Выбрать главу

Справа станавілася ўсё больш складанай. Нават горш! Небяспечнай для самой Аліцыі. Яна ўзяла ўсю волю ў кулак, каб прымусіць сябе ясна і спакойна мысліць.

Яна ведала адно: калі Друцкі ведае пра лёс Юлькі, Аліцыя прапала. Яго нічым не падкупіш, нават цаной уласнай свабоды.

Ногі Аліцыі падкошваліся… Але яна была не з тых, хто адступае. Такім чынам, вынікам бяссоннай ночы быў дакладны план дзеяння.

Найперш любой цаной трэба было выключыць магчымасць уцягвання Бруніцкага ў справу забойства ў Грохуве. Акрамя папярэджання пра гэта Друцкага, што цалкам лагічна, існаваў і значна больш сур’ёзны шлях: атрымаць забарону зверху, з Міністэрства юстыцыі.

У восем раніцы выконваючая абавязкі пракурора Акруговага суда Аліцыя Горн па тэлефоне папрасіла аб аўдыенцыі, а ў дзесяць была прынята міністрам.

Яна прадставіла справу коратка: ёсць доказы, што ў сувязі з адным малаважным працэсам пэўныя шантажысты хочуць скампраметаваць аднаго з карыфеяў нашай навукі, прафесара Караля Бруніцкага, які якраз і праславіў нашу краіну на ўвесь свет сваімі вялікімі адкрыццямі, пра што з энтузіязмам піша прэса Еўропы і Амерыкі, кампраметацыі гэтай нельга дапусціць, таму што ўжо сёння гэта было б роўна кампраметацыі ўсёй Польшчы. А размова, уласна кажучы, пра дробязь. Дык вось, прафесар ва ўласным доме трымае тайную клініку, у якой праводзіць навуковыя вопыты, тэарэтычна не дазволеныя законам. Пракуратура канфідэнцыяльным шляхам канстатавала, што ў гэтых вопытах няма нічога амаральнага, па меншай меры, няма нічога, што б выходзіла за межы дробнага злачынства. Аднак, улічваючы сённяшнюю велізарную славу прафесара Бруніцкага, выяўленне гэтых рэчаў выклікала б каласальны розгалас і стала б сусветным скандалам.

Дык вось, ці не лічыць пан міністр, што варта гэта папярэдзіць выключэннем магчымасці ўмяшання асобы прафесара ў любы адкрыты працэс.

Пан міністр не толькі так лічыў, але нават сардэчна падзякаваў падпракурору Аліцыі Горн за такую мудрую празорлівасць і за такія дзяржаўна-творчыя адносіны да пытання. Адначасова ён уручыў ёй пісьмо, у якім выключалася магчымасць кампраметацыі вучонага. Аднак папрасіў яе, каб яна канфідэнцыяльным шляхам адразу пасля прыезду прафесара ў краіну запатрабавала ад яго тут жа ліквідаваць клініку.

З міністэрства Аліцыя паехала адразу ў Следчы камітэт, каб у выпадку выяўлення ніцей, якія звязваюць абвінавачанага з Бруніцкім, адразу іх парваць на падставе рашэння міністра.

Аднак гэта аказалася цалкам збыткоўным. Аліцыі прадставілі пратаколы апошніх паказанняў Яна Вінклера. Яны не адрозніваліся ад папярэдніх. Гэты вар’ят проста не меў паняцця, што сам на ўласнай шыі зацягвае пятлю, нават не спрабуючы ратавацца, раскрыўшы сапраўдных вінаватых, нават шляхам тлумачэння сваёй ролі ў знаёмстве з «жывым таварам» для Бруніцкага.

Аліцыя, між іншым, спыталася, ці не даследавалі месца забойства другі раз, і, атрымаўшы запэўненне, што гэта было б бессэнсоўна, паехала ў суд. Праглядаючы прэсу, яна знайшла аб’ёмныя артыкулы пра новыя поспехі вялікага польскага вучонага ў Лонданскай каралеўскай акадэміі і не менш аб’ёмныя справаздачы з ходу следства па справе забойства ў Грохуве. Усе газеты ўтрымлівалі навіну пра тое, што забойцу свеціць часовы суд у надзвычайным парадку і што абвінавачваць яго будзе, як падало адно з «жоўтых» выданняў, «анёл смерці» нашых судоў падпракурор Аліцыя Горн…

Працэдура праходзіла хутка і па правілах. Да вечара справа Яна Вінклера была перададзена ў пракуратуру, і ў адпаведнасці з гэтым арыштаванага перавезлі ў турму на Павяку і пасадзілі ў асобную камеру, прычым турэмныя ўлады атрымалі паведамленне, што ў дзевяць раніцы в.а. пракурора Аліцыя Горн прыбудзе з мэтай асабістай гутаркі з абвінавачаным.

І другую бяссонную ноч Аліцыя правяла ў роздумах. Ніводную сваю прамову ніколі яна не рыхтавала так дэталёва, як зараз абдумвала заўтрашнюю размову з Багданам Друцкім, чалавекам, жыццём якога яна магла распарадзіцца так, як пажадае.

Яна хадзіла па пакоі і заклінала яго самымі чулымі словамі, пагражала яму самым страшным, што толькі можа быць, маліла яго, каб ён, які так любіць жыццё, паколькі павінен будзе з ім развітацца, няхай ахвяруе яго ёй! Яна пагодзіцца на ўсё, будзе самай пакорнай з жонак, будзе яго нявольніцай, не стане на дарозе яго фантазій ці мімалётных захапленняў, абы толькі ён пагадзіўся застацца з ёй назаўсёды… Яна выратуе яго жыццё, але хоча мець на гэта жыццё хоць маленькае, хоць толькі фармальнае права…