Курганчык аж рукамі развёў:
— Пфуй, ды што ж гэта такое?
А Усцінка пад акном слухае і глядзіць, а потым ужо адчыніла дзверы і другі скрутачак на стол паклала.
Балявалі да раніцы пад тое сала, Усцінка яго не пашкадавала, і Курганчык чым больш еў і выпіваў, усё часцей паўтараў:
— Пфуй, якая ж ты, аднак, Усцінка!.. — і круціў галавой з адабрэннем. I ягоныя вочкі масляна пазіралі на Усцінку.
Яна тады не правароніла свайго, як бы ненарокам кінула, што ад свайго спрацівелага Амерыканца з’ехала б і папрацавала б ў раёне.
Курганчык з тых быў, што прапускаць міма на сваім шляху не любіў, і ў хуткім часе Усцінка аказалася пераведзенай на работу ў раённую бальніцу, хаця не мела ніякай медыцынскай адукацыі.
Там яна кватаравала, раз у тыдзень, а то і радзей, наведвалася да свайго Амерыканца, каб узяць з сабой і таго ж сала, і каўбасы. Гадоў колькі доўжылася медыцынская кар’ера Усцінкі і чыстая работа, пакуль, нарэшце, жонка Курганчыка, мабыць, па нечыяй падказцы, не заспела Усцінку разам з мужам у ягоным кабінеце, на тапчанчыку.
Тады ў раённай бальніцы і адбылося непланавае скарачэнне штатаў, і Усцінка ў вёсцы тлумачыла сваё вяртанне: «Дзе ж мне раўняцца з тымі, у мяне ж дзіплома няма!»
Яе Амерыканец выказваў пра жонку іншую думку:
«Гэтая б… без дыплома любой і з дыпломам фору даець!»
Бурнае Усціньчына жыццё скончылася са смерцю Амерыканца. Хочаш не хочаш, а ўся гаспадарка, уся работа асталася на адны рукі, і тыя жаночыя. Ды і Марыя ўжо падрастала. I ўсю сваю ўвагу і энергію Усцінка пераключыла на дачку, бо той бог даў і прыгажосць і дастатак у доме.
Мар’я толькі вярнулася з паходу па магазінах, не ўспела паабедаць, калі ў дзверы пазванілі. Падышла, адчыніла і не паверыла сваім вачам: перад дзвярыма стаяла Усцінка.
У чорным капялюшыку, чорная спадніца, белая кофтачка. На нагах туфелькі, рыдыкюльчык. I губы падфарбаваны, і бровы таксама падведзены.
— Дзень добры, галубка мая! Пазнала мяне?
— Пазнала, як жа! Пазнала, — Мар’я вачам сваім не верыла. — Заходзьце ў хату.
Усцінка лёгка, як мышка, прашмыгнула ў прыхожую, зняла туфелькі, паклала на палічку свой рыдыкюльчык, азірнулася, дзе б узяць пантофлі. Мар’я дала старой даччыны пантофлі, запрасіла ў пакой.
— Вой, галубка мая, нахадзілася зранку, прысяду. Але была тут блізка, дай, думаю, зайду. Я ў Стараселлі нядаўна была. Мне там і сказалі, што ты Верцы памагаеш малую гадаваць. Марыя ж мая прыхварэла, а тут на вашай вуліцы доктар жыве, прафесар, з Астраўка. Я яго адрас дастала, прыехала. Трэба, каб паглядзеў ён маю Марыю.
— Адкуль жа вы яго ведаеце?
— Вой, мая галубка, дактароў жа ўсе ведаюць. А ён справядлівы чалавек. Нікому з землякоў не адмовіць, паможа, калі трэба, і ў бальніцу к сабе пакладзе.
Аднак Усцінцы не сядзелася:
— А кварціру ты Верцы добрую пастроіла. Тры пакоі?
— Тры. Пайшлі, пакажу, — прапанавала Мар’я, якая ўсё яшчэ не ведала, што рабіць і пра што гаварыць з Усцінкай. А тая адчувала сябе, як рыба ў вадзе, хуценька абгледзела кватэру, зазірнула на кухню.
— Вы ж не абедалі, цётка. Давайце паабедаем, — прапанавала Мар’я.
— Давай, мая галубка. На кухні яно і зручней неяк пасядзець і пагаварыць.
Усцінка ела нямнога, але паволі, не спяшалася, і Мар’я, якая згаладала, абагнала яе.
— У горадзе, мая галубка, многа есці цяжка. У горадзе чалавеку лёгкаму трэба быць. Усё на нагах і на нагах. Пачуць усяго — і карысна, і хапае. Гэта некалі ў дзярэўні, дык каб толькі сала кавалак ды хлеба, каб жывот напхаць. А цяпер другое дактары гавораць…
— Гэтых дактароў, цётка, не разбярэшся, — абазвалася Мар’я. — Гаварылі, што сала няможна, што сала шкоднае. А потым, як мяса не стала, дык гавораць, што наадварот, сала самы карысны прадукт, усё ў ім ёсць, усё гатовае, нават і жаваць не трэба.
— Яно, мая галубка, і дактароў трэба слухаць, але на ўсё свой розум мець. А ты ж як тут жывеш? Унучка ў садзік ходзіць?
— Ходзіць. Там з дзецьмі ёй цікавей і весялей.
— I чым жа ты занята?
— А ўсяго хапае. Пакуль у магазіны схажу, па горадзе праеду, дык і Леначку забіраць трэба ісці.
— Не, мая галубка, гэтак жа і надаесць скора. Я табе падкажу. Трэба тут падругу якую знайсці, па гадах тваіх. Дык і схадзіць разам можна ў кіно паглядзець, у цеатр… У горадзе многа куда схадзіць можна. Гэта я цяпер мала хаджу, гады не тыя, ногі баляць мае зусім. А так я і на танцы хадзіла. У парку танцы тут робяць. Тым, каму за трыццаць, — Усцінка чамусьці засмяялася. — Гэта я, мая галубка, таму смяюся, што толькі гавораць, што танцы тым, каму за трыццаць. А прыходзяць тыя, каму па пяцьдзесят і за пяцьдзесят. I кавалеры гэтаксама прыходзяць. А што ж ты думаеш, хто ўдаўцом астаўся, як без жанчыны дажываць? I жанкі гэтаксама…