Выбрать главу

— Не маю ўяўлення, але ўпэўнены, што якая-небудзь мегера.

Затое сярод маладых прыжылося меркаванне панны Лятасікуўны:

— Відаць, істэрычка, і да таго ж векавуха.

У гэтых умовах значным адкрыццём, якое ў пэўнай ступені супярэчыла агульнаму меркаванню, была навіна, здабытая ў аддзеле кадраў Міністэрства юстыцыі:

— Аліцыі Горн дваццаць восем гадоў.

У патоку чутак трапляліся самыя разнастайныя. Гаварылі пра каласальныя сувязі Аліцыі Горн у найвышэйшых урадавых колах, пра тое, што сам міністр закаханы ў яе, што нават у іх ёсць агульнае дзіця, што яна не жанчына, а гермафрадыт і нават кожны дзень голіцца, бо ў яе растуць вусы і барада. Суддзя Пшчулкоўскі чуў ад кагосьці, што гэта псіхічна ненармальная, нешта паміж садысткай і вампіркай, затое адвакат Камёнка лічыў, што ў гэтым прызначэнні ёсць «штосьці».

У чым гэтае «штосьці» павінна было заключацца, сам адвакат не здолеў растлумачыць.

Так працягвалася да чацвярга, да дзевяці ранку, калі ў прыёмнай пракурора Мартыновіча з’явілася высокая, элегантна апранутая жанчына і сказала судоваму служку:

— Далажыце, калі ласка, пра мяне пракурору. Аліцыя Горн.

За пяць хвілін гарачая навіна даляцела да ўсіх кантор будынка:

— Прыйшла! Яна маладая і вельмі прыгожая.

— Можна лопнуць ад смеху! Баба-пракурор!

— Брунетка? Яўна яўрэйка?

— Юзэф кажа, што не падобная да яўрэйкі і што яна бландзінка.

А ў гэты час пракурор Мартыновіч паклікаў у свой кабінет абодвух віцэ-пракурораў і ўсіх падпракурораў.

— Дазвольце, панове, — суха звярнуўся ён, указваючы на маладую жанчыну, якая стаяла каля пракурора, — прадставіць вам новую калегу, падпракурора Аліцыю Горн.

Затым было наццаць поціскаў доўгай прыгожай рукі пад акампанемент прамармытаных прозвішчаў.

— Спадарыня Горн, — звярнуўся пракурор Мартыновіч, — прыме справы падпракурора Карчыньскага, якога перавялі ў Львоў. Настойліва і рашуча прашу вас спрыяць працы новага члена пракуратуры. Да маіх вушэй дайшло, што факт прызначэння жанчыны выклікаў тут недарэчную сенсацыю і бязглуздую балбатню, чаго я не цярплю і не сцярплю. Я чакаю ад вас, калегі, рашучага супраціўлення гэтым настроям і веру, што дзякуючы такту і пачуццю абавязку, з гэтай хвіліны зноў запануе парадак. Дзякуй усім!

За хвіліну кабінет апусцеў.

— Ці магу я зараз пачаць працаваць? — спытала Аліцыя Горн.

— Безумоўна. Вы знойдзеце ўсё ў поўным парадку. Карчыньскі быў адным з самых акуратных маіх падначаленых. Акрамя таго, стажор, пан Мадронь, падрабязна азнаёміць вас з пачатымі справамі.

Аліцыя Горн устала.

— Такім чынам…

— І яшчэ, — затрымаў яе пракурор Мартыновіч.

— Слухаю, пан пракурор.

— Вось што, пані… Не ведаю, як гэта сказаць… Хм… Вы жанчына і жанчына… прывабная. Я не пацярплю, калі гэта як-небудзь пашкодзіць працы калег супрацьлеглага полу!.. Я лічу, што вы павінны трымаць іх на пэўнай дыстанцыі. Разумееце, пра што я кажу?

— Разумею, пан пракурор, — усміхнулася Аліцыя, паказваючы ў прыадкрытых поўных вуснах два рады асляпляльна белых зубоў.

Мартыновіч паглядзеў на яе з-пад акуляраў і пачаў перагортваць нейкія паперы на стале:

— Хм… Так… Добра. І… гэта… і не трэба ўсміхацца. Такім чынам, пан Мадронь, — ён націснуў на гузік званка, — пазнаёміць вас з тутэйшымі парадкамі.

Зайшоў служка і знік, атрымаўшы загад запрасіць пана Мадроня.

— Пан пракурор, — звярнулася Аліцыя, — я ўпэўнена, што не дам вам нагод для незадаволенасці маёй прысутнасцю тут. Я хачу працаваць і бачу ў прафесіі грамадскага абвінаваўцы высокае прызначэнне, я цалкам усведамляю, што як першая жанчына ў гэтай ролі, тым больш павінна дбаць пра павагу да яе.

— Тым лепей, — падтакнуў Мартыновіч, — што мы вельмі добра зразумелі адно аднаго.

З’явіўся стажор Мадронь, прадставіўся сарамліва і амаль не гледзячы на Аліцыю, бо не адважваўся адарваць вочы ад вуснаў пракурора. Пасля кожнай фразы яго распараджэння ён аўтаматычна паўтараў «так, пан пракурор» і толькі пачуўшы рэзкае «ну?!», зразумеў, у чым справа.

Стажор праводзіў Аліцыю да яе кабінета і, не маючы магчымасці пазбавіцца ад пакутлівага і (ён адчуваў гэта) сарамлівага хвалявання, перарывістым голасам даваў прафесійныя тлумачэнні. Вымаў стосы актаў, указальнікі, ноты, календары і гаварыў бесперапынку.

Толькі калі яна пачала задаваць яму кароткія, слушныя пытанні, у стажора крыху адлегла і ён употай прыгледзеўся да яе нахіленай над паперамі галавы. Аднак калі яна падымала на яго свае палаючыя чорныя вочы, ён адразу ж рэціраваўся.