу гэты ваш вiрус i не дамся вам?

— Гэтага нiяк нельга!

— Ну… а калi?

— Вы ўсё разбурыце.

— Што — усё?

— Сувязь рэчаў, ход падзей, жыццё, усю сiстэму таго, што ёсць i што было, што мы не маем права змянiць. Вы не можаце ўсё гэта парушыць. Безумоўна адно: вы павiнны памерцi, i я мушу пра гэта паклапацiцца.

Вулф паглядзеў на дзверы.

— А калi я ўцяку i вярнуся без вашай дапамогi?

— Машына Часу ў нас пад кантролем. Вы не можаце выйсцi з гэтага дома. Я вымушаны буду сiлком вярнуць вас сюды i зрабiць прышчэпку. Я прадбачыў, што пад канец ускладненняў не мiнуць, i зараз унiзе напагатове пяць чалавек. Варта мне гукнуць… самi бачыце, гэта бескарысна. Ну от, гэтак лепей. Вось так.

Вулф адступiў, азiрнуўся, паглядзеў на старога, у акно, абвёў позiркам прасторны пакой.

— Даруйце мне. Вельмi не хочацца памiраць. Ох, як не хочацца!

Стары падышоў да яго, сцiснуў яму руку.

— А ты паглядзi на гэта так: табе ўдалося небывалае — выйграць у жыцця два месяцы звыш тэрмiну, i ты напiсаў яшчэ адну кнiгу — апошнюю, новую кнiгу! Падумай пра гэта — i табе будзе лягчэй.

— Дзякуй вам за гэта, — сур'ёзна сказаў Томас Вулф. — Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. — Ён закасаў рукаў. — Давайце вашу прышчэпку.

I пакуль Боўлтан рабiў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак i на першым лiстку першай часткi рукапiсу вывеў два радкi, потым зноў загаварыў: