Аліцыя слухала справаздачу з напружанай увагай. Цяпер яна амаль не сумнявалася, хто забойца. У горадзе — як яна ведала ад самога Друцкага — было толькі з паўтара дзясятка «фулдаў», а адзіны шэры быў яго. Рэшту няўпэўненасці развеялі допыты пенсіянера-чыгуначніка, бабулькі і некалькіх самых блізкіх суседзяў, якія неаднаразова бачылі нарачонага Ірэны Цеплікуўны. Ён, па праўдзе, выглядаў «панам з паноў»: высокі, элегантны, ветлівы, але ўжо з самага пачатку яму нельга было давяраць. Акрамя гэтых меркаванняў, і апісанне знешнасці цалкам супадала. Аповед пра манеры ўладальніка «фулда» і яго адносіны да Цеплікуўны для Аліцыі таксама мелі каштоўнасць як рэчавы доказ.
Аднаго яна толькі не магла зразумець, а менавіта — мэты забойства. Дапусціўшы нават, што Друцкі быў бацькам дзіцяці ахвяры і абяцаў з ёю ажаніцца (што ўжо было непраўдападобна), навошта яму яе забіваць… Не, яна надта добра яго ведала, каб дапусціць тут момант парыву, помсты ці рэўнасці, а тым больш боязі наступстваў сувязі з ім. Жаданне прыбытку выключалася само сабой. Дык з якой жа мэтай?.. Неасцярожнае абыходжанне са зброяй? Самазабойства ахвяры? І гэта немагчыма, таму што ў яго не было б тады нагод для ўцёкаў, бо выстрал адбыўся з адлегласці самае малое пяці крокаў (значыць, самазабойства выключаецца!), таму што на месцы злачынства быў знойдзены рэвальвер з чатырма выстраленымі зарадамі і чатыры гільзы тут жа побач (можна адзін раз выстраліць выпадкова, але чатыры — ніколі!).
Такім чынам, што было матывам забойства?.. Для людзей, якія зараз хадзілі тут з электрычнымі ліхтарыкамі, свецячы ў адкрытыя вочы трупа і рэканструюючы ход злачынства, усё было цалкам зразумела. Спакушальнік хацеў забраць сваю ахвяру, вывезці куды-небудзь далей і там забіць. Яна яму супраціўлялася, дык ён і забіў. Відаць, ён быў вымушаны ад яе пазбавіцца, таму што яна ведала нейкую яго тайну і пагражала скандалам. Крыху дзіўнай акалічнасцю была вялікая колькасць слядоў, але гэта тлумачылася тым, што па размяклай пасля дажджу зямлі патапталіся цікаўныя суседзі, што ж да паказанняў старых, дык яны дакладна чулі больш як чатыры выстралы: спачатку з пяць, а потым пяць ці шэсць — гэта належала спісаць на рахунак памылкі відавочцаў. Стрэлаў было чатыры, гэта значыць, столькі, колькі патронаў не хапае ў кінутай забойцам зброі.
Так лагічна разважаў судовы следчы, камісар, доктар, паліцэйскія і зявакі, якія сабраліся пад плотам. Аднак Аліцыя Горн думала інакш. Тым не менш, яна не выказвала свайго пункту погляду. Ніколі, асабліва цяпер, яна не лічыла слушным дзяліцца сваімі ідэямі з іншымі да пэўнага моманту. Аднак яна даўжэй распытвала гаспадароў пра развіццё падзей, даўжэй разглядвала рэшткі спаленых ахвярай папер у малой бляшанай печачцы на гарышчы, уважлівей вывучала сляды ног на сцежцы, чым іншыя. Яна рабіла гэта таму, што ведала: уладальнік аўто не мог учыніць гэта злачынства, таму што ім быў Багдан Друцкі, якога яна ведала як аблупленага.
Паколькі яна са свайго пункту гледжання вывучала справу, то заўважыла іншыя рэчы, чым астатнія. Такім чынам, навошта Друцкі выкінуў бы рэвальвер, навошта бачыўся з дзяўчынай з пэўнага моманту тут, на вачах у людзей, навошта ахвяра пісала лісты нейкаму «Самаму Каханаму» на Памор’е, лісты, якія пошта ёй вяртала як непрынятыя адрасатам, чаму, маючы такога каханка, як Друцкі, яна маліла пра каханне кагосьці іншага?.. Чаму ён яе забіў? Чаму чулі больш, чым чатыры стрэлы, чаму ён увогуле страляў, ён мог забіць яе без шуму, а калі страляў, то чаму з вялікай адлегласці?..
Несумненна, шмат пераканаўчых доказаў указвала на яго як на вінаватага ў злачынстве, аднак Аліцыя Горн была ўпэўнена, што ён невінаваты. Між тым, начальнік Следчага ўпраўленя ўжо дзейнічаў.
Назаўтра ў дзесяць раніцы Аліцыі далажылі, што аўто належала ўладальніку клуба «Аргенціна» Яну Вінклеру, які нядаўна абвінавачваўся ў гандлі наркотыкамі, але быў апраўданы. Зараз ён хаваецца, але яго кватэра пад наглядам, а тэлефонныя апараты ў клубе і ў яго кватэры праслухоўваюцца. Пэўна ж Вінклер не змог пакінуць горад, таму што дарожныя пасты не прапускалі яго машыну. Птушка лёгка вылеціць з хованкі, бо пасля прачытання пасляпаўдзённых газет даведаецца, што следства ўстановіць самазабойства Цеплікуўны ў выніку спрэчкі з нарачоным, вадзіцелем уласнага аўто з невядомым нумарам маркі «чэстар».
Дасведчаны начальнік Следчага камітэта не памыляўся. Прынада спрацавала адразу ж. У дзесяць вечара Яна Вінклера, уладальніка клуба «Аргенціна», арыштавалі шэсць агентаў тайнай паліцыі ў момант, калі ён уваходзіў у вароты дома на праспекце Шуха. Яго тут жа даставілі на Данілавічоўскую і зладзілі допыт.