— Сядзець тут ціха, — прыгразіла яна кулаком, — бо як вярнуся, то мала не падасца!..
Дзверцы замкнуліся з трэскам, які ўвянчаўся скрыпам засаўкі, і Юлька засталася адна. Хвіліну яна прыслухоўвалася. Агледзелася. У маленькім пакойчыку было толькі мініяцюрнае акенца ледзь не пад столлю, але замест шыб у яго былі ўстаўлены тоўстыя непразрыстыя шкляныя пліты. У куце стаяла кушэтка, абцягнутая пашарпанай цыратай, а побач, на падлозе, жалезнае вядро, ад якога смярдзела, і маленькі збанок з вадой.
Цяпер Юлька ведала, што трапіла ў рукі гандляроў жывым таварам. У момант яна прыгадала ўражальныя апісанні выкрадання маладых дзяўчат, якія ведала з кніг і газет. Іх выкрадаюць сілай ці падманам, так, як цяпер яе, б’юць, каб прымусіць падпарадкоўвацца, а потым гвалтуюць…
Юлька згадала, што тут жа на кухні знаходзіцца гэты лысы бандыт з брыдкім агідным тварам, і здрыганулася…
А потым прадаюць у публічныя дамы Паўднёвай Амерыкі або Кітая, як было ў адным фільме.
«Не, не, лепей смерць!..»
Яна знойдзе спосаб пазбавіцца жыцця, хоць сабе парве сукенку на палоскі і скруціць з іх шнур або заморыць сябе голадам… У любым выпадку яна будзе абараняцца з усіх сіл. Ох, пан Янэк. Каб яна толькі магла неяк даць яму знак, ён бы пэўна адшукаў яе і ўратаваў… Альбо… Аліцыя… Яна, праўда, ненавідзіць сваю выхаванку, але цяпер яна пракурорка, можа ўсё, і яна такая разумная, што, без сумнення, адразу ж здагадаецца, што адбылося…
Аднак больш упэўненая была Юлька, што пан Янэк першы яе адшукае. Якое шчасце, што ён цэлы! Бо, зразумела, усё гэта было прыдумана тымі злачынцамі, каб завабіць яе… Яны павінны былі даўно за ёй сачыць, паколькі ведалі пра тое, чым яе лягчэй за ўсё заманіць, і гэта тады, калі ён з’ехаў… Але ён, відаць, вернецца, як абяцаў, і, даведаўшыся пра яе знікненне, своечасова прыйдзе на дапамогу.
І гэтую жанчыну выратуе, яна, відаць, хацела нарадзіць дзіця, а яны ёй не дазволілі і прымусілі зрабіць аборт… О, пан Янэк!.. Ведаў бы ён, калі б толькі ён мог ведаць, але, можа, ніколі і не даведаецца, і труп Юлькі закапаюць дзе-небудзь у падвале…
Дзяўчына сядзела на кушэтцы і плакала.
Расхістаныя нервы, здавалася, трымцелі ўсе, надзея і роспач змянялі адна другую ў думках. Рукі яе падчас рыданняў спляліся на галаве, з якой ссунуўся капялюш…
Раптам Юлька ўскочыла. Яна выразна пачула скрыгат засаўкі, якую адчынялі.
У пакой увайшоў гэты лысы бандыт. У руках ён трымаў дымную газавую лямпу, у жоўтым святле якой яго пажадлівы твар здаваўся яшчэ больш агідным.
Ён паставіў лямпу на падлогу, выцер рукі аб штаны і засмяяўся:
— Такая прыгожая дзяўчына, а плача, хе, хе, як дзіця… А?
Бандыт зрабіў некалькі крокаў да яе, але яна адскочыла ў кут пакоя і крыкнула:
— Не набліжайцеся да мяне!
— А то што? Святошка ці як?.. — здзекліва сказаў ён і, не цырымонячыся, працянуў руку, каб узяць яе за падбародак.
— Прэч, прэч! — адапхнула яна яго з усіх сіл.
— Гляньце, якая гордая, — захіхікаў бандыт, — я не аматар такіх, можаце не баяцца… Так, ад добрага сэрца хацеў пашкадаваць…
Ён сеў на канапу і, выцягваючы з яе ніткі, пачаў гаварыць:
— Мне нават вас шкада, маладзенькая ж яшчэ, а неспадзяванка з кожнай можа здарыцца, каханне не пытаецца, хто ж там, кахаючыся, зважае на такія рэчы… А ў вас жа такая зграбная фігурка, што калі я хачу збавення, то лепей мне нічога не ведаць, а гэтая дрэнь дык якраз на такое ласая, каб на першым, на другім і не пазней, чым на пятым… Свіння ён, а нібыта вялікі пан і з адукацыяй. Так… А вы на мяне, як на ваўка, а мне вас шкада, калі б не швагерка, то я б вас адпусціў і ўсё… так я вам спачуваю…
Юлька нарэшце зразумела, што гэты чалавек зусім не такі злы, якім выглядае, і што зараз, калі гэтай страшнай жанчыны няма, ён яе можа выратаваць…
— Пане, пане, — залямантавала яна шэптам, — выпусціце мяне, выратуйце мяне…
— Ага… Трэба было адразу са мной так, а то вы на мяне, як сабака на ката, без палкі не падыходзь…
— Пане, — кінулася Юлька перад ім на калені, малю вас, выпусціце мяне! Я вам заплачу, добра заплачу…
— У вас ёсць бабкі? — зацікавіўся бандыт. — І шмат?
— У мяне няма, але за мяне заплацяць, у мяне толькі некалькі злотых…
Дзяўчына ліхаманкава адкрыла сумку і, высыпаўшы на далонь некалькі манет, працягнула яму, нібыта каб запэўніць, што яна гатова стрымаць абяцанне.
Бандыт узяў грошы, пералічыў і спрытна засыпаў іх сабе ў кішэнь, пасля чаго кіўнуў галавой:
— Так, мне вас шкада, але што калі вернецца швагерка, а вас не заспее, тады мне хана… Хіба… Каб хаця ведаць, за што я рызыкую, каб вы былі мой сват ці брат, а так што? За прыгожыя вочы?