Выбрать главу

Толькі цяпер стала ясна, што дасведчаная абвінаваўца наўмысна абмінула ў першай прамове самыя цяжкія аргументы, што нездарма пакінула абаронцу некранутае поле пытанняў псіхікі падсуднага, каб толькі ў рэпліцы перакрэсліць разважанні адваката і даць яму вырашальную бітву.

З небывалым майстэрствам, не карыстаючыся нічым іншым, а толькі аргументамі абаронцы, яна сказ за сказам будавала сваё неабвержнае абвінавачванне.

Друцкі слухаў са сціснутымі вуснамі і сканцэнтраваным выразам твару. Слухаў, як яго любоў да вольнасці ў яе вуснах ператваралася ў найвялікшае злачынства, безразважны анархізм, як яго любоў да жыцця перараджалася ў пачварны эгаізм, які нічым не стрымаць, як ён ператвараўся ў жывёлу, якая карыстаецца грамадскім ладам, драпежнага звера, для якога адзіным правам з’яўляецца права наймацнейшага. Ён зразумеў, што для гэтых суддзяў, для ўсіх гэтых людзей ён ператвараецца ва ўвасабленне самага шкоднага пустазелля, якое трэба вырваць, у паразіта, само існаванне якога павінна быць небяспекай…

Атмасфера жаху запаўняла залу. Там, дзе словы былі бяссільныя, само гучанне металічнага голасу, само ўнушэнне прыгажосці Аліцыі і жывёльнае полымя, якое вырывалася з яе, павінны былі дабіцца свайго.

Калі сярод магільнай цішыні старшыня даў слова Друцкаму, ён цяжка ўстаў і хвіліну стаяў моўчкі. Ён вельмі яскрава ўсведамляў, што сваё выратаванне ён трымае ва ўласных руках, што ён можа, больш за тое, мае права, і гэта не толькі права прысутных тут людзей, але яго ўласнае права ратавацца і выратавацца. Вось зараз ён адкрые рот і прамовіць: «Шаноўныя мудрыя суддзі! Наіўныя людзі! Я не ўчыняў гэтага ганебнага забойства. Я да гэтага часу маўчаў, жадаючы абараніць майго сябра Барыса Залкінда, таму што я вельмі люблю яго і яго прыгожую жонку, бо ў іх ёсць сын, і ўласны дом, і асабістае шчасце, якое яны берагуць. Выканаўцамі забойства былі бандыты, насланыя на мяне хаўруснікамі Залкінда, разам з якімі Залкінд адправіў на той свет і абрабаваў аднаго старога жыда з Белавежы. Так, мудрыя суддзі, вы, напэўна, не здагадваецеся, што гэта паспяховая сёння прыгожая жанчына, ад выгляду якой вы ўздыхаеце і аблізваецеся, што гэты падпракурор Аліцыя Горн не далей як два дні таму клялася, што вызваліць мяне, калі я ёй прабачу тое, што ў яе халодная і брудная душа. Так, шаноўныя і паважаныя паны і пані, яна была маёй каханкай, яна абвінавачвае тут Яна Вінклера, хоць і ведае, што маё сапраўднае імя Багдан Друцкі, якога гадамі шукалі праз публікацыі аб вышуку, і я гвалтаўнік Аліцыі Жэраньскай, цяпер Аліцыі Горн. Яна мяне кахае і хоча, каб вы мяне забілі, бо жадае бачыць мой труп, а не іншых жанчын у маіх абдымках!.. Адсюль палымянасць яе абвінавачванняў, мудрыя паны суддзі…»

— Падсуднаму няма чаго сказаць?! — нецярпліва спытаўся старшыня з-за маўчання Друцкага.

Друцкі ўсміхнуўся і паківаў галавой:

— Так, мне няма чаго сказаць… праўда, пані падпракурорка?.. Нічога!..

Не паспеў ён сесці, як з-за ўзвышэння ўскочыла некалькі мужчын: падпракурор Аліцыя Горн самлела.

У зале падняўся гучны шум, сярод якога ледзь чуваць былі спешныя словы старшыні:

— Суд ідзе на нараду.

Адначасова з суддзямі з залы выйшла і Аліцыя, якую падтрымлівала некалькі калег. Яна хутка апрытомела і са слабай усмешкай дзякавала ім, тлумачачы свой стан ператамленнем і нервовым спусташэннем. Зрэшты, ёй не далі на гэта часу. Суддзі, пракуроры і розныя саноўнікі з міністэрства ў захапленні засыпалі яе віншаваннямі.

Праз чвэрць гадзіны абвясцілі прысуд: Яна Вінклера асудзілі да пакарання смерцю праз павешанне.

Абвінавачаны выслухаў прысуд спакойна. Затое яго абаронца, адвакат Шарневіч, пачаў пісаць просьбу на імя Прэзідэнта Рэспублікі аб памілаванні. Варта было з гэтым паспяшацца, таму што выкананне экзекуцыі было прызначанае на пяць гадзін раніцы.

Падпракурорка Аліцыя Горн, між тым, паклікала калегу Меснера і заявіла:

— Я вельмі прабачаюся за навязванне вам такой прыкрай функцыі, але я вас прашу замясціць мяне ад імя пракуратуры заўтра ў пяць раніцы падчас выканання прысуду, што адбудзецца на тэрыторыі Цытадэлі.

— Я з задавальненнем пазбаўлю вас ад гэтага агіднага відовішча, — адразу згадзіўся Меснер, — аднак думаю, што да экзекуцыі справа не дойдзе. Мне здаецца, пан Прэзідэнт змілуецца з гэтага Вінклера.

— Памыляецеся, — коратка адказала Аліцыя і, развітаўшыся, паехала дадому.

У яе вушах стаяў шум, і яна хісталася на нагах, уваходзячы ў сваю кватэру. Тут, дзе нічые вочы на яе не глядзелі, нервы цалкам далі сабе волю. Яна кінулася на тахту і, нервова сплёўшы пальцы, пачала грызці іх да крыві.