— Можа, яна больш, чым супрацоўніца? — па-сяброўску спытаўся Друцкі.
Прафесар усміхнуўся і пачаў гаварыць пра Пятра. Яго ўжо не чапляла падабенства сына да Друцкага. Наадварот, ён сам пачаў адшукваць розныя супадзенні ў іх характарах і густах і не мог выказаць словамі захапленне хлопцам.
У «Аргенціне» было ўжо шмат публікі, калі Друцкі з’явіўся ў зале і, як звычайна, пачаў вітацца з гасцямі. Перад трэцяй гадзінай ён выйшаў праз службовыя дзверы, дзякуючы чаму мог заўважыць амбала, які хаваўся ў нішы варот насупраць, а трое стаялі паводдаль і падавалі таму нейкія знакі. Уся іх увага была скіраваная на аўто Друцкага, якое стаяла перад галоўным выхадам. Дурні!
Друцкі перад самым іх носам сеў у таксі і праз пяць хвілін быў ужо дома.
Раздзел 26
— Во, паглядзіце, — сказала Зоська, падаючы Друцкаму нейкі нямецкі ілюстраваны штотыднёвік, — як гэта пані на фатаграфіі падобная да той, што да вас сюды прыходзіла. Гэты часопіс прыходзіць да адной сям’і з трэцяга паверха, што зараз сядзіць на лецішчы. Я ўчора там праветрывала і якраз паштальён аддаў.
Друцкі шырока адкрыў вочы. Перад ім была выява Аліцыі, а подпіс абвяшчаў: «Зорка польскага правасуддзя падпракурор Аліцыя Горн прыме паўнамоцтвы кіраўніка пракуратуры Варшаўскага акруговага суда, замяшчаючы выйшаўшага ў адпачынак пракурора Мартыновіча. Гэта новае пацвярджэнне аксіёмы, што жанчына ў любой прафесіі можа з поспехам канкурыраваць з мужчынам і самога яго прымусіць прызнаць яе перавагу над многімі супернікамі супрацьлеглага полу…»
Друцкі адклаў часопіс. Яму прыйшло ў галаву, што Аліцыя павінна быць вельмі рада свайму кар’ернаму росту і з цягам часу, напэўна, увогуле забудзецца пра яго і пра сваё каханне, якое яна сёння яшчэ лічыць вечным. З часу іх апошняга разрыву яна тэлефанавала яму адзін раз пад маркай просьбы, каб знішчыў усе яе лісты (хоць ведала, што ён даўно ўжо гэта зрабіў) і напісала яму вельмі доўгі ліст, у якім паўтараліся ўсе клятвы і абяцанні з мальбой выдзеліць ёй хоць крыху часу, які ён траціць на першых найпрыгажэйшых са спатканых жанчын… Ён не адказаў, а праз некалькі дзён атрымаў новы ліст, у якім быў толькі адзін сказ: «Памятай, што я не ўмею прабачаць».
Ён ведаў пра гэта, але зараз быў заняты справамі, якія патрабавалі надзвычай шмат увагі, каб выдзеліць час і думаць пра Аліцыю.
Бандыты, нанятыя Фаерсонамі, пастаянна суправаджалі Друцкага, і не было спосабу пазбавіцца ад іх інакш, як праз паведамленне ў паліцыю, што было б раўназначна арышту як Фаерсонаў, так і Залкінда. Канечне, такі шлях нават не прыйшоў Друцкаму ў галаву. Тым больш што Залкінду пагражала двухгадовае зняволенне за ўдзел у махінацыі цесця Фаерсонаў, пра якую Друцкі нічога добрага не ведаў і ведаць не хацеў.
Акрамя таго, ён рыхтаваў «труса» для Бруніцкага.
Гэта была маладая манікюрка, якая на гэты момант засталася без працы і паходзіла з таго самага маленькага мястэчка, што і маці Зоські. Распытваючы яе пра гэтую дзяўчыну, Друцкі лёгка здабыў шмат патрэбнай яму інфармацыі. Манікюрку звалі шматабяцальна: Цеплік, Ірэна Цеплік. Ёй было дваццаць гадоў, і жыла яна ў Грохаве. Ва ўладальніка цырульні, у якой яна працавала, быў з ёю раман, і ён ад яе пазбавіўся, як толькі яна зацяжарыла, а сам пераехаў некуды на Памор’е.
Друцкі лёгка адшукаў у Грохаве маленькі домік з садочкам, які належаў адстаўному чыгуначнаму кандуктару і яго сястры, таксама старой бабульцы. Цеплікуўна здымала ў іх паддашак. Друцкі некалькі разоў ездзіў туды, перад тым як яму ўдалося пазнаёміцца з дзяўчынай. Зрабіў ён гэта проста, карыстаючыся тым, што домік стаяў наводшыбе, на значнай адлегласці ад іншых. А менавіта, калі заўважыў дзяўчыну ў садочку, то спыніў машыну і папрасіў у дзяўчыны шклянку вады. Пасля трэцяга візіту ён з ёй быў ужо на кароткай назе. Пазнаёміўся Друцкі і са старымі, якім дзяўчына прадставіла яго як даўняга кліента з цырульні і, відаць, дала ім зразумець, што гэты мужчына хоча з ёй ажаніцца. Падчас чацвёртай сустрэчы яна сама прызналася яму ў падмане, тлумачачы яго тым, што пратэрміноўвае аплату і, акрамя таго, старая пачынае яе падазраваць.
У гэты час Друцкі рашыўся на максімальна простую і ясную развязку справы. Ён растлумачыў дзяўчыне, што мог бы даць ёй грошы на пазбаўленне ад плода, але шкада яе здароўя, аднак, калі яна пагодзіцца нарадзіць дзіця, то і сама, і малое будуць пад надзейнай апекай у аднаго вельмі багатага прафесара, які і пасаду для яе потым знойдзе, і пасаг дасць. Трэба толькі, каб яна дома сказала, што едзе ў іншы горад, напрыклад, у Кракаў, і каб ні словам не ўпамінала аб прафесару.