Выбрать главу

Заснуў ён адразу. Яго здаровы арганізм працаваў спраўна, без збояў, і пасля пяці гадзін здаровага сну з былой лёгкасцю быў гатовы да самага актыўнага жыцця.

На працягу гадзіны Друцкі пагаліўся, памыўся, апрануўся і патэлефанаваў Залкінду:

— Ці ёсць пан Залкінд?

— А хто гэта? — спытаўся жаночы голас.

— Гэта Вінклер.

Адказам на гэта быў гучны піск у трубцы.

«Што за чорт», — падумаў Друцкі.

— Капітане! Капітане! — усклікваў радасны жаночы голас. — Гэта я! Люба! Добры дзень, дарагі капітане! Як жа я рада!

— Пані Люба? Ага! Цудоўна! Вы сёння прыехалі?

— Сёння, сёння раніцай, дарагі капітане! Барыс! Барыс! Капітан звоніць! Вось дык удалы прыезд, капітане; гэта для мяне добры знак: першы званок, на які я адказала, быў ваш! Менавіта ваш!.. Глядзі, Барыс, якое шчасце! Я думала, што звар’яцею ад радасці, калі даведалася, што вы прыехалі ў Польшчу!..

У трубцы пачуўся голас Залкінда:

— Яна не хоча аддаваць мне трубку — вось што ты, капітане, вытвараеш з маёй роднай жонкай!

— Зараз жа прыязджайце да нас, тэрмінова прыязджайце, — крычала Люба.

— Зараз не магу, мае родненькія, але а шостай-сёмай, канечне, прыеду. Як жа здароўе, пані Люба? Дапамагла Крыніца?

— Ах, што там здароўе, калі б я ведала, што капітан у Варшаве, то гэта б мне больш дапамагло, чым Крыніца. І з вамі бачылася б, і здаровая была б, і па сорак пяць злотых за дзень не плаціла б за пансіён і лячэнне. Але вы мяне не пазнаеце, я цяпер — старая баба, замужняя баба, я так пабрыдчэла з нашых амерыканскіх часоў, што вы мяне не пазнаеце…

— Няпраўда, — улез у размову Залкінд, — нічога не пабрыдчэла, яшчэ папрыгажэла…

— Ой, што ты кажаш, Барыс! Не слухайце яго, бо падумаеце, што я не пабрыдчэла і яшчэ расчаруецеся. А вы яшчэ майго малога не бачылі, майго самага салодкага дзіцяці!..

Нарэшце Залкінд узяў трубку, і Друцкі мог яму расказаць, што ўчарашняя выручка зноў пабольшала, што справы ідуць выдатна і што праз месяц «Аргенціна» пэўна будзе самым папулярным начным клубам сталіцы.

— Каб вашы словы ператварыліся ў золата, капітане, — адказаў яўрэй, — ды нават і не трэба ператвараць, бо яны не што іншае, як найчысцейшае золата!

Паглядзеўшы на гадзіннік, Друцкі хутка развітаўся з Залкіндам і выбег на вуліцу.

Загадаў ехаць на плошчу Люблінскай уніі, адкуль тры крокі было да ўніверсітэцкай псіхіятрычнай клінікі.

— Ці на месцы яшчэ пан Бруніцкі? — спытаўся ён у дзяжурнага.

— Так. А вы прыватна ці…

— Прыватна.

Дзяжурны паклікаў хлопца, і Друцкі даў яму сваю візітоўку.

Праз хвіліну прафесар сам выйшаў на калідор.

— Калі ласка, — коратка сказаў ён.

Яны падалі адзін аднаму руку.

— Я прыйшоў, Караль, аддаць табе пазыку і падзякаваць за яе. Дазволіш? Ці, можа, ты заняты?

— Сядай, калі ласка.

Прафесар уважліва прыгледзеўся да Друцкага:

— Я бачу, ты хутка асвоіўся ў Варшаве. Табе пашанцавала?

Друцкі кіўнуў галавой.

— Дзякуй табе. Так. Я саўладальнік «Аргенціны».

— Аргенціны? Што гэта такое? Фірма?

Друцкі рассмяяўся:

— Чалавеча! Дзе ты жывеш? Усе ж часопісы поўныя абвестак пра «Аргенціну», на вуліцах каля двух дзясяткаў светлавых рэклам, тысячы плакатаў!.. «Аргенціна» — гэта начны клуб, бар, танцы…

— Ага! Не ведаў. Я ніколі не бываў у рэстаранах, а тым больш у начных.

Друцкі паціснуў плячыма:

— Дрэнна.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Проста на выгляд ты страшэнна стомлены, змардаваны, спустошаны ўшчэнт. Нельга ж жыць толькі працай. Як псіхіятр ты лепш за іншых ведаеш, што адпачынак абавязковы…

Бруніцкі махнуў рукой:

— Гэта не для мяне.

— Чаму?

— Не радуе мяне гэта.

— Я цябе разумею, — праз хвіліну сказаў Друцкі, — я разумею хутчэй тваё нежаданне, тваю незацікаўленасць у забавах пасрэдных людзей…

— Пасрэдна шчаслівых, — паправіў прафесар, і яго вусны скрывіліся ў горкай усмешцы.

— І ўсё ж, — стаяў на сваім Друцкі, — усё ж я настойваю: спрабуй. Спадзяюся, ты не сумняваешся, што я да цябе больш чым прыязны.

Прафесар Бруніцкі апусціў галаву:

— Ну… так… я думаю, так…

У яго голасе і знешнім выглядзе было столькі мукі, што Друцкі адчуў у грудзях амаль фізічны боль.

— Караль, — паклікаў ён, — Караль! Дарагі сябар! Ох, калі б я толькі ведаў, як вырваць з цябе гэтую страшную муку! Я паўжыцця за гэта аддаў бы!

Прафесар схапіў яго за руку:

— Так, так, і я так думаю, — сказаў ён з бляскам у вачах. — І я думаю, што ты павінен мне дапамагчы!