— Мой знаёмы дасць вам шмат грошай…
— Што мне гэтыя грошы… Я не карыслівы. Каб вы былі якой маёй сваячкай альбо, скажам, каханкай. Дык я б рызыкнуў… Калі б вы добра папрасілі…
— Малю вас, малю, злітуйцеся нада мной! — працягнула дзяўчына да яго заламаныя рукі.
— Навошта вы да мяне кленчыце, я што святы? Вось, калі ласка, сядзьце тут ля мяне і пагаворым. Ну!
Ён пасадзіў дзяўчыну на канапу побач з сабой.
— Усё можна вырашыць, — паляпаў ён яе па спіне, — а тым больш з такой прыгожай дзяўчынай, хе… хе…
Яго рука ссунулася ніжэй і абняла яе ў поясе. Адначасова другая працягнулася да грудзей. Юльку агарнула непераадольная агіда. Яна рванулася з усіх сіл, але ён яе не пусціў і закрычаў:
— Ах, так, паненка?.. Я трымаць не буду, але з ратаваннем — баста.
Юлька апамяталася і зноў пачала плакаць:
— Выпусціце мяне… Яна зараз можа вярнуцца, і тады будзе надта позна… Выпус…
— Ша, — перарваў бандыт і, схіляючыся да яе вуха, сказаў: — Я вам па-добраму раю, зробім баш-на-баш. Я дапамагу вам уцячы, а вы мне за гэта па сваёй волі не будзеце супраціўляцца, толькі хутка, бо швагерка прыйдзе… Ну, давай, давай.
Яго рукі пачалі сквапна лапаць дзяўчыну, бліскучы ад поту і тлушчу твар наблізіўся да яе твару, яе абдало гнілое агіднае дыханне.
Дзяўчына неспадзявана моцна ўдарыла гвалтаўніка абодвума кулакамі ў твар і вырвалася, ад чаго яе сукенка ў той жа час разадралася ў некалькіх месцах.
Юлька скокнула да дзвярэй, як шалёная, мінула нішу і дасягнула збавіцельных, як яна меркавала, дзвярэй, якія вялі на лесвіцу.
Аднак яны былі замкнёныя на ключ і, відавочна, звонку, таму што праз шчыліну замка пранікала святло з лесвіцы, а яе крыўдзіцель, які павольна прыйшоў сюды за Юлькай, не толькі не хваляваўся, але нават ціха смяяўся. Затое, калі яна скокнула да акна ў жаданні клікаць на дапамогу, ён схапіў яе:
— Ша, халера, бач ты, якая разумная. Давай! Ну! Не рыпайся, бо я цябе так размалюю, што чорта з рагамі ўбачыш!
— Прэч ад мяне! — крычала задыханая ад высілкаў дзяўчына. — Не дакранайцеся да мяне!
Бандыт увапхнуў яе ў апошні пакойчык і, сам запыханы, засмяяўся:
— Я табе зараз тут пакажу «не дакранайцеся», ты, сука, так пакажу… што табе прысніцца. Ну, кладзіся, тваю маці, ужо, зараз!
Юлька ад роспачы, дрыжучы ўсім целам, схапіла збанок з вадой. У яе так трэсліся рукі, што вада расплёсквалася вакол. Яна будзе абараняцца да апошняга ўздыху ад гэтага злодзея, павінна абараняцца…
— Пастаў гэта, — гыркнуў крыўдзіцель і рушыў да яе.
— Дапамажыце, дапамажыце… — крыкнула дзяўчына і адначасова з усёй сілы ўдарыла яго збанком па нахіленай лысіне.
Раптам у дзвярах Юлька ўбачыла жанчыну ў кароткай кашулі, з-пад якой былі відаць тоўстыя чырвоныя ногі, яна ішла да іх, а на яе твары быў нейкі жахлівы выраз болю і злосці. У гэты ж момант крыўдзіцель адскочыў убок і нешта мільганула ў паветры, а жанчына захісталася і ледзь не ўпала.
Толькі цяпер Юлька ўбачыла ў яе руцэ доўгі кухонны нож. Ні слова не гаворачы, яна падала нож Юльцы. Сама, відаць, страціла сілы, таму што прысела і пачала стагнаць.
А між тым, бандыт флегматычна абтрасаў з адзення ваду, выціраў твар і лысіну хусткай і нешта мармытаў пад нос.
— Ну, рэж яго, с…, чаго ты чакаеш? — прамовіла ў стогне жанчына.
Бандыт вылаяўся і хацеў адступіць, калі да яго вушэй данёсся гук ад уваходных дзвярэй, якія адчынялі. Праз некалькі секунд з’явілася гаспадыня.
Адным позіркам яна ацаніла сітуацыю і закрычала:
— Што тут робіцца?
— Хацела ўцячы, — буркнуў лысы.
— Ён маніць, — крыкнула хворая і, не шкадуючы самых жудасных слоў, расказала ўсё. Яна яшчэ не скончыла, як баба кінулася на вінаватага і пачала малаціць яго кулакамі, акампануючы сабе вульгарнымі абразамі.
Лысы, праўда, ухіляўся ад удараў, але нават не спрабаваў абараняцца.
Праз пяць хвілін ён ужо дапамагаў сваёй крыўдзіцельцы перанесці хворую зноў на ложак.
Юлька з жахам, шырока раскрытымі вачыма назірала за гэтымі сцэнамі. Калі ж на момант яна засталася адна, як найхутчэй схавала нож пад парванай цыратай кушэткі.
З таго, што выкрыквала гаспадыня, б’ючы гэтага злодзея, Юлька зрабіла выснову, што яна для гэтай ведзьмы каштоўны аб’ект і што бандыту нельга яе чапаць, таму што інакш нейкі нехта за яе не дасць і гроша, а як нейкая «тая» даведаецца, то неба ў клетку… З усяго ясна было адно: яе прададуць, але тут ёй нічога не пагражае, асабліва ў прысутнасці гаспадыні.
Яна якраз увайшла і кінула на канапу рудую дзіравую коўдру.