— Не нясі лухты, Юлька.
Дзяўчына падміргнула Аліцыі і прамовіла наўмысна змоўніцкім тонам:
— Бедны доктарчык, ён жа лопне ад зайздрасці.
Чухноўскі кашлянуў і паправіў свае рагавыя акуляры: гэта вельмі красамоўна сведчыла пра яго заклапочанасць, што Юлька нават пашкадавала пра сваю злараднасць і папляскала яго па шчацэ.
— Ужо, відаць, можна выняць тэрмометр, — заўважыла Аліцыя, — я хачу ведаць, якая тэмпература, бо павінна паспець пераапрануцца да абеду.
— Трыццаць восем і два, — абвясціў доктар. — Вось вынікі вучобы па начах!
Ён дастаў з кішэні сваю трубку:
— Ну, паненка, здыміце, калі ласка, кашулю і сядзьце.
— Пачакай, — затрымала яе Аліцыя, — пакуль я выйду. У суседнім пакоі холадна, дык каб цябе не праняло.
Калі дзверы за ёй зачыніліся, Юлька сказала:
— Доктарчык, даражэнькі, вы на мяне не злуяцеся?
— Але ж за што? Ну, давайце, мая харошая!
Юлька села і сцягнула кашулю.
Яна зусім не выглядала на тып, схільны да сухотаў. Мяккі нахіл плячэй, правільная лінія шыі, дастаткова развітая грудная клетка. І ў рэшце рэшт дастаткова цягліцаў. Худзізна звычайная для сямнаццацігадовай дзяўчыны.
Доктар пачаў прастукваць грудную клетку. Два яго пальцы цаля за цаляй перасоўваліся па цёплай аксамітнай скуры, трэці стукаў у яе, як малаток. Гук быў чысты і поўны. Незнарок Чухноўскі крануў далонню дзявочыя грудзі. Юлька здрыганулася і зардзелася, а ён настолькі быў паглынуты даследаваннем, што не заўважыў гэтага.
Прастукаў спіну і ўзяў трубку:
— А цяпер паслухаем, што нам скажа стэтаскоп. Глыбокі ўдых… так… цяпер яшчэ… так… яшчэ… Ну, выдатна… А як там сэрцайка… Не дыхайце, калі ласка…
— Вольнае, — рассмяялася Юлька.
— Што?
— Сэрцайка!
— Не разумею! — доктар падняў галаву і паглядзеў на яе.
— Вы пыталіся, як там сэрцайка, дык я адказала, што вольнае.
— Ага! — засмяяўся Чухноўскі і толькі цяпер дацямкаў, што гэтая малая з ім какетнічае. — Важней тое, што лёгкія вольныя, — дадаў ён.
У Чухноўскага была настолькі збянтэжаная міна, што Юлька вырашыла яшчэ больш яго засаромець.
— Міленькі доктар! — зашчабятала яна, — скажыце мне, калі ласка, ці добра я складзеная?
— Ну, канечне, усё нармальна.
— Не, я не пра гэта. Пытаюся, ці прыгожая я?
— Э-э-э-э, я ў гэтым не разбіраюся. Адвярніцеся, калі ласка.
Доктар прыклаў трубку да Юльчынай спіны.
— Але ж у доктарчыка ёсць…
— Ціха! Дыхайце глыбока, калі ласка… яшчэ… так… удыхнуць паветра… добра…
Чухноўскі злажыў стэтаскоп і схаваў яго ў кішэнь.
— Я магу надзець кашулю? — спыталася Юлька з гуллівай усмешкай.
— Ну, можна. Пік хваробы ўжо прайшоў, але яшчэ не ўсё. Прашу вас, ляжце на жывоцік.
— О, доктарчык будзе мяне біць?
— Не пашкодзіла б, — буркнуў ён і падумаў, што Юлька сёння надта ж разняволеная.
Доктар адсунуў коўдру і, лёгка націскаючы на мышцы ў вобласці нырак, спытаў:
— Баліць?
— Не.
— А тут?
— Таксама не… — яе голас даносіўся з падушкі, да якой яна прыціснула твар. — Нідзе ў мяне не баліць! Вы хочаце мяне задушыць гэтай падушкай.
— Уладэк! — пачуўся з суседняга пакоя голас Аліцыі. — Ты скончыў?
— Зараз, хвілінку.
— Ну дык ідзі памый рукі. Абед на стале.
— Секундачку.
Юлька апранала кашулю і, змагаючыся з рукавамі, спыталася:
— Дык вы мне не скажаце, ці прыгожая ў мяне фігура?
— Скажу іншае, — раздражніўся доктар. — Дзяўчынка зробіць сік-сік і напоўніць гэтым бутэлечку. А я забяру на аналіз.
Юлька паказала яму язык.
— А, выдатна! — усцешыўся доктар гэтым доказам утаймавання свавольнай пацыенткі. — А ну-а ну, пакажыце язычок.
— Не пакажу!
— Ну, вы яшчэ не скончылі? І як? — стала на парозе Аліцыя.
— Парадак. Дзякуй богу, нічога не пагражае, звычайная прастуда і слабы грып. Я ўчора баяўся, што можа быць горш. Калі я не памыляюся…
— Добра, раскажаш мне за абедам. Цяпер ідзі мый рукі.
Калі Чухноўскі выйшаў, Аліцыя села на ложак Юлькі, а тая закінула ёй рукі на шыю:
— Аля! Ты не маеш уяўлення, што я ўчыніла!.. А ты не будзеш злавацца? Уяві сабе, я какетнічала з доктарам! У яго была такая смешная міна! Я спыталася ў яго, ці прыгожая ў мяне фігура… Ну, не смейся з мяне, Аля!..
— І што ён на гэта?
— Уяві сабе, сказаў: няхай дзяўчынка зробіць сік-сік для аналізу. За каго ён мяне прымае? Канечне, я паказала яму язык!
Аліцыя, смеючыся, прытуліла Юльку і шчыра яе пацалавала.
— Ты надта не выступай, мая харошая, бо ў цябе хутка падскочыць тэмпература, — сказала яна, устаючы.