Выбрать главу

Алесь ЯФІМАЎ

ПРАДАДЗЕНАЯ СПОВЕДЗЬ

Аповесць

Людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.

Было ўжо позна, першая гадзіна ночы. Пасажыраў у вагоне метро было мала, значная частка сідзячых месцаў заставалася вольнай. Людзі выглядалі даволі стомленымі, многія з іх сядзелі з заплюшчанымі вачыма...

Маявер глядзеў на пасажыраў, што сядзелі насупраць, на процілеглым баку вагона. І раптам яму здалося, што ўсе гэтыя людзі — быццам мёртвыя. Як на пасмяротных фотаздымках, папулярных у ХІХ стагоддзі. Нябожчыкаў апраналі, як жывых, садзілі ў натуральнай нязмушанай позе ці на­ват ставілі пры дапамозе спецыяльнага штатыва, грыміравалі і фатаграфавалі. Калі фатаграфавалі ў атачэнні родных, па фотаздымку іншым разам было цяжка заўважыць — хто тут жывы, а хто памерлы. У нябожчыкаў нават былі «жывыя» расплюшчаныя вочы. У адных выпадках гэта быў мантаж, а ў іншых трупам насамрэч расплюшчвалі вочы і апрацоўвалі іх спецыяльным рэчывам, каб тыя не высыхалі і не мутнелі. Маглі нават адрэзаць памерламу павекі, каб толькі ў яго быў жывы пагляд. Зараз гэта многім падаецца жудасным і жахлівым, але такія фотаздымкі рабіліся не для ўслаўлення смерці. Людзі проста імкнуліся захаваць памяць пра сваіх блізкіх, хацелі мець хоць фотаздымак. І калі такія фотаздымкі пры жыцці чалавека, асабліва дзіцяці, рабіць не паспявалі — рабілі іх пасмяротна.І вось цяпер Маявер ехаў у вагоне метро і яму здавалася, што вакол яго не жывыя, а мёртвыя людзі, якіх ужо пасмяротна апранулі ў паўсядзённае адзенне і рассадзілі па вагоне ў нязмушаных позах. Ад гэтага ўяўлення было жудасна, аднак Маявер разумеў: гэта толькі ўяўленне. Урэшце Ма­явер падумаў, што ехаць у адным вагоне з сапраўднымі нябожчыкамі было б не так страшна. Жу­дасна, але не страшна. Бо што могуць нябожчыкі? А вось ад жывых Маявер заўжды адчуваў патэнцыйную небяспеку. Да таго ж выпівох, гопнікаў і проста аматараў «дакалупацца» ў гэтым горадзе ніколі не бракавала. Тым больш зараз была ноч, што павялічвала рызыку сутыкнуцца з не самымі прыемнымі асобамі. Але ўсё было спакойна: людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.

Галава ў Маявера была цяжкая, ён адчуваў слабасць і нават млоснасць, хацелася легчы спаць і адначасова — хутчэй патрапіць на свежае паветра. Маявер прагна ўдыхаў «ветрык», якім яго абдавала падчас набыцця вагонам хуткасці. Аднак «ветрык» гэты быў, як заўжды, спёртым і душным і меў характэрны ўстойлівы пах машыннага масла, гару і крэазоту, якім апрацоўваюць драўляныя шпалы.

Маявер адчуваў сябе так, быццам ён з пахмелля. Не вельмі моцнага, але ўсё ж заўважнага. Ад­нак ён не піў і ехаў не з папойкі. Ён ехаў з эксперымента.

Перапіска

Як і большасць сучасных людзей, Маявер меў акаўнт у сацыяльнай сетцы, нават у некалькіх сацыяльных сетках адначасова, што таксама нярэдкасць. І вось аднойчы яму прыйшла заяўка ў «сябры» ад чалавека, якога звалі Даявед. Сітуацыя, калі ў сацыяльнай сетцы з табой жадае «сябраваць» абсалютна незнаёмы чалавек, з якім у вас нават няма нават агульных «сяброў», досыць тыповая, таму здзіўлення не выклікала. Больш за тое, Маявер лічыў, што праводзіць у такіх выпадках нейкія допыты і роспыты — параноя і дарэмнае марнаванне часу, таму дадаваў усіх без раз­бору. А пасля, калі новы «сябар» паводзіў сябе неадэкватна, спаміў ці ўвогуле не праяўляў ніякай актыўнасці, ад яго можна было пазбавіцца. Карацей, Маявер дадаў Даяведа ў «сябры» без усялякіх роздумаў. Неўзабаве Даявед даслаў паведамленне:

Даявед: «Вітаю! Запрашаю прыняць удзел у эксперыменце па постклінічным выпрабаванні медыцынскага прэпарата ў якасці добраахвотніка. Прэпарат УЖО ПРАЙШОЎ даклінічныя і клінічныя даследаванні, таму мы можам гарантаваць яго бясшкоднасць для здароўя. Кожны добраахвотнік атрымлівае за ўдзел у даследаванні выплату ў памеры [нядрэнная сума].

Усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць бясшкоднасць прэпарата, законнасць экспе­рымента і гарантыю выплаты згаданай сумы, прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку».

Маявер прачытаў гэтае паведамленне без асаблівага энтузіязму: нярэдка ў інтэрнэце прапануюць лёгкі заробак. Ён быў упэўнены, што гэта чарговы «развод», але яго форма была даволі незвычайнай. Маявер яшчэ раз уважліва перачытаў паведамленне. «Усе неабходныя дакументы прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку...» «Развод» насамрэч падаваўся Маяверу вельмі цікавым. Ён падумаў, што законнасць такой дзейнасці няцяжка праверыць, а ў выпадку чаго — можна звярнуцца куды трэба. Вырашыў адказаць жартам:

Маявер: «А пазначаная сума — з улікам ПДВ ці не?»

Даявед: «Пазначаная сума выдаецца Вам на рукі. Вам толькі трэба падпісаць паперу, што грошы Вы атрымалі (для справаздачы), ніякіх падаткаў з яе выплачваць не трэба.»

Сур'ёзны адказ зацікавіў Маявера, і ён вырашыў працягнуць перапіску ў такім жа сур'ёзным рэчышчы:

Маявер: «Калі ў вас ёсць усе дакументы, калі ўсё па законе, адкуль грошы? Як даўно дзяржава плаціць за ўдзел у такіх эксперыментах? І чаму Вы пішаце з асабовага акаўнта, а не ад імя кампаніі? І ўвогуле, з якой пары добраахвотнікаў шукаюць праз сацсеткі?»

Даявед: «Мы не дзяржаўная кампанія. У нас ёсць спонсар, які зацікаўлены ў распаўсюджванні прэпарата, грошы — ад яго. Але ніякіх супярэчнасцей няма: даследаванні такога фармату праходзяць строга па законе, гэта цалкам дазваляецца. Яшчэ раз падкрэслю: прэпарат ужо прайшоў даклінічныя і клінічныя выпрабаванні. Ён ужо зарэгістраваны, таму мы можам дакладна сказаць: ніякіх кепскіх наступстваў ад яго не будзе. Аднак для аптымізацыі ўжывання вытворца і спонсар зацікаўленыя ў далейшых выпрабаваннях. Пераканаўшыся ў тым, што прэпарат не шкодзіць здаровым людзям, мы можам праводзіць эксперыменты з вялікім колам добраахвотнікаў. Эксперыменты ўжо праходзяць адначасова ў некалькіх гарадах, таму супрацоўнікі накшталт мяне і выкарыстоўваюць розныя спосабы пошуку добраахвотнікаў, у тым ліку і сацыяльныя сеткі. Кантраляваць усё праз нейкі адзіны цэнтр немэтазгодна і нерэальна. Я адказаў на Вашыя пытанні?»

Маявер: «Можна на «ты». Раз эксперымент ужо праходзіць у розных гарадах з вялікай колькасцю добраахвотнікаў, і кожны атрымлівае пазначаную суму — адкуль столькі грошай?»

Даявед: «Прэпарат каштуе даволі дорага, яго рэалізацыя прыносіць неблагі даход. Увогуле, гэта ўнутраныя справы кампаніі, прабач. Дарэчы, да мяне можна таксама на «ты».

Маявер: «Яшчэ раз: вы бясплатна раздаяце добраахвотнікам «даволі дарагі», як ты кажаш, прэ­парат, а яшчэ даяце грошы «зверху»?

Даявед: «Я займаюся пошукам добраахвотнікаў, а не фінансавымі пытаннямі.»

Маявер: «Карацей, у чым падвох?»

Даявед: «Карацей, няма ніякага падвоху.

Добраахвотнікам можа стаць асоба, старэйшая за 18 гадоў, у якой няма сур'ёзных праблем з сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмай. Але ў любым выпадку мы заключаем дагавор і даем добраахвотніку пакет дакументаў з гарантыяй. Калі раптам што — ён можа прайсці медыцынскае абследаванне за наш кошт. Але яшчэ раз нагадаю: прэпарат прайшоў даклінічныя і клінічныя выпрабаванні, шкодных наступстваў не выяўлена.»

Маявер: «Дык а што хоць за прэпарат? Дарэчы, ты сам яго ўжываў?»

Даявед: «Для чысціні эксперымента мы не можам раскрыць добраахвотніку прынцып дзеяння прэпарата. Па гэтай жа прычыне я сам, як і іншыя супрацоўнікі, яго не ўжываў. Падрабязная інфармацыя будзе пасля эксперымента. Але павер, там няма нічога шакіруючага і прынцыпова новага».

Маявер: «Добра. А што, калі я дашлю скрыншот гэтай перапіскі ў кампетэнтныя органы?»

Даявед: «Ды калі ласка. Я ж кажу: у нас усё па законе. Ёсць усе дакументы. Я нават адразу магу адрас напісаць, каб тваім кампетэнтым органам было прасцей нас знайсці. Прыедуць, паперкі паглядзяць і паедуць».

Маявер усур'ёз задумаўся. Ён адчуваў, што нейкі падвох адназначна ёсць. Калі кампанія гато­ва ахвяраваць вялікія грошы — значыць, яна ўзамен атрымлівае нешта большае. Ды і чаму такая сакрэтнасць? Як увогуле можна прапаноўваць добраахвотнікам невядома што? Як людзі на гэта пагаджаюцца?