Пракурорка Аліцыя Горн сядзела ў суседнім пакоі, адкуль магла добра чуць усе пытанні, якія задавалі арыштаванаму, і ўсе яго адказы. Ён не прызнаваўся. Сцвярджаў, што так, ён ведаў памерлую, што бываў у яе, што ўчора вечарам заехаў па яе, але ў момант, калі размаўляў з ёй, з кустоў перад лаўкай пачуліся стрэлы і некалькі незнаёмых яму людзей кінуліся на яго, выбілі з яго рукі рэвальвер, з якога ён выстраліў па нападаўшых чатыры разы. Хто яны былі, ён не мог растлумачыць, чаму яны напалі на яго, не мог зразумець. Ці ведаў ён, што Цеплікуўна была цяжарная?.. Так, ведаў. Ці даўно ён жыў з ёй?.. Увогуле не, яна ніколі не была яго каханкай. Ага! Дык чыёй?.. Нейкага цырульніка, у якога яна працавала, перш чым ён згарнуў сваю справу і паехаў на Памор’е. А куды ж тады пан Вінклер выбіраўся з гэтай дзяўчынай?..
Пасля доўгай паўзы ён адказаў. Ён меў намер забраць яе да сябе. «Цяжарную жанчыну да сябе? Хітруеце, пане Вінклер, я раю вам памятаць, што вы можаце патрапіць пад часовы суд! Ну, я адвяду вас зараз у камеру і да раніцы папрашу добра падумаць, ці не лепей ва ўсім прызнацца!»
— Можаце не турбаваць сябе паўторным допытам, — спакойна адказаў арыштаваны, — я сказаў усё, што мог. А парады і павучанні прыберажыце для сябе.
Пасля размовы з начальнікам і судовым следчым, упэўненасць якіх у віне арыштаванага ўзрасла, Аліцыя заявіла ім, што насамрэч лічыць, што гэта справа ў кампетэнцыі часовага суда, і таму яна просіць аб паскарэнні следства такім чынам, каб ужо заўтра пасля абеду акты былі перададзены ў пракуратуру.
Праз хвіліну яна ўжо ехала ў Грохуў. Не толькі знаёмства з Друцкім, але і інстынкт прыроджанага крымінолага падказваў ёй, што Друцкі не забіваў Цеплікуўну, што, хоць ён і не ведае, але, відаць, не хоча выдаваць следству сапраўдных вінаватых, якія, тым не менш, існавалі. А калі існавалі і стралялі з-за кустоў, у кустах павінны знаходзіцца гільзы таго самага калібру, што і куля, вынятая з цела забітай, гэта ясна. Таму што ўсе чатыры гільзы ад выстралаў Друцкага знайшлі каля пакінутага ім браўнінга, наяўнасць у кустах яшчэ некалькіх гільз такога ж калібру, але, несумненна, не з браўнінга Друцкага, абвяргала б канцэпцыю следства і была б нагодай для непрымянення часовага суда. Пакуль гэта магло паспрыяць таму, што абвінавачанаму пагражала б не смяротнае пакаранне, а некалькі гадоў турмы або нават поўнае апраўданне. Аліцыя ведала, што ўжо заўтра зранку, пасля паўторнага падрабязнага допыту Друцкага, следства можа зацікавіцца месцам пад кустамі. Таму яна сама вырашыла паехаць туды раней…
Яна спыніла таксі перад дамком, у якім было патушана святло. Брамка была адчыненая. Асвятляючы сабе дарогу ліхтаром, яна адразу адшукала месца, на якім учора ляжаў труп. Аліцыя зрабіла некалькі крокаў наперад, расхінула галіны і павольна перамяшчалася, даследуючы глебу сантыметр за сантыметрам і адначасова стараючыся не пакінуць сваіх слядоў. Зямля тут была яўна вытаптана, і на ёй ляжалі раскіданыя тры латуневыя гільзы.
Аліцыя выняла з сумкі хустачку, асцярожна сабрала іх і, закрыўшы, схавала ў сумачку. Друцкі гаварыў праўду. Гаварыў праўду, але зараз ужо не мог яе даказаць.
Аліцыя Горн не спала ўсю ноч. Яна трымала яго зараз у сваіх руках. Тыя следчыя надта грэбавалі паказаннямі Друцкага, каб захацець пашарыць кусты язміну. Значыць, пасля атрымання актаў яна зможа запатрабаваць запоўніць гэты прабел следства, у яе будзе час адвезці гільзы браўнінга на месца альбо проста выкінуць іх на сметнік. Так, ён зараз быў у яе руках. І яна здолее скарыстацца гэтым…
Хто мог страляць у Цеплікуўну? Каму была патрэбна яе смерць? Зразумела, Друцкі добра гэта ведае, але па нейкіх прычынах не хоча гаварыць. Магчыма, у Багдана заўсёды былі складаныя адносіны з жанчынамі. Але тут?.. Анатаміраванне трупа паказала, што Цеплікуўна была на пятым месяцы цяжарнасці. Значыць, і тут Друцкі гаварыў праўду, ён не мог быць бацькам гэтага дзіцяці, ён тады адпачываў на моры. Што ж яго звязвала з гэтай дзяўчынай?..
Аліцыя ўважліва агледзела гільзы, адчыніла стол, бакавы тайнік, каб пакласці ў яго гэты каштоўны рэчавы доказ. Там ляжалі толькі запіскі наконт знікнення Юлькі. Яна машынальна ўзяла іх у рукі і пачала праглядаць. Распіска Буфаловай пра атрыманне тысячы злотых, расследаванне пра машыну № 76 032W, што належыць прафесару Бруніцкаму, які скупляе цяжарных дзяўчат… Раптам Аліцыя адклала запіскі і здрыганулася: «Цеплікуўна была цяжарная!.. Друцкі сябраваў з Бруніцкім!..»
«А-а-а-а… вось яно што! Дык прафесар мог падзяліцца з ім і тым, што Юлька ў яго або што яна ў яго была, пакуль яшчэ… жыла. Значыць, Багдан займаўся дастаўкай жывога тавару ў навуковую бойню Бруніцкага…»