Выбрать главу

Ужо цяпер, гаворачы, ён ведаў, што сведчыць сам супраць сябе, і толькі чакаў наступнага пытання, якое тлумачыла сапраўдную мэту папярэдняга, ставячы адначасова новую пастку.

Ён заўсёды лічыў Аліцыю прафесіяналам у гэтым сэнсе, але ніколі не дапускаў, што гэтае майстэрства можна было развіць да такога ўзроўню дасканаласці. Ён прыгледзеўся да яе тактыкі, якая заключалася ў падрыванні рэштак даверу да яго праўдзівасці, грунтавалася на знішчэнні ўсялякіх шляхоў назад і даказванні яго ўяўнай хітрасці, яго амаральнасці і жывёльнага эгаізму.

Аліцыя знішчала ўсё, што толькі магло сведчыць на яго карысць, знішчала ўсе магчымыя шанцы абароны, дыскрэдытавала верагоднасць акалічнасцей, якія сведчылі на яго карысць. Яна свядома абмінала сутнасць справы, ніводным пытаннем не закранула сам працэс забойства, не старалася паставіць кропку ў пытанні матываў, якімі мог кіравацца Друцкі ў сваіх дзеяннях у адносінах да Цеплікуўны, але менавіта таму яны выступалі яшчэ выразней, набываючы выгляд аксіёмы.

Хутка бегала пяро сакратара, натуючы кожнае кінутае слова, кожнае слова, цяжар якога адчуваў не толькі Друцкі, але і ўся зала, якая затаіўшы дыханне слухала трагічны дыялог двух галасоў: металічнага альта і сакавітага, нізкага барытона…

Адвакат Шарневіч сядзеў, занурыўшыся над сваімі паперамі, і рабіў выгляд, што не звяртае ўвагі на тое, што дзеецца вакол яго. Калі старшыня даў знак, ён ачуўся і, у сваю чаргу, стаў задаваць пытанні. Публіка іх нецярпліва чакала ў надзеі, што знакаміты абаронца паставіць пад сумненне факты, якія ўнушыла суду пракурор. Аднак усіх, а асабліва сяброў Друцкага, чакала прыкрае расчараванне. Друцкі, уласна, таксама не хаваў здзіўлення, калі адвакат спытаўся:

— Вы не маглі б нам сказаць, што, па-вашаму, з’яўляецца мэтай чалавечага жыцця?

— Мэтай?.. Гэта залежыць ад чалавека…

— Я маю на ўвазе вас.

— Мая мэта… Думаю, само жыццё… Здабыванне з яго максімуму радасці, прыгажосці, не ведаю, сонца…

— Разумею. А што вы лічыце найвялікшым скарбам жыцця?

— Свабоду, — не раздумваючы адказаў Друцкі.

— Пра якую свабоду вы гаворыце?

Друцкі пачаў тлумачыць. Свабода — гэта найперш пазбаўленне сябе залежнасці ад усяго, што можа нас звязваць унутры нас саміх, гэта вераванні, забабоны, пачуцці, пачуццё віны ў дачыненні да іншых, крыўды, учыненыя слабейшым, палітычныя перакананні…

Адвакат пытаўся ў падсуднага пра яго погляды на каханне, на шлюб, на сям’ю, на жанчын, на грамадскі лад, на пытанне гонару, адвагі і баязлівасці… Нарэшце ён перайшоў да ўстанаўлення маёмаснага стану падапечнага, прычым аказалася, што Друцкі дакладна не ведае, колькі ў яго грошай на рахунку: «Нешта каля двухсот тысяч. Акрамя таго, „Аргенціна“ ацэньваецца ў некалькі соцень тысяч».

Пачалі слухаць сведкаў, і толькі цяпер Друцкі зразумеў значэнне цэлага шэрагу пытанняў, на якія ён павінен быў адказаць Аліцыі. Праўда, яна зараз дапытвала сведкаў пра акалічнасці, якія датычыліся непасрэдна забойства, аднак з дзіўным спрытам здабывала з іх дадатковыя паказанні, якія паказвалі Друцкага ў найгоршым святле.

Як цырульнік, якога выклікалі з Памор’я, сцвярджаў, што ніколі ў яго з Цеплікуўнай рамана не было, як і абодва старыя з Грохава сцвярджалі, што памерлая была даўно знаёмая з падсудным. Больш за тое, старыя кляліся, што абвінавачаны ўгаворваў Цеплікуўну паехаць у Кракаў, але яна не хацела.

Становішча Друцкага станавілася безвыходным. Пасля выслухоўвання апошняга сведкі, парцье з атэля «Брысталь», які пацвердзіў, што падсудны Вінклер кожны дзень у сваім пакоі прымаў іншую жанчыну альбо ўвогуле не начаваў, старшыня скончыў судовы разбор і абвясціў перапынак на гадзіну.

— Што вы думаеце, адвакат? — спытаўся Друцкі, калі яны разам з паліцэйскім суправаджэннем апынуліся ў закратаваным пакойчыку.

— Думаю, што ў вас ёсць яшчэ час усвядоміць абсурднасць, з якім вы замоўчваеце істотныя для справы рэчы.

— Значыць, вы не бачыце магчымасці атрымаць апраўдальны прысуд?

— Вы з глузду з’ехалі?! — абурыўся адвакат. — Дай божа, каб я здолеў абараніць вас ад пятлі!

— Так, — уздыхнуў Друцкі, — гэта вельмі непрыемна. Таму дазвольце мне паабедаць.

Адвакат Шарневіч з нянавісцю паглядзеў на яго і выйшаў, грукнуўшы дзвярыма, а Друцкі ўзяўся за прынесеную ежу.

Ён разумеў раздражнёнасць адваката. Калі б справа была ў кімсьці іншым, абаронца, відаць, сам бы стараўся яго ўгаварыць адмовіцца ад прыкрывання сабой трэціх асоб, відаць, найлепшых сяброў, такіх, як Бруніцкі або Залкінд. Сам Друцкі, аднак, нават не думаў пра збочванне з аднойчы абранага шляху.