— Дык а чаму ж вы нікога не знайшлі, цётка? — МарЧ не спадабалася пасміхоўванне старое.
— Праўду табе скажу, пабаялася. Прыб’ецца які п’яніца, да часу ў магілу ўтопча. Пабаялася. Адной лепш. Вот так схаджу, пагуляю… Калі праўда, дык там, знаеш, якія кавалеры? 3-пад горада пенсіянеры садзяцца на аўтобус і едуць. Дома старой гаворыць, што да дзяцей у госці, а самі сюды на танцулькі ходзяць! Дальбог, мая галубка!
Усцінка засмяялася.
— Раскажу табе, мая галубка, са мною было. Як пачаў жаніхацца адзін, адбою не стала. 3 выгляду яшчэ малажавы такі, валасы сівыя, поўны рот сваіх зубоў. Гаварыў, што настаўнік, з Крупак. Адзін жыве, дзеці тут у горадзе. Я ўжо была і задумалася. Надта ж спраўны быў, зараза! А раз бачу ў горадзе ён з бабкаю сваёй ідзе. Яна ў яго тоўстая, як гара, ледзьве плыве. I ўсё нешта яму талкуе. А я тут насустрач ды і кажу: «Дзень добры, Віця! Ты на танцы сёння прыйдзеш?» Каб ты бачыла, мая галубка, як ён крывёю наліўся, аж лопне твар, здалося. Ды як мацюкнецца на мяне, ідзі, калі здзяцінела, куды ідзеш!.. Пабаялася я, што кулаком гваздане, а то б сказала яго старой. Пасля таго на танцы не паказваўся. А ты, мая галубка, думаеш. У мяне ў нашым доме знаёмая ёсць, яна туды яшчэ ходзіць, я цябе звяду з ёю. Схадзі, паглядзі хоць пад старасць свету.
— Дзякуй, цётка, дзякуй!
Усцінка піла чай, пакрысе адкалуплівала чайнай лыжачкай торта.
— А як вы мяне знайшлі, цётка? — не вытрымала, папыталася Мар’я.
— А незнарок, мая галубка. У суседкі мае дачка разам з тваёй Веркай працуе. Неяк зайшла гаворка ў іх у хаце. Пачула я, што са Стараселля. Пытаюся, з якога. Як прозвішча. А як была ў вёсцы, папыталася, як твая Верка па мужу пішацца. А тады ўжо папрасіла дачку суседчыну, каб яна ў Веркі твае адрас папыталася. Яна і папыталася. Верка і дала адрас. Але выбрацца ўсё не магла. Гэта што да доктара ехаць, дык я і ўспомніла пра цябе, і пра твой адрас…
Усцінка расседзелася, спяшаць ёй нікуды не трэба было, і яна гатова была расказваць Мар’і пра ўсіх вяскоўцаў, якія жывуць у горадзе. Яна аднекуль ведала, хто і як жыве, хто развёўся, у каго колькі дзяцей, чые дзеці ўжо пажаніліся, у каго муж п’яніца, у каго жонка гуляшчая…
Мар’і пара было ісці ў садзік забіраць Ленку, і таму яна перапыніла старую:
— Вой, цётка Усціна, па Ленку ісці мне трэба.
— Вот час бяжыць, як вада!
Усцінка паглядзела на свой гадзіннічак на руцэ і хуценька затупала ў прыхожую, абула туфелькі, надзела капялюшык, зазірнула ў трумо, узяла рыдыкюльчык, дастала памаду і лёгенька падмазала губы.
— Пайшлі, я правяду, цябе ды і пайду ўжо на аўтобус. Заеду да Марыі, скажу, на калі з прафесарам дагаварылася.
Усцінка схадзіла разам з Мар’яй да садзіка, пахваліла Леначку, якая яна прыгожая, і на развітанне папрасіла ў Мар’і нумар тэлефона.
— Ведаеш, мая галубка, у жызні ўсякае бывае. Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам… Можа, і табе што спатрэбіцца, то і ты мне пазвані.
Усцінка дастала з рыдыкюльчыка маленькую кніжачку і ручку, запісала туды нумар тэлефона, а на прабітым аўтобусным талоне напісала нумар свайго тэлефона і дала Мар’і.
— Дзякуй табе за пачастунак, галубка мая. Верачцы прывет перадай. А ты, Леначка, здарова расці.— I Усцінка лёгкім крокам патупала па тратуары.
А Мар’я павяла ў двор Леначку. Там ужо збіраліся жанчыны. I ні з таго ні з сяго раптам падумала, а хто ж з іх ходзіць на тыя танцы? I засмяялася з самое сябе. Танцы гэта ўжо справа такая. А вось сабаку купіць усё ж трэба. Яна ўжо не першы раз думала пра гэта, але пакуль што не адважвалася сказаць Веры. Калі добры сабака ў хаце, то гэта і варта. Цяпер, калі ў горадзе лазяць у кватэры і сярод белага дня, сабака патрэбен. Яна нават ужо была і на базар раз з’ездзіла, на той, дзе прадаюць жыўнасць. I калі думала пра сабаку, то чамусьці бачылася, як будзе прагульваць яго там, дзе выгульвае сваю аўчарку і генерал. Вось з-за гэтага і не адважвалася загаварыць пра тое, каб купіць сабаку.
Ужо вечарам у хаце, калі вярнулася дадому Вера, Леначка сустрэла яе радасным паведамленнем:
— Мама, мамачка, к нам сёння жывая Шапакляк прыходзіла!