Выбрать главу

Тут жа падчас сняданку ён сказаў доктару Кунокі:

— Здаецца, пане доктар, што праз гэтыя дзверы, якія я выламаў, у маё жыццё ўвайшло нешта такое, што людзі называюць шчасцем…

— Шчасце, пане Пётр, — усміхнуўся японец, — захоча — уваходзіць праз акно, захоча — праз выламаныя дзверы, толькі не нармальным шляхам, праз адчыненыя, але такім жа чынам любіць і ўцякаць.

— Не ад мяне, доктар, — нахмурыў бровы Пётр, — у мяне дастаткова моцныя лапы, халера, каб яго ўтрымаць… Акрамя таго, я не ведаю, ці захоча яно ўвогуле ўцякаць.

Кунокі, які лепей разбіраўся ў гармонах, чым у афтальмалогіі, па выразе вачэй Юлькі, калі бачыў яе праз некалькі хвілін падчас развітання з маладым чалавекам у яе пакоі, зрабіў выснову, што ў гэтым выпадку «нешта такое» не пакідала ўражання планаваных уцёкаў.

Пётр вярнуўся з горада каля поўдня і паведаміў Юльцы, што не змог пабачыцца з панам Вінклерам, таму што ён надоўга пакінуў Варшаву.

Не мог жа ён ёй сказаць праўду, не мог чарговы раз расчараваць гэтую бедную, цудоўную, каханую дзяўчыну тым, што чалавек, якога яна лічыла ўвасабленнем высакароднасці, яе сябар, быў арыштаваны за забойства.

Раздзел 28

Перыяд замяшчэння Аліцыяй Горн пракурора Акруговага суда быў такім адносна рэдкім часам, калі праз канцылярыю пракуратуры праходзіла не толькі шмат выключна важных спраў, што давалі здольнаму яе начальніку надзвычай шырокія магчымасці паказаць сябе, але і, з-за ўвядзення ў дзеянне закона аб часовых судах, абцяжарвала яго вялікай адказнасцю і такім чынам адкрывала шырокую перспектыву вялікай кар’еры.

А начальнікам гэтым была якраз падпракурор Аліцыя Горн.

Суд судом, але даўно не было такога тэмпу працы і такіх вялікіх патрабаванняў, накіраваных з кабінета пракурора ў адрас следчых, паліцыі і непасрэдна падначаленых. Суд судом, але ў гэтых сценах не памяталі такога пракурора, які б настолькі заўзята расследаваў злачынствы, які б днём ці ноччу асабіста з’яўляўся на месца кожнага з іх, нават самага апошняга гатунку, так жыва ўдзельнічаў у следстве, ну і так геніяльна ўмеў ім кіраваць.

— Баба робіць нечуваную кар’еру! — ківалі галовамі калегі.

І зусім не ведалі, наколькі неабходнай была Аліцыі гэта пякельная праца, гэтай прыгожай жанчыне, у якой пад непарушнай маскай спакою звіваліся ў адчайным болі ўсе нервы, усе думкі і пачуцці. Не ведалі, што гэта халодная, стрыманая жанчына вечарамі стаіць пад асеннім дажджом ля варот дамоў, толькі б хоць мімалётна пабачыць сілуэт чалавека, які якраз праходзіць побач з іншай, што гэтая гордая і прыгожая жанчына, якая магла б кінуць да сваіх ног любога, потым вяртаецца дадому і рве на сваёй галаве валасы, і б’ецца ёй аб цвёрдае дрэва падлогі, і сціскае грудзі, каб яны не разарваліся ад рыданняў… Ніхто гэтага не ведаў.

Кожны ранак з-за яе стала гучалі кароткія дакладныя распараджэнні, загады, даручэнні, якія не дапускалі пярэчанняў, заўсёды бязлітасныя, але трапныя. Яна цяпер радзей стаяла перад судом, аднак калі гэта адбывалася, абаронцы разводзілі рукамі — яна прыходзіла толькі па смяротнае пакаранне і ніколі без яго не вярталася.

Так, аднойчы глыбокай ноччу яе выклікалі па тэлефоне з-за новага, загад-кавага злачынства: у Грохаве ўчынілі забойства. Выстралам з рэвальвера забілі безабаронную манікюрку, вельмі прыгожую дзяўчыну, якая павінна была стаць маці. Злачынец збег на ўласным аўтамабілі, здаецца, маркі «фулд»… Здаецца таксама…

— Зараз, зараз, пан камісар, — ледзь стрымліваючы дрыжанне голасу, перарвала Аліцыя, — якой маркі?

— «Фулд», шаноўная пані. Па вас заехаць?

Канечне, яна вырашыла зараз жа ехаць у Грохаў. Па дарозе яна даведалася пра дэталі папярэдняй экспертызы, якую правёў веласіпедны патруль, што праязджаў міма. Уладальнікі доміка, у якім жыла забітая, далі паказанні, што забойца абяцаў шлюб, а вечарам прыехаў па нарачоную і сядзеў на лаўцы ў садзе. Потым яны пачулі шматлікія выстралы, а калі выбеглі ў садок, то знайшлі Цеплікуўну мёртвай на зямлі недалёка ад лаўкі. У забойцы з ахвярай, відаць, даўно быў раман, таму што ён часта наведваўся да яе і заўсёды прыязджаў на шэрым двухмесным аўтамабілі, які выглядаў, паводле апісання, несумненна як «фулд». Камісар, калі даведаўся адрас, адразу ж па тэлефоне выдаў распараджэнне затрымліваць любую машыну падобнага выгляду ў радыусе двухсот кіламетраў ад Варшавы.