Выбрать главу

Калі яго зноў прывялі ў залу, ён адразу заўважыў адваката Лэнчыцкага, які нешта тлумачыў адвакату Шарневічу, і, робячы выгляд, што не бачыць Друцкага, хутка выйшаў праз бакавыя дзверы.

— Вы, кажуць, асабіста ведаеце пані Горн? — напаўголасу звярнуўся Шарневіч да Друцкага.

— Я? — Друцкі паціснуў плячыма. — Магчыма, я ведаю шмат людзей, але не ўсіх памятаю.

— Не жартуйце! Я дазнаўся, што вы, падобна, вельмі добра ведаеце пракурорку Горн…

— Вам Лэнчыцкі напляткарыў…

— Якая розніца хто, тут справа ў нечым вельмі важным, пане Вінклер. Калі ў вас з ёй была блізкая сувязь, мы можам запатрабаваць змены абвінавачвання! А гэта раўназначна адтэрміноўцы справы! Разумееце?.. Гэта можа паспрыяць пераносу справы ў звычайны суд!

— Вы так думаеце, адвакат?.. А што калі мяне з пані Горн не звязвала ніякае знаёмства.

— Пане! — сціснуў зубы адвакат.

— Суд ідзе, — зазвінеў урачысты голас судовага служкі.

Суддзі займалі месцы. Старшыня ціха сказаў:

— Слова мае пані пракурор.

Яна ўстала і павольным рухам надзела берэт. Яе твар быў бледны, як палатно, толькі вочы палалі ледзь не ліхаманкавым бляскам. Яе цудоўныя вусны, вусны, роўных якім немагчыма было сабе ўявіць, яе ганарліва выпрамленая зграбная постаць і гэты рух галавы, у якім было столькі жаноцкасці і столькі надзвычайнай сілы — усё гэта проста гіпнатызавала. Друцкі адчуваў яе ў паветры перапоўненай залы, ды што там, адчуваў яе на самім сабе.

Аднекуль здаля, з-за шырока адчыненых галоўных дзвярэй, з таксама перапоўненага перадпакоя сярод цішыні пачулася гучнае жаночае сапрана:

— Божа, якая яна прыгожая!

«Так, — падумаў Друцкі, — страшэнна прыгожая. І не адна з гэтых жанчын хацела б быць на яе месцы. А яна?.. Яна, відаць, гатова была б кожнай гэтае месца і гэтую сваю прыгажосць аддаць…»

— Высокі суд! — працяў залу моцны металічны голас. — Вось нам трэба вырашыць справу, у якой, з аднаго боку, на карту пастаўлена жыццё аднаго чалавека, а з другога — жыцці многіх соцень, многіх тысяч слабых, наіўных істот. Так, гэтых многіх нешчаслівых дзяўчат, якія не маюць ніякіх сродкаў у барацьбе за існаванне, пазбаўленых усялякай зброі, якой яны маглі б сябе абараніць ад уздзеяння строю, у якім мы жывём і на варце якога стаіць справядлівасць, справядлівасць, якая няхай будзе блаславёная, калі не з’яўляецца пустым гукам, і няхай будзе праклятая, калі на яе вагах пакаранне можа быць меншае за крыўду!..

Так моляцца вусны безабаронных і пакрыўджаных, моляцца нячутным шэптам па падвалах, паддашках, сутарэннях, сотні і тысячы дзяўчат, якім мы загадваем нараджаць незаконных дзяцей, у той час як іх спакушальнікі беспакарана праходзяць міма ўчыненай крыўды. А калі часам у роспачы бездапаможныя рукі намагаюцца іх затрымаць, тады гучыць стрэл — і пакорны шэпт цярпення ператвараецца ў трагічны крык смерці!.. У такі крык, які прагучаў пранізлівым рэхам у садку ўбогага дома на Грохаве! Паны суддзі! Маўчаць зараз куты гэтай залы, але ўслухайцеся!.. Ці ж не чуеце вы ва ўласным сумленні жахлівы крык паміраючай дзяўчыны?!. Ці не чуеце яе перадсмяротны стогн?!. Ці ж не адчуваем мы ўсе, якім вялікім цяжарам падае на нас гэты крык: «Справядлівасці! Справядлівасці!»

Голас пракуроркі сціх, і запанавала поўная цішыня. Ніхто не азірнуўся, аднак ледзь не кожны чакаў, што вось за яго спінай раптам вырвецца гэта жахлівае, нечыімі вуснамі кінутае слова.

Але зноў загучаў чысты металічны голас Аліцыі Горн:

— Гэта была сціплая вясёлая дзяўчына. Сумленная працаўніца і мілая кватарантка. Усе сведкі пацвердзілі, што паводзіла яна сябе ўзорна. Аднак лёс адзіным пакрыўдзіў яе: адарыў незвычайнай прыгажосцю. І вось на яе шляху з’яўляецца чалавек, галоўная рыса якога тое, што ён не ўмее лічыць. Ён не лічыць сваіх грошай, не лічыць сваіх каханак, але не лічыць таксама і чужых няшчасцяў, у якіх ён вінаваты!.. Што ж для яго ў такім выпадку яшчэ адна трагедыя сярод соцень пакінутых за плячыма?! Нічога, абсалютна нічога!.. Ён іх не лічыць, а калі нехта асмеліцца пажадаць ад яго платы, то плаціць ён так, як зрабіў гэта легкавернай Ірэне Цеплікуўне!..

Гэта была сціплая вясёлая дзяўчына, наіўная дзяўчына з мноства тых, хто схіляецца над іголкай ці над напільнікам і марыць пра кар’еру кіназоркі, аб казачным прынцу, аб закаханым у яе вялікім пане і хто знаходзіць сваё маленькае ціхае шчасце ў шлюбе з хлопцам са свайго асяродку. Але на шляху Ірэны Цеплікуўны, беднай манікюркі з беднай цырульні, з’явіўся казачны прынц!.. З’явіўся абвінавачаны Ян Вінклер! Ён нам тут сказаў, што любіў Цеплікуўну, але яна яго кахала, павінна была яго кахаць, таму што ён быў увасабленнем яе мары. І калі гэта прыстойная і сціплая дзяўчына аддала яму тое, што было яе адзіным багаццем, калі яна аддала яму сябе, то насамрэч няма на свеце такой жанчыны, якая за гэта магла б кінуць у яе камень! І таму ён займеў яе без цяжкасцей, узяў яе сваёй прывабнасцю, сваёй мужнасцю, сваімі манерамі прыроджанага ўтаймавальніка, сваім майстэрствам ці таксама натурай спраўнага спакушальніка, якому не кожная жанчына, нават разумная і моцная, здолела б адмовіць…