— Дабранач, малышка, спі спакойна, і няхай табе прысняцца анёлкі!
Сакратарка паднялася на дыбачкі і пацалавала яго ў вусны якраз у той момант, калі Юстэк паднімаў галаву.
Яна пачырванела і выбегла. Праходзячы ля бара яна ссунула бровы: гэтая малпа Казя заўсёды тут цікуе. Брыдкая какотка!
Яна вырашыла заўтра спытаць у швейцара: з ёй выйшаў дырэктар або адзін.
А Друцкі яшчэ і не думаў выходзіць. Ён спачатку праверыў з Юстэкам касу, потым адпусціў яго, адчыніў сейф і паскладваў грошы.
Дырэктар разумеў, што рызыкуе, трымаючы тут так шмат наяўных. Усе ў рэстаране пра гэта ведаюць, а дзе спакуса, там і злодзей. Але што ён мог з гэтым зрабіць? Банкі адчыняюцца толькі а дзявятай, а ён не мог сябе пазбавіць дзвюх гадзін і без таго невялікай порцыі шасцігадзіннага сну, які сабе дазваляў.
Пазней, канечне, будзе лепей, але цяпер, напачатку, ён павінен сам усё дагледзець. Трэба навучыць людзей парадку, увесці, з аднаго боку, строгую дысцыпліну, а з другога — заахвоціць да працы.
Дырэктар схаваў ключы ў кішэню і выйшаў на калідор. Найперш зазірнуў на кухню, дзе якраз ужо скончылі шараваць бляхі і мыць посуд, зайшоў у скляпы, каб паглядзець, ці ўсё пазамыкана, зрабіў заўвагу гаспадыні за непагашанае святло ў халадзільніку і пахваліў яе за змяншэнне колькасці пабітага шкла.
Ён пагутарыў з паварчукамі, ушчыпнуў за шчочку пухлую афіцыянтку і пайшоў у залу. Вентылятары ўжо закрылі, пыл выцерлі. Работнікі вялікімі палотнамі пакрывалі мэблю.
— А ты, малышка, чаго тут сядзіш? — здзівіўся дырэктар, убачыўшы Казю.
— Я… я… таго, — заікалася яна, — я чакала…
— Чаго ты чакала?
— Ну, пана дырэктара.
— Што такое? Я слухаю.
Сеньярыта Фіямета маўчала. Друцкі выдатна ведаў, у чым справа, але наўмысна спытаўся:
— Што, можа, пазыка?
— Э-э-э-э… не, пан дырэктар.
Казя была вельмі прыгожая, і ў яе рухавых ноздрах было штосьці пікантнае. А паколькі яна танцавала сваё танга амаль голая, Друцкі ведаў, што ў яе была цудоўная фігура, і яна была спартыўная, як цыркачка.
Калі ён да гэтага часу ёй не зацікавіўся, то толькі таму, што ўсе казалі, быццам Казя жыве з альфонсам Ізмайлавым, да таго ж, сам ён быў вельмі заняты.
— Ну, дык што? — спытаўся дырэктар.
— Э-э-э-э… пан дырэктар робіць выгляд, што не ведае.
— Што не ведаю чаго? — дражніў Казю Друцкі.
— Ну, што пан дырэктар мне падабаецца…
— О-о-о-о!
— Я ведаю, што пан дырэктар усім вельмі падабаецца. Што і гаварыць! Палова гэтых баб, што цяпер з дзвярэй і вокнаў валяць да нас, гэта ўсё дзеля пана дырэктара.
Друцкі рассмяяўся.
— Няхай пан дырэктар з мяне не смяецца, вы самі ведаеце, што жанчыны на вас ляцяць…
— І ты, малышка, таксама?..
— Таксама.
Ён зноў рассмяяўся, хоць крыху і крануў яго гэты просты адказ.
— Вы толькі не падумайце, што я лячу на вашы грошы, — пагардліва надзьмула вусны Казя, — я магу мець болей бабак, чым мне патрэбна… Пан дырэктар сам бачыць, што самыя багатыя госці змагаюцца за мяне. Але вы мне так падабаецеся, бо вы міравы мужык і ўвогуле…
— Асцярожна, малышка, бо я заганаруся. Ну, пагутарым калі-небудзь пра гэта яшчэ, а цяпер пара спаць.
Дзяўчына апусціла галаву:
— Я вам не падабаюся, — сказала яна ціха.
— Ты зноў за сваё, толькі трэба ісці спаць, позна ўжо.
Казя схапіла яго за руку:
— Пан дырэктар, паехалі да мяне снедаць.
— Але мне пара ў ложак, мая малышка.
— У мяне таксама ёсць ложак, пан дырэктар!.. Ну пан дырэктар…
Друцкі сапраўды быў стомлены, і яго крыху раздражніла настырнасць гэтай танцоркі. Таму ён сказаў з’едліва:
— Што ёсць, я ведаю, але ці часам не заняты?
Казя тут жа адпусціла яго руку і адвярнула галаву.
— Вось як… — шапнула яна, — што ж… вам можна так плюнуць мне ў твар… можна… я такая, што са мной так і трэба…
Друцкаму стала непрыемна.
— Ціха, малышка, — сказаў ён, — я не хацеў цябе пакрыўдзіць, я пажартаваў, ну, усміхніся, ну давай! Вось і добра! А калі ты заўтра запросіш мяне на снеданне, то я з задавальненнем прыеду. З вялікім задавальненнем! А сёння я не магу. Ну, бывай, малышка!
Друцкі пагладзіў яе па шчочцы і адвярнуўся:
— Яворэк! — крыкнуў ён. — Маё футра!
У дзвярах яшчэ кіўнуў галавой задаволенай Казі і выйшаў.
Быў моцны мароз, снег хрусцеў пад нагамі. У таксі, куды сеў Друцкі на рагу Шпітальнай, завуркатаў матор, і шафёр патраціў добрыя тры хвіліны на тое, каб машына паехала.
У атэлі было, як кожны дзень у такую пару, яшчэ зусім ціха. Друцкі прыняў халаднаватую ванну, выцерся калючымі ручнікамі, аж скура заружавелася, выпіў кілішак каньяку, завёў будзільнік на дванаццаць і лёг спаць.