Выбрать главу

— Дзякую пану! — сказала падпракурор пасля знаёмства з усім. — Калі я буду вымушана яшчэ пана патурбаваць, я знайду вас у канцылярыі, так?

— Так, калі ласка, пані. Маё шанаванне!

Аліцыя засталася адна.

Гэта быў невялікі пакой з адным акном, якое выходзіла на старую сцяну. Попельная афарбоўка сцен і жоўтая мэбля, якая складалася з шафы, пісьмовага стала, століка для машынкі і некалькіх крэслаў, стваралі ўражанне афіцыйнай сухасці і суровасці.

Падпракурор павольна зняла футра і маленькі чорны капялюш, выняла з сумкі асадку і села за стол.

У яе не было такіх моцных адчуванняў, якіх яна спачатку чакала. Наадварот, цяпер яна была больш упэўненая ў сабе, чым звычайна. Аліцыя ведала, што справіцца не горш за іншых. Да таго ж, яна была падрыхтаваная значна лепш за многіх калег. Ва ўніверсітэце яе лічылі фенаменальна здольнай, права яна ведала выдатна, паглынула сотні прафесійных спраў, а дзякуючы дасканалай памяці займела сабе ў лодзінскім акруговым судзе, дзе праходзіла практыку, мянушку Энцыклапедыя Права.

У значнай ступені гэтаму паспрыяла яе нястомная прага азнаямлення з усімі галінамі ведаў, што маюць хоць якое-небудзь дачыненне да юрыспрудэнцыі. Яшчэ ва ўніверсітэце Аліцыя адначасова вывучала хімію, псіхіятрыю, пазней у Парыжы ўдасканальвала свае веды, урэшце штудзіравала гісторыі вялікіх працэсаў і для развіцця навыку складала абвінаваўчыя акты так, як калі б яна была на месцы тых пракурораў.

З якой жа лёгкасцю яна выяўляла іх памылкі і няўважлівасць, у колькіх справах, дзе абвінавачаныя былі апраўданы, можна было даказаць іх віну!

Аліцыя ганарылася сваёй кемлівасцю, праніклівасцю і ўнутранай сілай, яна ведала, што можа не баяцца канкурэнцыі з боку мужчын. Як жа моцна яна імі пагарджала! Якое ж вялікае права мела іх ненавідзець!

Падпракурор пачала чытаць акты. Яны і праўда былі ў поўным парадку.

Першыя датычыліся нейкага дробнага крадзяжу і махлярства, другія забойства без ніякіх доказаў, трэція падробкі манет наміналам пяць злотых…

Аліцыя зірнула на гадзіннік. Было дзве гадзіны пятнаццаць хвілін. А палове трэцяй у яе была прызначана афіцыйная сустрэча ў старшыні суда.

Падпракурор паскладвала акты, замкнула шафу і пісьмовы стол і выйшла ў калідор.

Кабінет старшыні, як паведаміў ёй спатканы служка, знаходзіўся ў левым крыле будынка.

Ідучы па лесвіцы і па бясконца доўгіх калідорах, Аліцыя пастаянна сустракала службоўцаў, безліч іншых людзей і адразу заўважыла, што ўсе назіраюць за ёй з незвычайнай цікавасцю.

Аднак яна рабіла выгляд, што не заўважае гэтага.

Старшыня адразу ж прыняў яе. Яму было гадоў шэсцьдзясят, у яго быў мілы, прыемны твар.

Ён выйшаў насустрач Аліцыі і працягнуў руку:

— Мне вельмі прыемна з вамі пазнаёміцца! Я Турчыньскі.

— Горн, — адказала яна коратка.

— Прашу вас, пані, сядайце! — падсунуў ён ёй стул. — Я рады, што сфера юстыцыі набыла новага і такога таленавітага супрацоўніка.

— Пан старшыня вельмі ласкавы, — сказала дзеля прыстойнасці Аліцыя.

— Зусім не. Я чуў ад пана міністра столькі хвалы ў ваш адрас, столькі павагі…

Старшыня падаў Аліцыі скрынку з папяросамі.

— Дзякуй, пан старшыня, я не куру.

— Вы не курыце?

У голасе старшыні загучала такое шчырае здзіўленне, што яна запыталася:

— А чаму вам здалося, што я куру?

— Буду шчырым, калі вы дазволіце. Не трэба быць надта назіральным, каб заўважыць, што жанчыны, якія абіраюць для сябе мужчынскую прафесію, у асноўным стараюцца быць да іх падобнымі ў адзенні, ладзе жыцця. І згадзіцеся, што ад жанчыны, якая стала пракурорам, можна як мінімум чакаць, што яна будзе курыць, — скончыў ён жартаўліва.

— Слушна, пан старшыня, але роўна настолькі, наколькі жанчына — як бывае часцей за ўсё — выбірае сабе традыцыйна мужчынскую прафесію менавіта з мэтай быць падобнай да мужчыны.

— Такім чынам, вы?..

— Я ж думаю, што ў падобных адносінах такіх жанчын да гэтага пытання ёсць міжвольнае ўхваленне анахранізму, што толькі мужчына здольны быць самастойнай адзінкай. Яны гэтым самым схіляюць галовы перад перажыткам, з якім, на першы погляд, яны змагаюцца, а, ідучы ўслед за мужчынамі, проста становяцца пасмешышчам.

Старшыня ўважліва паглядзеў на Аліцыю:

— Вы мяне зацікавілі. Прызнацца, я першы раз сустракаюся з падобным пунктам погляду ў дзяўчыны, якая якраз… А вы не хочаце развіць сваё меркаванне?

— Гэта няцяжка, пан старшыня. Я думаю, што пытанне полу не можа адыгрываць ніякай ролі ў якой бы тое ні было прафесіі. Нават калі гаворка ідзе аб фізічнай працы, у народзе мільёны жанчын выдатна да яе прыстасаваныя.