Выбрать главу

— Чорт! — вылаяўся госць скрозь зубы. — Што за агідны звярынец!

У той жа момант у дзвярах, схаваных за парцьерай, шчоўкнуў замок і на парозе з’явіўся худы нізкі чалавек у чорным. Яго незвычайна дробная і ненатуральна белая рука павольна пацягнулася да выключальніка, і яркае святло заліло пакой.

Два чалавекі моўчкі прыглядаліся адзін да аднаго.

— Як справы, Факір? — урэшце парушыў маўчанне гаспадар, і яго вузкія вусны скрывіліся ў слабай усмешцы. — Рады бачыць цябе зноў.

Госць працягнуў руку і моцна патрос вузкую далонь прафесара:

— Дрэнна, — адказаў госць нізкім голасам, — таму ты маеш прыкрасць мяне бачыць, дарагі Караль.

Ён глядзеў прама ў тоўстыя лінзы прафесара, праз якія на яго пазіралі праніклівыя чорныя вочы, і дадаў:

— Дазволіш сесці?

— Ну канечне, калі ласка, дарагі Факір, прабач мне няўважлівасць.

Гаспадар падсунуў да госця крэсла — і да яго даляцеў моташлівы смурод хлараформу.

— Я адарваў цябе ад працы, — сядаючы, заўважыў Факір.

— О, зусім не.

— Мне так падалося. Ад цябе патыхае хлараформам. Я з задавальненнем закурыў бы.

— Гэта яшчэ з клінікі, — цвёрда адказаў прафесар. — У клініцы ўсё смярдзіць хлараформам.

Доктар дастаў вялікі залаты партабак і падаў Факіру.

— М-да… — пачаў госць праз хвіліну. — Ты багаты… Вельмі багаты.

— Вельмі, — абыякава паўтарыў прафесар. — А што ж ты хацеў? Я не ўмею марнаваць грошы.

— Вельмі спачуваю, — рассмяяўся госць. — І па-ранейшаму абдзіраеш пацыентаў?

— Не. Я ўжо некалькі гадоў не практыкую.

Велізарны буры кот цяжка саскочыў з канапы і пачаў церціся аб ногі свайго гаспадара.

— Ты палюбіў катоў, — заўважыў мужчына, які называў сябе Факірам. — Яны цікавяць цябе як псіхіятра? Не разумею, як можна трымаць дома столькі гэткай брыдоты.

Прафесар не адказваў і па-ранейшаму не зводзіў вачэй з госця.

— Даўно мы не бачыліся, — урэшце прамовіў ён. — Гадоў дзесяць, мо і болей… Але ты не пастарэў. Вочы гараць, дыхаеш на поўныя грудзі… Відаць, твой лад жыцця табе на карысць…

— Але саракоўнік адчуваецца. Глянь, у мяне на скронях пасівелі валасы.

Прафесар іранічна ўсміхнуўся.

— Цябе гэта, хіба, не турбуе, жанчынам такое падабаецца… А лёгкая сівізна валасоў дадае, між тым, пэўнай паважнасці, саліднасці, што, думаю, толькі табе на карысць.

Госць акінуў гаспадара панурым позіркам.

— Халодна мне, — сказаў Факір. — Я не адмовіўся б ад кілішка гарэлкі.

— На жаль, у мяне няма… Магу, хіба, прапанаваць спірту…

— Давай.

Праз хвіліну прафесар вярнуўся з вялікай аптэчнай бутляй. Ад яго адзення зноў патыхнула хлараформам.

— Ты галодны? — спытаўся доктар.

— Мне ўсё роўна, — парыраваў Факір. — Зараз я хачу сагрэцца.

Ён наліў сабе поўную чарку і выпіў залпам.

— У цябе шырокая глотка, — заўважыў прафесар.

— Дай мне яшчэ папяросу: ад цябе страшна нясе гэтым хлараформам.

— Табе здаецца, — скрывіўся гаспадар. — Ну, расказвай ужо: даўно ты ў Варшаве?

— Сёння прыехаў.

— Доўга збіраешся тут пасціся?

— Яшчэ не ведаю, пабачым.

— А… А не баішся, што цябе пазнаюць?

Госць паціснуў плячыма.

— Сумняваюся… Столькі гадоў, — зацягнуўся ён. — Ты нічога пра яе не чуў?..

— Не. Відаць, яна ўжо дарослая, выйшла замуж.

— Д’ябал!..

— А ты сабе паламаў жыццё. Калі ты ўцёк за мяжу, я думаў, аднак, што нейк станеш на ногі. Але хто раз трапіць на крывую сцежку…

— Давай забудзем пра гэта, — перарваў доктара Факір, наліў сабе новую чарку і ўмомант яе асушыў.

— Адкуль ты прыехаў? — запытаўся прафесар.

— З усяго свету.

— Табе, відаць, ва ўсім свеце зрабілася зацесна, калі ты рызыкнуў вярнуцца.

У голасе прафесара прагучала зласлівая нотка.

— Слухай, Караль, — буркнуў госць, — не па тое я да цябе прыйшоў, каб ты з мяне кпіў. Ведаеш… мне губляць амаль няма чаго!..

Позірк прафесара праслізнуў па высокім ілбе, сціснутых сківіцах, шырокіх плячах і спартыўнай фігуры госця.

— Супакойся, — ціха загаварыў гаспадар. — Ты ведаеш, што я цябе не баюся, як і тое, што… А да тваёй маральнасці і праблем з законам мне справы няма. Я над гэтым… не таму, што па старой дружбе адчуваю нейкія абавязацельствы ў дачыненні да цябе, а проста… па разліку.

— Я цябе не разумею.