— Паехаў на тры дні ў Швейцарыю, — пацёр рукі Бруніцкі з такім выразам твару, нібыта праз момант ён раскажа нешта нечувана важнае.
— Ну? — з усмешкай спытаўся Друцкі.
— Хутка ўжо мы абвесцім свету, Багдане, сенсацыйныя вынікі нашых даследаванняў і адкрыццяў, да якіх і ты спрычыніўся!
— О? Вы і гэта абвесціце?
— Не жартуй, Багдане. Тое, што мы хутка абвесцім у парыжскай Сарбоне, паставіць пад сумненне асновы традыцыйнай навукі пра чалавека, яго псіхіку, і фізіялогію, і марфалогію, цалкам зменіць погляд на сутнасць самой з’явы жыцця і нават паўплывае на мадыфікацыю многіх паняццяў у фізіцы, хіміі, гісторыі, антрапалогіі, сацыялогіі… Ну, бачыш… Падумай толькі!
— Разумею, Караль. Але як вы дасце справаздачу пасля вашых вопытаў, яны ж забаронены законам?
— Гэтага я яшчэ не ведаю. Гэта, зрэшты, няважна. У параўнанні з маштабам саміх адкрыццяў пытанне нашай асабістай бяспекі выглядае проста смешна. Аднак падумаем пра гэта. Можа, некаторыя часткі нашай справаздачы мы абмяркуем на тайным пасяджэнні. Цяпер скончым нашу падрыхтоўку… Кунокі якраз прывязе пэўныя неабходныя даныя пасля найноўшых назіранняў аднаго з маладых швейцарскіх біёлагаў. Набліжаецца вялікі дзень, дарагі Багдане!
— Віншую цябе, Караль, а скажы мне, што ты, чорт, зробіш са сваім «трусятнікам»?
— Ах, менавіта! Даруй, што і на гэты раз я не запрасіў цябе цалкам бескарысліва. Ведаеш, для канчатковага выніку не хапае нам яшчэ праверкі на новым аб’екце сакраторнай рэакцыі задняй долі гіпофіза на ўвядзенне ў кроў на раннім этапе цяжарнасці злучэнняў брому, што амаль напэўна павінна ўплываць на павелічэнне жоўтых цел, ці на лепшае працяканне цяжарнасці. У той жа час трэба абавязкова паўтарыць вопыт з бікарбанатам натрыю. Гэта павінна быць зроблена неадкладна. Ты сам прызнаеш маю праўду, калі я табе скажу, што гармон Эванса, які выпрацоўвае пярэдняя доля гіпофіза, не толькі ўплывае на рэгуляцыю росту плода, але і пад уздзеяннем гарманальных сакрэтаў міждольнага шэрага рэчыва прадвызначае пол дзіцяці. Дык вось, увядзенне ў арганізм маці бікарбанату натрыю павялічвае актыўнасць шэрага рэчыва, гарантуючы без найменшага сумнення мужчынскі пол будучаму дзіцяці, і пацвердзіць гэта назіранне за лютэінізацыяй ужо на шостым тыдні цяжарнасці.
— Хвілінку, хвілінку, а што ж такое лютэінізацыя?
— Якраз выдзяленне жоўтых цельцаў, якія спрыяюць нармальнаму працяканню цяжарнасці. Зрэшты, гэта не твае справы. Хопіць таго, што я хацеў цябе прасіць пра… новага «трусіка»…
Друцкі страшна скрывіўся, а прафесар узяў яго за руку:
— Я вельмі прабачаюся за маю навязлівасць, але ты адзіная мая надзея. Я пазнаёміўся з адной вельмі непрыемнай і нечаканай прафесіяй. Уяві сабе, што, не хочучы больш злоўжываць тваёй дабрынёй, я здабыў патрэбны аб’ект даўняй дарогай, праз адну з нелегальных акушэрак. Маладзенькая, інтэлігентная дзяўчына, правільна складзеная і развітая, словам, здавалася б, выдатны аб’ект. У той жа час ужо пры пачатковым аглядзе Кунокі сцвярджае — не паверыш — цнатлівасць! Я правяраю. Без сумнення, плява не парушаная. Паколькі бываюць нават і такія апладненні, мы праводзім дэталёвыя даследаванні на ўтрыманне гармонаў пад назвай праланы ў мачы. Гэта найлепшы і надзейны метад выяўлення цяжарнасці на ранняй стадыі. Дык вось, мы страцілі дзесяць маладых мышэй — і нічога. Пацыентка — стапрацэнтная дзяўчына. Проста акушэрка падманула. Такім чынам, я аказаўся без патрэбнага аб’екта і ты мая адзіная надзея.
— А што ты зробіш з гэтай дзяўчынай?
— З дзяўчынай? — прафесар не стрымаў смех. — Ах, Багдане, ты ніколі не адвыкнеш ад погляду на свет праз прызму твайго полу! Хм… Я яшчэ не ведаю, што зраблю з ёй. У любым выпадку я не магу яе адпусціць яшчэ і таму, што бедалажка хворая. Яна, відаць, перажыла моцны псіхічны стрэс. У дадатак, гэтая баба дала ёй такую порцыю настою з cannabis indica, ці з індыйскіх канопляў…
— Гэта з іх робяць гашыш?
— Так. Але акушэрка, якая не ўмее дазіраваць, дала гэтай малой столькі настою, што як мінімум толькі праз тыдзень я змагу прывесці яе арганізм у парадак. Словам, мне ад гэтага не толькі ніякай выгады, а яшчэ і шмат клопатаў, а я проста па вушы заняты падрыхтоўкай да паездкі ў Сарбону.
Друцкі згадзіўся. Ён абяцаў, што пастараецца ў найбліжэйшыя дні знайсці нешта адпаведнае. Ён успомніў, што Зоська згадвала яму пра нейкую дзяўчыну, якая жыве ў Грохуве і прасіла маці Зоські параіць, як пазбавіцца ад цяжарнасці.
Прасядзеў Друцкі ў Бруніцкага да вечара за размовамі пра панну Лэнску і Пятра. Да панны Лэнскай, на жаль, ужо не вернецца голас, яна, праўда, пачынае гаварыць, але пра спевы не можа быць і размовы. Яна навучылася пісаць на машынцы і выстуквае цэлымі днямі на «раялі» справаздачы Бруніцкага, які, дарэчы, мог паверыць толькі некаму абсалютна дастойнаму даверу. З яе будзе добрая супрацоўніца, тым больш што выявілася яе шчырая зацікаўленасць у навуцы і яна ходзіць на заняткі па медыцыне.