— Пакуль, канечне, не, але потым, чорт яго ведае. Зрэшты, Кунокі не будзе адзін, ёсць твой сын, а калі мяне не зловяць, то я таксама, калі што якое, буду пра яго памятаць.
— Я быў бы табе ўдзячны, тым больш што Пятра я не магу цалкам увесці ў курс справы.
Яны перакінуліся яшчэ некалькімі фразамі і развіталіся. Друцкі паклікаў Залкінда, і яны заселі за доўгую нараду. Было ўжо позна, калі яны, грунтоўна ўзважыўшы сітуацыю, прыйшлі да высновы, што пакуль не будзе вядома, ці напала паліцыя на яго след, адна з давераных асоб Залкінда адгоніць «фулд» у гараж на Налеўках.
Раздзел 27
З моманту вяртання ў прытомнасць Юлька не магла пазбавіцца ад панічнага страху, які адольваў яе пры любым шуме, любым водгаласе людскіх крокаў. Нервовае ўзрушэнне, якое яна перажыла ў страшнай кватэры акушэркі, зусім зламала яе волю, дарэшты вычарпала яе псіхічныя сілы, якія і так у апошнія некалькі месяцаў прайшлі не абыякое выпрабаванне на трываласць. Да таго ж, атрута, якой яе напаілі, настолькі падкасіла фізічныя сілы, што Юлька, не ўсведамляючы, чаму яна так робіць, на ўсё, што яе акаляла і што было такое чужое і пагрозлівае, рэагавала сімуляцыяй страты прытомнасці.
У яе замірала сэрца, калі ў белую камеру турмы, у якой яе трымалі, уваходзіў японец-маўчун, мераў яе пульс, паднімаў павекі, сілай адкрываў вусны, прымушаючы піць нейкія салёныя або агідныя горкія вадкасці, калі ўбіваў пад скуру іголку з нейкай ін’екцыяй. Нарэшце з’явіўся суровы мужчына ў акулярах, яны з японцам перакінуліся шэрагам фраз па-лацінску, і мужчына сказаў:
— Сімуляцыя… Мая дарагая, вы робіце так, як стары дасведчаны майскі жук, які робіць выгляд, што мёртвы, але і жук так доўга б не вытрываў у гэтай ролі, асабліва калі б убачыў, што яму ніхто нічога дрэннага не робіць.
Гэта значна падбадзёрыла Юльку. З гэтага дня японец і строгі мужчына час ад часу прыходзілі пагаварыць, і Юлька паступова пачала аднаскладова адказваць на пытанні. Цяпер яна разумела, што яе тут ніхто не збіраецца крыўдзіць, што гэта род турэмнага санаторыя або клінікі, а можа, дом для вар’ятаў. Праз нейкі час яна асмелілася нават спытацца пра гэта. Тады яе запэўнілі, што яна знаходзіцца ў прыватным доме на лячэнні, што здароўе яе хутка паправіцца і што яна зможа вярнуцца ў Варшаву. Адсюль яна зрабіла выснову, што знаходзіцца недзе далёка на вёсцы. Увогуле абодва мужчыны рэдка гаварылі пра нешта, што было б для яе крыніцай хоць якой інфармацыі. Толькі раз, відаць, не думаючы, што яна разумее па-англійску, яны пры ёй дыскутавалі пра тое, загіпнатызаваць яе ці не. Строгі мужчына ў акулярах быў супраць гэтага, сцвярджаючы, што ў іх няма часу на сур’ёзныя вопыты, а паколькі тут няма цяжарнасці, эксперымент дзеля самога эксперыменту быў бы ў некаторай ступені злоўжываннем. Японец настойваў на сваім, сцвярджаючы, што неабходна высветліць, навошта нейкая Буфалова даставіла такую пацыентку. У гэтым павінна хавацца нешта надта падазронае. Урэшце ён, аднак, згадзіўся, што на гэта будзе час пасля вяртання прафесара з Парыжа.
Юлька прыслухоўвалася да гэтага з затоеным дыханнем і прыйшла да высновы, што яе становішча, аднак, адчайнае. Відаць, яна апынулася тут, таму што яе падазравалі, што яна была каханкай пана Вінклера і што яна стане маці. Яна доўга не спала ўначы, ламаючы сабе галаву над разгадваннем загадкі. Можа, яна стала ахвярай якой-небудзь суперніцы… Але на якой падставе яна магла дапусціць, што Юлька ў цікавым становішчы… Яна ж увогуле нікому не давяралася, не расказвала пра сваё каханне да пана Янка, ні пра іншае, што магло б кінуць на яе такое агіднае падазрэнне… Нікому…
Раптам ёй трапіла думка: «Я скардзілася Юзэфовай на слабасць і што…»
Мозг працаваў ліхаманкава: Юзэфова магла сказаць Аліцыі. Аліцыя павінна была звязаць гэта прызнанне з панам Янкам… Яе суперніцай была менавіта Аліцыя… Божа…
— Не, не… — схапілася яна за скроні, — так нельга нават думаць!!!
Лягчэй было забараніць сабе думаць, чым адагнаць надакучлівую думку ў доўгія, неймаверна доўгія гадзіны адзіноты. Бяздзейнасць пачала ёй невыносна надакучваць. Таму яна ўрэшце вырашыла папрасіць, каб японец даў ёй хоць якую работу. Назаўтра яе просьба была задаволена. Яна павінна была ўрачыста паабяцаць, што будзе паслухмянай і не дазволіць сабе зазіраць туды, куды ёй забаронена, пасля чаго ёй далі белы халат і правялі ў пакой, які нагадваў лабараторыю. Яна павінна была пастэрылізаваць мноства бліскучых хірургічных інструментаў і складваць іх у шкляныя ёмістасці, якія потым трэба змясціць пад пэўнымі літарамі ў шафах. Юлька была захоплена гэтай працай, не гаворачы ўжо пра задавальненне ад таго, што яна пакінула на некалькі гадзін свой пакой-камеру. У гэты ж дзень яна ўбачыла вельмі прыгожую жанчыну ў такім самым халаце, як і яна, якая ішла па лесвіцы на другі паверх. Жанчыла ўсміхнулася Юльцы, але нічога не сказала. Назаўтра, калі яна скончыла работу ў лабараторыі, японец спытаўся, ці любіць яна дзяцей, а на яе станоўчы адказ праводзіў дзяўчыну ў іншы пакой, дзе ў маленькім ложачку знаходзілася дзяўчынка-калека з жахліва вялікімі вачыма і цалкам сівымі валосікамі, якой было каля паўтара года.