Выбрать главу

— Не, не, абараніце мяне! — шаптала яна дрыжачым голасам.

— Значыць, усё вырашана. Вы можаце мне давяраць. Ніхто не асмеліцца прымусіць вас вярнуцца туды.

Доктар Кунокі бачыў, што ён бяссільны. Ён, праўда, мог паклікаць на дапамогу служкаў і нават абяззброіць гэтага малакасоса, але гэта пацягнула б за сабой шмат складанасцей, найперш трэба было б абавязкова замкнуць і Пятра аж да вяртання прафесара. Таму Кунокі выбраў шлях перамоў. Пётр адразу згадзіўся з прапановай, каб дзяўчына засталася ў холе пад яго апекай, але каб не магла выйсці з вілы да той пары, пакуль не вернецца доктар і не паразмаўляе з Пятром і з ёй. Цяпер ён павінен быў абавязкова пакінуць іх сам-насам, таму што трэба было рабіць аперацыю адной пацыентцы. Праклінаючы ў душы сваю неасцярожнасць, што не зачыніў другія дзверы, ён выйшаў, замыкаючы іх з падвойнай увагай.

Пётр нерухома стаяў, праводзячы вачыма доктара, калі адчуў на руцэ гарачыя кроплі слёз і дотык дрыжачых вуснаў. Ён рэзка вырваў далонь і ўсклікнуў:

— Што вы робіце! Як можна!.. Ну, чаму вы плачаце? Ужо ўсё мінула. Сядайце сюды і супакойцеся!

— Не магу, не магу, — усхліпвала яна, — вы да мяне такі добры, ніхто так да мяне не адносіўся, вы такі высакародны!..

Пётр усадзіў яе на канапу і, заняўшы месца побач, пачаў тлумачыць, што ён не высакародны, а такі, якім быў бы ў такой сітуацыі кожны мужчына. Яна пакрысе супакойвалася і пачала гаварыць, што ён нават не ведае, каго выратаваў, ці заслугоўвае яна гэтага, што клікала яго, бо яго голас, ды і сам ён цалкам падобны да аднаго старэйшага мужчыны, найлепшага і найцудоўнейшага чалавека на свеце, што яна страшна няшчасная, бо на ўсёй зямлі ў яе нікога блізкага няма, што яе каварна завабілі ў жахлівую нару і далей хаатычна, але ў дэталях яна расказала яму ўсё, што з ёй здарылася аж да моманту вызвалення.

Малады чалавек слухаў са зморшчаным ілбом і сціснутымі зубамі. Загарэлая скура яго твару станавілася ўсё бляднейшай, на скронях выступілі жылы. Як жа ён зараз быў казачна падобны да пана Янка!.. Юлька гаварыла далей, а калі змоўкла, яе абаронца ўстаў і сказаў:

— Шаноўная пані, даю вам слова гонару, што, тысяча чарцей, са мной вы будзеце ў поўнай бяспецы, а з тымі, хто вам прычыніў шкоду, як і з тымі бандытамі на вуліцы Паньскай, я разбяруся.

Ён быў такі ўзрушаны і ўзбуджаны, што голас яго дрыжаў.

Калі потым праз чвэрць гадзіны вярнуўся Кунокі, ён застаў Пятра яшчэ больш непрымірымым. Дарма ён адвёў яго ў бок і падрабязна тлумачыў сітуацыю, дарма пераконваў. Пётр заявіў, што гэта ўсё яго не цікавіць і ён не збіраецца ўмешвацца ў справы доктара і свайго бацькі, але гэтую дзяўчыну ён не пакіне, і рукі прэч ад яе. Кунокі мусіў скарыстацца ўсімі сваімі дыпламатычнымі здольнасцямі, каб Юлька, а таксама Пётр, згадзіліся часова застацца ў доме прафесара, ужо не ў клініцы, а тут, у пакоі прафесара.

Увесь пасляабедзенны час Пётр правёў з Юлькай. Яна павінна была яшчэ раз дэталёва апісаць ход падзей, шчаслівым фіналам якіх было іх спатканне. На змярканні ёй захацелася расказаць Пятру сваю гісторыю цалкам, яна распавяла пра Аліцыю, якая пачала яе ненавідзець і хацела выслаць далёка на ўскраіну, пра пана Вінклера, якому аднаму адзінаму яна цалкам давярала, бо гэта адзіны высакародны чалавек на свеце, а пан Пётр — другі, пра свае падазрэнні, пра недарэчныя, канечне, падазрэнні, што, можа, гэта Аліцыя, жадаючы пазбавіцца ад Юлькі, зрабіла з яе прынаду…

Пётр выказаў здагадку, што такое падазрэнне магло з’явіцца толькі пад уплывам стрэсу і гэта, безумоўна, нонсэнс ад пачатку і да канца. Калі, аднак, Юлька не любіць больш сваячку і не хоча да яе вяртацца, то можа пасяліцца тут альбо дзе захоча, а прафесар павінен знайсці ёй добрую пасаду, натуральна, калі яна хоча працаваць, а, зрэшты, зараз лепш за ўсё ні пра што не думаць, пакуль яна не супакоіцца пасля гэтых жахлівых перажыванняў…

Вечарам Пётр сам прынёс Юльцы вячэру, а на яе падзяку адказаў поглядам, у якім можна было прачытаць, што дзеля яе ён быў бы гатовы на ўсё і проста не можа зразумець, як маглі знайсціся такія, хто рашыўся ўчыніць столькі подласцей. У яго ўжо быў запісаны адрас пана Вінклера і гэтай бабы на Паньскай. Да пана Вінклера ён збіраўся пайсці заўтра раніцай, каб растлумачыць яму сітуацыю і параіцца наконт далейшага лёсу Юлькі. На Паньскую, аднак, ён вырашыў пайсці яшчэ сёння, бо не вытрымаў бы больш.

Юлька ўбачыла яго толькі назаўтра ранкам. Выглядаў ён жахліва. Быў увесь у сіняках, на лбе меў вялікі шнар, заклеены пластырам, і рука яго была перавязаная, але настрой — выдатны. На яе страх і спачуванне ён адказваў смехам і жартаўлівым запэўніваннем, што ўчора ў яго была вельмі цікавая размова з адным лысым мужчынам і з адной элегантнай дамай і што праз пару месяцаў, калі згаданыя асобы будуць адчуваць сябе крыху лепш, ён ім зноў нагадае элементарныя правілы салоннай гульні, якая называецца бокс.