Выбрать главу

Дзяўчына раздумвала два дні і нарэшце згадзілася. Развітваючыся вечарам, дамовіліся, што заўтра ў дзесяць вечара Друцкі па яе прыедзе. Старыя ўсяму вераць і пра яе «нарачонага» адгукаюцца з захапленнем.

Адразу пасля вяртання дамоў Друцкі па тэлефоне паведаміў прафесару, што заўтра ў дзесяць трыццаць ён даставіць «трусіка». Бруніцкі ўзрадаваўся, але папрасіў перанесці дастаўку на паўгадзіны пазней, таму што ён хоча сам паехаць на вакзал па Пятра, які прыязджае з Закапанэ якраз у дзесяць з хвілінамі, а прафесар хацеў бы быць дома ў момант прыезду пацыенткі.

Назаўтра Друцкі ва ўмоўлены час пад’ехаў да брамкі саду ў Грохаве. Аднак ён не паставіў «фулд» перад самай каліткай, як гэта заўсёды рабіў, таму што тут над дарогай звісалі галіны дрэў, мокрых ад вечаровага дажджу. Толькі таму ён пераставіў машыну на некалькі дзясяткаў крокаў далей і спыніў пад плотам, не ўяўляючы, наколькі гэта паўплывае на далейшы ход справы.

Дзяўчына з радасцю павіталася з Друцкім, аднак старой, якая настойвала прыгатаваць ёй што-небудзь паесці ў дарогу, каб утаіць сваю гатоўнасць, сказала, што яна яшчэ не вырашыла: ехаць ці застацца.

— Ой, даражэнькая мая, ён кажа, што кахае і не можа без мяне жыць. Але я зусім за ім не бегаю і не паехала б, калі б не тое, што я яго баюся.

Старыя абое паўшчувалі яе за гэта, а Друцкі заліваўся ад смеху, седзячы на ганку і чуючы ўсю размову. Калі Цеплікуўна выйшла да яго і спыталася, выглянуўшы за брамку, дзе машына, ён падвёў яе да тыльнага плота.

— А хіба тут змесціцца мой кош? — пажартавала дзяўчына. — Хто яго ведае, добрая гаспадыня столькі мне ўсяго гатуе… Ну, можа, пакуль пасядзім на лавачцы? Яна, відаць, высахла ўжо…

— Ціха! — схапіў яе за руку Друцкі і стаў як укапаны. Ён бы пакляўся, што чуў скрып брамкі і прытоеныя крокі. Але зноў усталявалася поўная цішыня.

— Мне здалося, — сказаў ён. — Так цёмна… Вось тут гэтая лавачка?

— Тут, пад язмінам… Езу!!!

У гэты ж момант пачуўся стрэл, другі, трэці… З кустоў выскачыў нейкі цень, побач прамільгнуў другі… Друцкі бліскавічным рухам дастаў рэвальвер і чатыры разы стрэліў па ўцекачу. Ён хацеў бегчы за ім, але спатыкнуўся і ледзь не ўпаў. Упоцемках ён намацаў плячо дзяўчыны, якая ляжала на зямлі. Пад пальцамі адчуў кроў. Кулі з кустоў, відаць, трапілі ў яе… Яна параненая…

Друцкі схіліўся над ёй, каб яе падняць, але раптам адчуў моцны ўдар у плячо і ўпусціў рэвальвер. У той жа час ён адчуў на спіне чыесьці жылістыя рукі і тут жа побач пачуў прыглушаны свіст. З боку кустоў адказалі таксама.

Друцкі зразумеў, што адзінае выйсце — уцёкі, і проста да тыльнага плота. Адным падкідваннем ён вызваліўся ад захопу і, нанёсшы праціўніку хуткі ўдар у шчаку, пераскочыў праз клумбу, некалькімі крокамі дасягнуў плота, пераскочыў і праз пяць секунд быў ужо ў аўто. Ён націснуў на стартар і рушыў якраз у момант, калі рэшта банды, якая сцерагла на дарозе ля каліткі, зарыентавалася і бягом акружала сад, каб дагнаць яго. Не ўключаючы фар, Друцкі звярнуў на бакавую дарогу і даў поўны газ.

«На гэты раз яны добра спрацавалі. Іх было пяцёра ці нават шасцёра, — падлічваў ён, — і калі б не гэтая цемната, я быў бы ў іх руках. А дзяўчына альбо параненая і самлела ад страху, ці… Чорт… Раптам Друцкі спыніў машыну: — А калі гэта была паліцыя?.. Нонсенс… Канечне, людзі Фаерсонаў. Калі, аднак, ім удалося збегчы, а пэўна ж ніхто іх тут не мог затрымаць, калі дзяўчына загінула…»

Ён вельмі выразна ўсвядоміў небяспеку, якая можа яму зараз пагражаць. Зразумела, калі Цеплікуўна мёртвая. І нават у іншым выпадку. Ён жа павінен будзе растлумачыць паліцыі, куды хацеў забраць гэтую дзяўчыну… Справа дрэнь…

Ён не паехаў дадому, а прама на Наваліп’е. Трэба было перш за ўсё параіцца з Залкіндам. На шчасце, ён быў дома. Друцкі папрасіў, каб яго пакінулі аднаго ля тэлефона і пазваніў Бруніцкаму.

— Караль, мяне не чакай, — сказаў ён, — выйшла вельмі брыдкая гісторыя. Я некалькі дзён буду хавацца, пакуль не выявіцца, нападуць на мой след або не. Ні пра што мяне зараз не пытай і, наколькі можна, трымайся на людзях.

— Гэта жахліва, — адказаў Бруніцкі, — заўтра я павінен паехаць у Парыж, бо паслязаўтра ў мяне справаздача ў Сарбоне… Хм… Тут усё трэба пакінуць на доктара Кунокі. У любым выпадку, я не думаю, што паліцыя можа зацікавіцца маім домам.