Друцкі ўсміхнуўся і падняў вочы на Аліцыю. Яна ўглядалася ў яго дзёрзка адкрытымі вачыма, нібыта правакуючы, каб ён усклікнуў: «І ты не ўстаяла, а цяпер помсціш мне!.. Глядзіце, вось кінутая мною каханка, якая поўзала ля маіх ног, каб я дазволіў ёй вярнуцца да мяне, да мяне, якога яна зараз называе злачынцам!..»
Ён мог гэта зрабіць у любы момант, і калі ён пра штосьці і шкадаваў, то пра тое, што павінен адмовіцца ад каласальнага эфекту, які выклікаў бы такі вокрык.
— …а Ірэна Цеплікуўна, — працягвала Аліцыя, — была толькі маладзенькай наіўнай дзяўчынай. Проста цяжка зразумець, навошта абвінавачаны, у распараджэнні якога так шмат сродкаў спакушэння, пачаў у дадатак лгаць сваёй ахвяры, што ажэніцца з ёю. Праўда, ён нас тут запэўнівае, што ніколі Цеплікуўне гэтага не абяцаў, але відавочнасць гэтага падману была пацверджана паказаннямі гаспадароў забітай, якія не раз чулі ад яе, нават у прысутнасці Вінклера, які не пярэчыў наконт гэтага, што хутка адбудзецца іх шлюб.
Значыць, ён ашукваў дзяўчыну без якой-небудзь патрэбы, проста каб прыхарошыць сваю нізкую ролю, а потым выкарыстаў гэта для маскіроўкі свайго права забраць дзяўчыну з-пад апекі, дзе яна знаходзілася — нягледзячы ні на што — у бяспецы. Ноччу ён прыехаў яе забраць. Чаму ноччу? Хіба чалавек, у якога прыстойныя намеры, хаваецца з імі?.. Не, але Ян Вінклер не мог мець прыстойных намераў, навошта б ён хлусіў, што забірае «нарачоную» ў Кракаў, калі — як ён сам тут казаў — хацеў узяць яе да сябе на кватэру ў Варшаве?.. План яго быў просты. Вывезці абрыдлую каханку ў глуш, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад горада, забіць і кінуць у Віслу.
Ён быў настолькі ўпэўнены, што нічога не перашкодзіць яго намерам, што нават — наперакор звычцы — не пакінуў машыну ля брамкі, а адвёў яе далей, каб раптам не ўбачылі, у які бок ён паедзе.
Перашкодзіла ўсяму раптам абуджаная падазронасць дзяўчыны.
Як выявіў судовы разбор, Цеплікуўна ўжо са змяркання пачала непакоіцца, гаварыла пра свой няпэўны лёс, пра боязь і нават пра намер застацца. Старыя супакойвалі Цеплікуўну, хоць і не пакінулі па-за ўвагай нервовасць «нарачонага», і яго прыспешванне таксама падавалася ім падазроным, як і наўмысны выбар начной пары для ад’езду.
Між тым, у кветніку Цеплікуўна павінна была пачуць ад Вінклера тое, што канчаткова пераканала яе ў яго злых намерах. Яна заяўляе яму, што не паедзе, што ён павінен стрымаць абяцанне і тут, у Варшаве, пабрацца з ёй шлюбам. Тады Вінклер, які перад гаспадарамі, а пэўна і перад Цеплікуўнай, выступаў пад выдуманым прозвішчам, які ведае, што бедныя людзі гэтага раёна не змогуць адрозніць марку яго аўтамабіля, што, значыць, яму не пагражае выкрыццё, — рашаецца. Халодна забівае дзяўчыну і ўцякае, каб з хованкі даведацца, ці напалі прадстаўнікі закону на яго след. Усё тут проста і ясна.
Наколькі ж моцна адрозніваецца ад гэтай фактычнай карціны злачынства фантастычная казка, якую распавёў нам абвінавачаны, казка пра таямнічых бандытаў, якія схаваліся ў кустах язміну, пра барацьбу, якую, нібыта, ён вёў з нападнікамі і якая не пакінула ніводнага следу, пра забойцу, які страляў з тых самых кустоў, які страляў, відаць, з нейкага дзіўнага браўнінга, што пасля стрэлу не пакідае гільз.
Аліцыя ўдарыла рукой па стале:
— Сапраўды, калі б мы не ведалі, што маем справу з разумным чалавекам, можна было б дапусціць, што гэта казачка, якую распавяло малое дзіця. У дадзеных жа ўмовах нам не застаецца нічога, акрамя як назваць паказанні падсуднага ганебнымі і абуральна цынічнымі. Трэба мець ледзяное сэрца, каб стаяць над труной сваёй ахвяры і не толькі не паказаць і ценю роспачы, а кпіць з яе і з нас, каб хаця не абцяжарыць сябе прыдумваннем чаго-небудзь больш праўдападобнага, што б меней скажала элементарную логіку! Таксама абвінавачаны не тлумачыць, чаму ён хацеў забраць да сябе Цеплікуўну, чаму менавіта яе, а не якую-небудзь іншую спакушаную ім дзяўчыну. Падсудны, відаць, лічыць, што жыццё беднай манікюркі настолькі мізэрнае, што правасуддзе спусціць яму з рук яго злачынства?..
Але, Высокі Суд, вось перад намі класічны прыклад бясконцай крыўды, якую пастаянна чыняць бедным дзяўчатам і якая толькі часам даходзіць да органаў юстыцыі і патрабуе: кары, кары, кары!..