Выбрать главу

— Хто гэта «мы», пакаленне? Але ж i шмат вы на сябе бераце! — ён, здаецца, крыху разнерваваўся ці, можа, развесяліўся.— Як жа вы сабе гэта ўяўляеце, вайну? Ну, хоць бы скуль, па-вашаму, яна бярэцца?

Пісьменнік устаў, i мне здалося, што на далёкай станцыі нехта рэзка тузануў рынду. Мяне ўсё адно як панесла:

— А гэта ад безвыходнасці. Ад безнадзейнасці. Гэта яшчэ Эклезіяст казаў, што няма нічога новага пад сонцам. I ягоныя словы спраўдзіліся. Да трыццаць трэцяга года людзі сапраўды ўсяго зведалі і паспрабавалі. Усё практычна, ці тэарэтычна, ці гіпатэтычна вынайшлі. Нічога новага не свяціла. Гэтаксама адбываецца з чалавекам, калі ён трапляе ў стан поўнае бесперспектыўнасці i бачыць адзінае для сябе выйсце ў самагубстве. Вядома, усярэдзіне ў такога чалавека заўсёды кволіцца нейкі сумлеў. Можа быць, нават нейкая надзея. Тое самае i з цэлым людствам. У апошнюю вайну тым сумлевам для яго стаў аптымізм вашага пакалення. У маштабах свету гэты рэвалюдыйны аптымізм i перамог безвыходнасць. Дый безвыходнасць не мела тады дастатковага арсеналу знішчэння.

Я пачынаў ужо барабаніць, як на іспыце, абы толькі ўкласціся ў адведзены ягонай паблажлівасцю рэгламент. З прыкрасцю я слухаў уласны голас, які ішоў з-за сцяны, не могучы ані выправіць, ані нават прыпыніць яго...

— Нарэшце сёння мізарнее i той сумлеў самагубцы. Бо вы не ўмееце ў поўнай меры перадаць нам свайго аптымізму i свайго ваеннага вопыту. З іншага боку, цяпер ужо больш чым дастаткова бомбаў.

Я памкнуўся быў запярэчыць. Пра маршы міру, пра тое, што бомба была ўжо ў сорак пятым,— але голас мой, падобны цяпер да вуркатання, не прайшоў праз сцяну i зліўся з мерным тахканнем далекага цягніка.

/«Мяне непрыемна крануў гэты «наш» даваенны аптымізм. Можа таму, што кожнае маладое пакаленне схільнае ўсё вымяраць сабою як ідэалам, а значыцца, i пра аптымізм гэты яны не могуць казаць без іроніі. Праўда, я не думаю, што быў тады большы аптыміст, чым яны зараз. I ўсё адно непрыемна»./

Атрымалася невялікая пярэрва. Пісьменнік, здаецца, нават абурыўся трохі:

— Аднак тэорыя! Ды ў вас рукі ў сопаце. Вы мажацеся!.. Нічога новага! Падумайце лепш, што нічога ў свеце не паўтараецца, нішто не аднолькавае, гэта значыць новае. Кожнага разу новае.

— Толькі без адкрыццяў, без знаходак. Так, адна драбяза.— Цяпер я адчуў, што ўжо не толькі голас, але й думкі мае за сцяной.— I вы хочаце, каб мы гэтым жылі? Расшчапілі яшчэ на што-небудзь якія-небудзь пратонні i чакалі, як здзяйснення ўсіх мар, прыходу чарговае вясны?..

— Дык вы ж пішаце. Вось вам — творчасць: кнігі, музыка, фарбы... Шукайце.

Пісьменнік канчаткова забраўся на свой парнас i цяпер кідаўся адтуль яблыкамі. Чамусьці менавіта яблыкам.

— Кнігі ўсе напісаны, падлічаны ўсе сюжэты. Вы гэта ведаеце лепш за мяне. Нам застаецца толькі мяняць месцамі вашыя словы. Музыка з грукатам правалілася ў электроніку. Джаконда, яна стала белым квадратам на чорным фоне. Усе.

— Ну, тады бярыце спадчыну, жывіцеся ею, у ей шукайце новае.— Падобна, што ен ужо проста таргаваўся. Каб адчапіцца, ці што? Як на рынку: купляйце гурочкі. Не хочаце? Тады, калі ласка, дулі. Не? Ага, вось бярыце спадчыну.

— Прапануеце ўсе жыцце хадзіць у абносках?

— А што вы скажаце наконт моцных пачуццяў: каханне, нянавісць, прыгожае, агіднае?

— Гэтага хапае. Толькі ўсё яно ў кнігах ды ў кіно. У тэлевізары, ад якога боязна адвярнуцца...

Ён маўчаў, а я стаяў захоплены i напалоханы лагічнасцю сваіх высноваў. Я ніяк не хацеў згаджацца з тым маім голасам, які гучаў з-за сцяны. Бо той голас ставіў проста ў тупік. I тады я штомоцы крыкнуў:

— Дык што ж выйсце?

/«Такая ўжо няўдзячная гэта справа — разважаць пра лес сусвету... Здольны ен ці не, але пісьменнікам яму не стаць. Гэта я адразу зразумеў, прачытаўшы ягоны абразок... A калі б не зразумеў, я параіў бы яму не чапаць гэтага. Няхай яно будзе ў падтэксце. Там павінна быць тое, што цябе хвалюе. А тут, зверху,— тое, што ты добра ведаеш. I не наадварот. Ну, вось i чаканая выснова. Як заўсёды прапісная i цалкам слушная. Аднак...»/

— Вы, бачу, заблыталіся, таварыш Эклезіяст. А выйсце, між іншым, у тым, каб не шукаць выйсця для ўсіх. Па-першае, усе — гэта тое самае, што й ніхто. Па-другое, я думаю, не кожны мае патрэбу ў вашым выйсці. Магчыма, не час для праметэяў... Шукайце свае. I, можа быць, іншым дапамагайце знаходзіць. Кожнаму — свае. Новае — у сабе...