Выбрать главу

Аліцыя цалавала яго рукі, у роспачы чаплялася за яго ногі, скавытала, як выгнаны сабака, клялася ў поўным паслушэнстве…

Дарма.

Яна прайграла… Цяжка паднялася з падлогі, у яе круцілася галава, калі, стоячы перад люстэркам, яна аўтаматычна надзявала капялюш. Вочы яе ўжо высахлі і гарэлі зараз небяспечным чорным полымем. Аліцыя акінула Друцкага позіркам, якога ён не мог вынесці, і выйшла, не развітаўшыся ні словам.

У гэты момант абое ведалі, што яшчэ не заплачана па ўсіх рахунках, што дарогі іх яшчэ павінны перасекчыся.

Друцкі быў настолькі шчыры з самім сабой, што не стараўся ўнушыць сабе абыякавасць да гэтага непазбежнага перакрыжавання. Ён чакаў помсты, ён асцерагаўся яе, але ж не баяўся. У любым выпадку варта было быць асцярожным і таму, што пасля белавежскай вылазкі трэба было лічыцца з пагрозамі людзей, якія ўмелі спраўляцца з праціўнікамі.

Ён цяпер пастаянна насіў зброю і звяртаў пільную ўвагу на ўсё, што адбывалася вакол яго, і ў «Аргенціне», і на вуліцы. Дзякуючы гэтаму на працягу некалькіх дзён ён заўважыў Аліцыю ў варотах насупраць, раз перад выездам з праспекта Шуха і раз у таксі, што стаяла перад «Аргенцінай». Аднойчы пасля абеду Друцкі даведаўся ад Зоські, што нейкія два падазроныя тыпы выпытвалі яе бацьку пра яго. Вартавы наўмысна даў ім ілжывую інфармацыю, бо — як казала Зоська — гэтыя, вядома, бандыты. Друцкі таксама не сумняваўся, тым больш што на наступны дзень нехта падпаліў таварныя склады Залкінда ля чыгуначнай веткі.

Ён якраз збіраўся ехаць на Наваліп’е, каб абмеркаваць справу, калі пазваніў Бруніцкі.

Ён вярнуўся з Закапанэ, куды ездзіў наведаць сына. Караль вельмі хацеў бы пабачыцца з Друцкім, і калі ў яго няма лепшых планаў, то няхай бы ён дазволіў запрасіць яго на абед.

У Друцкага не толькі не было лепшых планаў, а ён вельмі ўзрадаваўся. Цяпер ужо не было сумнення, што іх сяброўства пасля столькіх гадоў было на шляху да поўнага аднаўлення.

У Друцкага ў свеце было шмат сяброў. Пра яго нават казалі, што яму страшэнна шанцуе на людзей, аднак ніводная з гэтых прыязнасцей не была для яго настолькі важнай, як прыязнасць да Караля Бруніцкага, гісторыя якой пачалася тады, калі абодва пад стол пешшу хадзілі.

Багдан чакаў Залкінда, размаўляючы з Любай. Яна вярнулася з Канстанціна загарэлая, як цыганка, і страшна маркотная. Таму яна адразу ж заняла наступальную пазіцыю, шукаючы любую нагоду, каб прытуліцца да яго або пацерціся з хітрай кашэчай пачуццёвасцю. Ёй у дэталях расказалі пра гісторыю кантракта, аднак яна зусім не ведала пра небяспеку, якая пагражала Барысу і капітану. Калі вярнуўся Залкінд, яна была вельмі заінтрыгаваная, чаму яны замкнуліся, просячы яе, каб пакінула іх на чвэрць гадзіны сам-насам.

Нарада даўжэй і не зацягнулася. Паколькі немагчыма было ўмешваць у гэтую аферу паліцыю, якую б не задаволіла павярхоўная інфармацыя і яна б захацела ўсунуць нос у справу цалкам, сябры павінны былі самі знайсці сродкі абароны. Друцкі як чалавек адзінокі і не ўласнік ніякай маёмасці, якая магла б стаць прадметам атакі з боку Фаерсонаў, запэўніў Залкінда, што ахова яму зусім не патрэбная. Затое Барысу раіў перадусім забараніць Любе і дзіцяці выходзіць з дому, у вітальні паставіць пару ахоўнікаў, ну і арганізаваць разведку, каб высачыць тых, хто нападаў, і ўзяць іх на мушку.

— Гэта не складана, — сказаў Залкінд. — У мяне тут ёсць сястра, якая на Цеплай трымае начны бізнес з дзяўчынкамі. Такая вось справа, нават нядрэнна ідзе. Дык вось у яе ёсць свае людзі, вы разумееце, у гэтай прафесіі, у яе павінны быць адпаведныя людзі. Так што, усё атрымаецца. Мяне турбуюць толькі дзве рэчы: Любе трэба будзе сказаць, і яна спужаецца…

— Хай лепей спужаецца, чым штосьці іншае. Ужо забылася Чыкага?

— А па-другое, што вы застаяцеся без абароны. Яны як убачаць, што тут усё абстаўлена, а у вас не…

— …ну дык панюхаюць, чым пахне мая табака, — скончыў Друцкі.

— Дай божа, каб вашы словы абярнуліся ў золата.

Залкінд паклікаў Любу, і Друцкі растлумачыў ёй сітуацыю. Яна не прыняла ўсё блізка да сэрца. Толькі пажадала, каб дома ёй пакінулі рэвальвер. Зразумела, муж пагадзіўся з гэтым і, больш за тое, абяцаў, што будзе старацца як мага менш выходзіць з дому.

Праз паўгадзіны Друцкі ўжо быў на Дэмбовай. Прафесар павітаўся з ім з ранейшай шчырасцю, і яны адразу селі абедаць.

— А дзе доктар Кунокі? — пацікавіўся Друцкі.