Выбрать главу

Не мінула і хвіліны, як адтуль выбег у расшпіленым халаце дзяжурны:

— Што такое! — ускрыкнуў ён, падбягаючы на насілак. — Відаць, калега зрабіў памылку, калі запісваў! Аліцыя Горн? Пракурор Аліцыя Горн?

— Так. Стрэл у вобласць сэрца, стан вельмі цяжкі.

Лазіньскі адкрыў твар параненай і пакруціў галавой:

— А-ёй! Канец свету! Слухайце, калега, я яе ведаю. Сёлета на Хелі яна ледзь не патанула… Ну, але за работу!

Паколькі доктар Лазіньскі не належаў да тых марудлівых урачоў, якім заўсёды не хапае хуткасці ў прыняцці рашэнняў, праз чвэрць гадзіны параненай зрабілі рэнтген і яна ляжала на аперацыйным стале. Куля засела пад левай лапаткай, шчасліва абмінуўшы сардэчную сумку. Уласна кажучы, яе дарога праходзіла праз сэрца, але яно, як часта здараецца, у момант стрэлу павінна было скараціцца. Аднак жа вельмі моцны ўдар раскалоў костку ў месцы, дзе яна злучаецца з ключыцай, што магло не толькі паўплываць на функцыю рукі, але і сам працэс вымання кулі надта ўскладняла. Да таго ж, і вельмі моцнае ўнутранае кровазліццё не прадвяшчала нічога добрага.

Аперацыя доўжылася дакладна гадзіну і дваццаць дзве хвіліны, і хоць Лазіньскі быў апантаным хірургам, калі ўжо ён аддаў пацыентку ў рукі медсясцёр, то ўпаў у крэсла і лаяўся добрых пяць хвілін лексіконам сапраўднага бадзягі. Нарэшце ён памыўся, таму што ўвесь быў мокры ад поту, і паклікаў служку, каб ён злучыў яго з такім вось нумарам.

— Гэта кватэра доктара Чухноўскага? — спытаўся ён.

— Так. Але ён яшчэ спіць.

— Дык будзіце яго зараз жа. Доктар Лазіньскі на сувязі.

Праз хвіліну заспаны Чухноўскі падышоў да апарата:

— Што здарылася, Ромэк?

— Прыязджай, Уладэк, зараз жа ў бальніцу, хутчэй.

— У мяне сёння выхадны, — запратэставаў Чухноўскі.

— Ідзі ты са сваім выхадным! Разумееш? Прыязджай зараз, ды вазьмі таксі, бо я цябе чакаць не буду, а ты потым сам пашкадуеш.

Калі Чухноўскі прыехаў, Лазіньскі ўвапхнуў яго парай штуршкоў у кабінет:

— Ты кажаш, Уладэк, — пачаў ён, — не тваё дзяжурства, але ў мяне тут такая пацыентка, ля якой ты сам захочаш дзяжурыць.

— Чаму гэта? — зяўнуў Чухноўскі.

— Ды вось, хуткая прывезла. Спроба самазабойства, але запісана як выпадак са зброяй. Так пажадала паліцыя. Паскудная рана. Працята левае лёгкае і лапатка. Я там усё прыбраў, ну і, можа, прамыецца, з паўгода ў ложку, жалезна.

— Ну добра, — паціснуў плячыма Чухноўскі, — не разумею, аднак, навошта ты мне гэта гаворыш і чаму я павінен утойваць, што гэта была спроба самазабойства?

— Утойваць? Ды таму, што самазабойца — значная фігура, не абы-хто… пракурор Аліцыя Горн.

Чухноўскі ўскочыў, смяротна збялеў, адкрыў вусны, захістаўся і ўпаў у крэсла.

— Толькі не млець мне тут! — рыкнуў Лазіньскі. — Ты, румза! Я табе кажу, што ёй нічога не будзе. Хадзем, я праводжу цябе да яе, ну!

У маленькім белым пакоі без кроплі крыві на твары з закрытымі павекамі ляжала Аліцыя.

Чухноўскі ўкленчыў перад ложкам, і ціхае рыданне стала трэсці яго сагнутую спіну. Вусны прыпалі да нерухомай белай рукі на коўдры, а слёзы болю, слёзы спачування, слёзы надзеі і шчасця падалі з яго вачэй так густа, што ніхто не здолеў бы адрозніць, якая з іх якім пачуццем была выклікана.

Доктар Лазіньскі хвіліну стаяў моўчкі, нарэшце махнуў рукой і выйшаў, асцярожна замыкаючы за сабой дзверы.

Раздзел 31

Роўна а чацвёртай наглядчык ніжняга калідора ў турме на Павяку пастукаў у камеру асуджанага. Наглядчык адчыніў дзверы, увайшоў і стаў як укапаны: мужчына, які знаходзіўся ў камеры, спаў глыбокім сном і на гукі звонку не звярнуў ніякай увагі, нібыта не ведаў, што з сённяшняга дня для сну ў яго будзе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі аж да канца свету.

У двары ўжо чакала закратаваная машына. У ёй, акрамя асуджанага, занялі месцы тры рослыя наглядчыкі, спераду ля шафёра сеў камісар паліцыі. Да таго ж, аўто суправаджаў паліцэйскі на матацыкле.

— Можаце тэлефанаваць у Цытадэль, што мы выязджаем, — крыкнуў камісар начальніку турмы, які выглядваў з акна, і даў знак кіроўцу.

Матор завуркатаў, адчынілі вароты і машына паехала. На вуліцы адразу яе апярэдзіў матацыкл. Пасля дробнага дажджу, які сыпаў цэлую ноч, дарогі вузкіх старых вуліц былі пакрытыя бліскучай вільгаццю.

Горад яшчэ спаў, і толькі зрэдку тут і там было відаць мінака або рамізніка на рагу.

— Дай газу, — сказаў камісар, — дарога чыстая, чаго валачыся, як на пахаванні.

— А ці ж гэта не пахаванне, — буркнуў вадзіцель, але дадаў газу, і машына з ветрыкам уехала за матацыклам у доўгую вузкую вуліцу.