Выбрать главу

— Глупства — гэта найвялікшае злачынства, — сказала нібыта сама сабе Аліцыя і ўстала.

— Што ж, — дадала яна праз хвіліну, — свет жыве глупствам. Не ўсе хапаюцца за рэвальвер. Некаторыя, як Павел, учыняюць самагубствы. Я пагарджаю імі, ненавіджу іх!.. Тапельцы, якія ідуць на дно, упіваюцца ў душы іншых, каб іх таксама зацягнуць…

Аліцыя паклала руку Чухноўскаму на плячо і сціснула пальцы:

— Але ёсць такія, хто не дасць сябе зацягнуць. Ты думаеш, я спачуваю Паўлу? Можа, шкадую? Не, сто разоў не, толькі нянавісць за яго, і за сябе, і за наша страчанае шчасце…

— Так, я цябе разумею… — пачаў няўпэўненым голасам Чухноўскі.

— Не разумееш! Не можаш зразумець, што хтосьці здолеў зрабіць трагедыю з недаказанай віны каханай і закаханай жанчыны, каб, ведаючы пра беспадстаўнасць, з-за глупства сваіх прэтэнзій да лёсу, зламаць жыццё сабе і ёй, каб крыўду, якая напаткала яе ў дзяцінстве, крыўду, звычайную крыўду ператварыць у вар’яцкую прагу знішчэння найлепшых, найпрыгажэйшых пачуццяў! О!.. ніколі я яму гэтага не прабачу! Ніколі!..

Яе вочы ўтаропіліся ў Чухноўскага, здавалася, яна звяртаецца да яго — а ён адчуваў сябе толькі выпадковым сведкам гэтага выбуху.

— Ні разу, — прамовіў ён, — ты не згадвала мне, чаму вы з Паўлам усё ж такі разышліся?

Аліцыя здрыганулася.

— А?..

— Ты ніколі не гаварыла, чаму вы з Паўлам разышліся.

— Вы разышліся? — спыталася яна з іроніяй. — Не, мой мілы сябар, мы не разышліся. Ён мяне кінуў! Чуеш?! Кінуў! Адразу назаўтра! Пасля адной-адзінай страшнай ночы!..

Аліцыя закрыла твар рукамі і нахіліла галаву.

Доктар бездапаможна сядзеў. Божа мой! Ён бы жыццё аддаў за тое, каб змагчы вырваць з яе гэты боль, тайны якога ён не ведаў. А пытацца больш не адважваўся.

— Пракляты, хай будзе пракляты! — прамовіла Аліцыя праз сціснутыя зубы.

— Аля! Аля! Супакойся! — прасіў Чухноўскі, — падумай, можа, яго ўжо няма ў жывых…

— Дык няхай памяць яго будзе праклятая!

— Аля, забудзься пра яго. Убачыш, тады ты з часам знойдзеш у сабе прабачэнне… У цябе зараз ёсць я…

Аліцыя неспадзявана падняла на яго вочы і нервова рассмяялася:

— Ага! Ты!..

Чухноўскі скурчыўся. Столькі непаважлівай паблажлівасці гучала ў яе голасе.

— Канечне, у мяне ёсць ты, — гаварыла яна, не мяняючы тону, — запэўніваю цябе, што гэтага мне цалкам досыць. Але ўяві сабе, што калі я сустрэла Паўла, мне было гадоў дзевятнаццаць. Тады яшчэ, мой дарагі, я была дурніца, такая дурніца, як усе жанчыны, тады верыла, што маё шчасце не мець кагосьці, а належаць камусьці, быць яго ўласнасцю. А цяпер… мне дваццаць восем, погляды перагледжаны, ну і… у мяне ёсць ты.

Яна зноў засмяялася:

— Так, дарагі Уладэк, у добрае рэчышча я скіравала сваё суцяшэнне. Але засцерагаю цябе, не звяртайся з гэтым да іншых жанчын, якія яшчэ не пазбавіліся ад… амбіцый нявольніцтва.

Аліцыя зноў была спакойная і ўраўнаважаная.

— Ну, але да справы. Дык прафесар Бруніцкі нічога не ведае пра пана Паўла Горна?

— Нічога, акрамя таго, што ён быў змешчаны ў лячэбніцу ў Творках.

— Спадзяюся, што ты выслаў запыт у адміністрацыю ўстановы?

— Так, адразу ж пасля клінікі я зайшоў на пошту і выслаў ліст. Для адказу даў свой адрас, бо вырашыў, што табе было б прыкра…

— Усё роўна, — паціснула плячыма Аліцыя, — да таго ж, я не спяшаюся.

— Ты сёння вельмі злая са мной, Аля, — ціха сказаў доктар.

Аліцыя пагладзіла яго па лысеючай галаве:

— Бачыш, — усміхнулася яна, — гэта для раўнавагі: ты са мной надта добры. Ага! Мне тэлефанаваў твой сябар…

— Лэнчыцкі?

— Лэнчыцкі. Мы дамовіліся, што пойдзем у тэатр на Шоу, а пазней павячэраць у «Савой». Значыць, ты павінен пайсці дадому і пераапрануцца.

Чухноўскі скрывіўся:

— Зноў! Ужо трэці раз за гэты месяц! Я так не выношу забягалаўкі!

— Можаш не ісці.

— Як гэта магу? Не магу. Ты толькі падумай: у цябе зранку суд, у мяне бальніца, у Лэнчыцкага яго канцылярыя. Зноў працягнецца да другой ці трэцяй…

— Ой, які ты нудны! Глянь, ужо без дваццаці сем. Спознішся ў тэатр.

Доктар уздыхнуў і ўстаў:

— Па цябе заехаць?

— Не, — пахітала галавой Аліцыя, — сустрэнемся ў вестыбюлі. Купі білеты дзе-небудзь у шостым радзе. Толькі будзь ласкавы, памятай, што я плачу за сябе.