Праз залу прабег шум. Друцкі агледзеўся: высокая, зграбная, з узнятай галавой, можа, толькі крыху бляднейшая, чым звычайна, увайшла Аліцыя. Спакойным плаўным крокам яна прайшла тут жа, побач з ім, кіўком галавы яна адказала салютуючым паліцэйскім і заняла сваё месца на ўзвышэнні. У той жа час прагучаў званок, урачыста адчыніліся дзверы і ўвайшлі суддзі.
Ля ўзвышэння і далей ля дзвярэй паставілі некалькі дзясяткаў крэслаў, якія занялі важныя судовыя і міністэрскія саноўнікі. Калі ў зале панавала засяроджаная цішыня, тут гучаў шумок размоў напаўголасу. Гэтыя знаўцы працэдуры не цікавіліся ўступнымі фармальнасцямі справы. Пакуль не пачуўся рэзкі хрыплы голас чытальніка акта абвінавачвання «супраць Яна Вінклера, сарака гадоў, сына Адама і Ганны, аб наўмысным забойстве, учыненым у адносінах да асобы Ірэны Цеплікуўны».
Чытальнік стараўся, відаць, выклікаць эфект жаху, таму што пафасна акцэнтаваў наймацнейшыя словы, а мімікай худога, аскетычнага твару ён падкрэсліваў высновы. Аднак у яго было не надта шырокае поле для выступлення, таму што акт абвінавачвання быў незвычайна кароткі і сціслы, хоць кожнае яго слова складвалася з другім, як гранітны блок ля блока ў цяжкую непахісную сцяну. Таксама і спіс сведкаў абвінавачвання ўтрымліваў толькі некалькі самых неабходных прозвішчаў. Аліцыя Горн, па словах адваката Шарневіча, не любіць рэжысіраваць драмы з вялікім складам. Чытальнік таксама абмежаваўся называннем чатырох асоб.
Асноўная частка. Спакойны, цёплы голас старшыні і дакладныя, простыя адказы Друцкага… Ён не прызнае сваёй віны. Ён цалкам пацвярджае свае паказанні, якія даваў падчас следства. На пытанне дакладчыка адказвае, што так, можа іх паўтарыць. З Цеплікуўнай ён пазнаёміўся выпадкова за два тыдні перад трагічным днём. Ён ніколі не збіраўся з ёй жаніцца, а хацеў забяспечыць яе матэрыяльна ў сувязі з цяжарнасцю дзяўчыны і адсутнасцю працы. Ён абяцаў размясціць яе ў сябе і ў той ракавы вечар прыехаў па яе. У момант, калі яны размаўлялі ў палісадніку, з кустоў пачуліся стрэлы. Друцкі зразумеў, што нападнікаў некалькі, і паколькі ў яго з рукі выбілі зброю, ён павінен быў ратавацца ўцёкамі…
Друцкі гаварыў спакойна і свабодна, падрабязна расказваў пра ход падзей, растлумачыў, што сапраўды хаваўся адзін дзень, жадаючы пазбегнуць падазрэння і арышту, бо ўсведамляў, што шмат доказаў сведчаць супраць яго. Аднак ён не сумняваецца, што будзе апраўданы.
Суддзя-дакладчык задае некалькі пытанняў, якія датычаць дат. Старшыня яшчэ раз пытаецца, ці не ведае абвінавачаны, хто і з якой мэтай мог страляць у Цеплікуўну ці ў яго, і, зноў пачуўшы запэўніванне, што абвінавачаны абсалютна ні пра што не ведае, дае слова Аліцыі. Узнікае першае пытанне:
— Абвінавачаны ўпэўнены, што ён не меў дачынення да цяжарнасці ахвяры?
Друцкі павярнуўся да той, хто пыталася, і спаткаў яе прамы смелы погляд.
— Так. Я ў гэтым упэўнены, таму што Цеплікуўна ніколі не была маёй каханкай. Я пазнаёміўся з ёй, калі яна была на пятым месяцы цяжарнасці.
— Ці з многімі жанчынамі ў падсуднага былі блізкія адносіны?
Друцкі ўсміхнуўся і ўжо хацеў адказаць станоўча, як абаронца сарваўся з месца, жадаючы адхіліць пытанне, якое не мела ніякіх адносін да справы.
— Як жа, — запярэчыла Аліцыя, — гэта мае непасрэднае дачыненне да справы, таму што мы не ведаем, як шмат было каханак у падсуднага, і, магчыма, яго падводзіць памяць у адносінах да Цеплікуўны.
— Я ніколі не лічыў сваіх каханак, — амаль весела адказаў Друцкі і падумаў, што Аліцыя, аднак, рызыкоўная і смелая.
Яна, між тым, пыталася зноў:
— Значыць, абвінавачаны сцвярджае, што меў намер паклапаціцца пра Цеплікуўну. Чаму менавіта пра яе, чужога чалавека, выпадковую знаёмую? Ці былі яшчэ такія жанчыны, пра якіх клапаціўся падсудны?
— Не, не прыгадваю…
— Дык чым абвінавачаны тлумачыць свой выключны гуманізм менавіта ў гэтым выпадку? Можа, аднак, былі нейкія маральныя абавязацельствы? Ці проста звычайны капрыз?..
Адно за другім сыпаліся пытанні. Трапныя, дакладныя, звязаныя ў шчыльную сетку паслядоўнасці, якія з усіх бакоў асаджалі лабірынтам пацверджанняў, а з-за іх ужо не бачылася выйсця. Друцкі амаль фізічна адчуваў, як камяк за камяком выслізгвае ў яго з-пад ног зямля. Потым, паступова ён пачаў заўважаць, што кожнае слова, якое ён прамаўляў у сваю абарону, павінна было быць прадбачана Аліцыяй, што было падсунута яму проста для таго, каб стала новым звяном у абвінавачванні.