— Калі б я ведаў, чым! Калі б мог!
— Можаш.
— Я? — здзівіўся Друцкі.
— Можаш, Багдане, можаш і павінен мне дапамагчы.
— Але як?
Прафесар панізіў голас:
— Ёсць толькі адно лякарства ад маёй трагедыі: адказ, адказ навукі, пацвярджэнне. Для яго атрымання я гатовы на ўсё… Разумееш? На ўсё, не грэбуючы нават злачынствам!
— Як гэта?
— Не буду табе зараз тлумачыць дакладна. Я толькі хачу ведаць, ці гатовы ты рызыкнуць…
Друцкі са здзіўленнем глядзеў яму ў вочы.
— Ну, словам, ці мог бы ты ўчыніць…
— Злачынства?
— Урэшце, так, — прашаптаў прафесар, — злачынства.
Друцкі засунуў рукі ў кішэні штаноў і ўстаў. На яго лбе надуліся тоўстыя шнуры жыл. Бровы ссунуліся.
— Маўчыш? — прашыпеў прафесар. — Бачыш, маўчыш, вось табе і «паўжыцця»… Ха… ха… ха… Ты ўмееш абыходзіцца з крымінальным кодэксам, але цяпер…
— Досыць! — перарваў Друцкі. — Сціхні! Вось мая рука.
Прафесар хціва ўхапіў абедзвюма рукамі далонь Друцкага.
— Слова? — спытаўся ён ціха.
— Слова. Ну дык кажы.
— Не зараз, — сказаў Бруніцкі, — але хутка ты мне спатрэбішся. Ні пра што не пытайся.
— Як хочаш. Ведай толькі, што я не адступлюся. Я ў тваім распараджэнні.
Зазваніў тэлефон.
— Ало, — адказаў прафесар.
— …
— Ага, дзякуй вам…
— …
— Не, мне гэта не патрэбна. Патэлефануйце доктару… зараз, у мяне тут недзе ёсць яго візітоўка… ага, вось. Патэлефануйце доктару Уладзіславу Чухноўскаму. Нумар 187–27. Ён будзе вам удзячны.
— …
— Не, зрэшты, не ведаю. Вы проста скажыце, што атрымалі інфармацыю, што гэты… ну, як яго, Горн, памёр.
— …
— Добра. А калі яму патрэбныя падрабязнасці, няхай сам да іх звернецца. Да пабачэння. Дзякуй вам, зараз, зараз, выгляньце, калі ласка, у акно, мая машына ўжо перад клінікай?.. Так? Ну, дык дзякуй вам! Да пабачэння.
Прафесар паклаў трубку і выцер далонню лоб.
— Сапраўды, я вельмі выматаны. Можа, ты і маеш рацыю, можа, і сапраўды мне патрэбны якія-небудзь новыя ўражанні?
Друцкі ўзяў яго пад руку:
— Паслухай мяне, Караль. Раю табе, прыйдзі як-небудзь у маю «Аргенціну».
— Я табе распужаю публіку сваёй страшнай мінай, — усміхнуўся прафесар.
— Пра гэта ты не хвалюйся.
— Можа, і выберуся калі-небудзь.
— Ну, а цяпер ты спяшаешся дадому?
— Так…
Прафесар завагаўся і, не гледзячы на Друцкага, спытаўся:
— Можа, ты са мной паабедаеш?
— З задавальненнем. Калі гэта табе не перашкодзіць, Караль.
— Ніяк. Ну дык хадзем.
Друцкі бачыў унутраную няўпэўненасць прафесара і намаганне, якое ён павінен быў зрабіць над сабой, каб агучыць гэта запрашэнне. Аднак Друцкі рабіў выгляд, што нічога не заўважае.
Перад клінікай спыніўся вялікі чорны лімузін.
— Якая цудоўная машына! — усклікнуў Друцкі і раптам яму падалося, што ён ужо некалі бачыў гэтае аўто.
— Табе падабаецца? Зразумела… Гэта мой апошні набытак.
Вадзіцель, мажны мужык у мядзведжым футры, выскачыў і адчыніў перад імі дзверкі. Прафесар звярнуўся да яго:
— Ну, і як матор?
— Як і раней, пане, працуе бездакорна, але па трох днях цяжка меркаваць…
— Я яго купіў выпадкова, патрыманы, але яшчэ ў вельмі добрым стане, — сказаў Бруніцкі, сядаючы ля Багдана. — Ты ведаеш гэтую марку?
— «Рынкляр»?
— Так, васьміцыліндравы.
— Добрая машына, але дарагая ў эксплуатацыі, — выказаў сваё меркаванне Друцкі. — Мой знаёмы, адзін бразільскі кававы магнат, які мяняў аўтамабілі, як пальчаткі, казаў, што «рынкляр» па-за канкурэнцыяй.
І сапраўды, аўто, нягледзячы на вельмі моцны мароз, рушыла з месца лёгка і ціха, і ішло як па масле.
Менш як праз пятнаццаць хвілін яны былі на месцы.
Віла прафесара Бруніцкага цяпер, пры дзённым святле, здалася яшчэ большай, чым тады, ноччу.
Гаспадар выняў ключы (відаць, брамка нават днём замыкалася) і праз хвіліну яны аказаліся ў вітальні. Убачыўшы іх, служка сарваўся з крэсла, той барадач з панурым тварам.
— У нас на абедзе госць, — звярнуўся да яго прафесар. — Пазвані пану доктару і можаш падаваць.
Яны апынуліся ў прасторнай зале, ужо вядомай Друцкаму па папярэднім візіце.
Усё тыя ж каты!
Амаль на кожным прадмеце мэблі іх было безліч. Чорныя, бурыя, белыя, ангорскія, сіямскія, сібірскія — усе велізарныя, лянівыя, укормленыя.
Бруніцкі папрасіў прабачэння ў госця і знік за дзвярыма, закрытымі тоўстай парцьерай.
Пачынала цямнець. Друцкі ўзяў у руку кніжку, што ляжала на стале, і вырашыў уладкавацца ў крэсле ля акна. Дзеля гэтага ён хацеў сагнаць з крэсла вялікага шэрага ката. Жывёліна, аднак, не паварухнулася, і Друцкі падумаў ужо ляпнуць яе кніжкай па лбе, як вярнуўся прафесар.