Выбрать главу

— Хадзем у сталовую, — паказаў ён Друцкаму на белыя дзверы налева. — Што, ты праглядаў гэтую працу? Вельмі займальная, прама сенсацыйная… Назіранне Шэрынга над уплывам жывёльных гармонаў на развіццё раслін.

З хола трэба было прайсці цераз кабінет, вытрыманы ў гатычным стылі, цераз бібліятэку, якая ад высокай столі аж да падлогі была поўная паліц з кнігамі, і трапіць у малую белую сталовую.

Пасярэдзіне стаяў круглы стол, на якім было тры прыборы, ля сцяны нізкі буфет і некалькі крэслаў.

— Даруй, Караль, — загаварыў Друцкі, — але я, далібог, не маю паняцця пра гэта. Ну, я ведаю, што гармоны — гэта выдзяленні залоз… Хм, я гэта сабе ўяўляю як… вітаміны чалавечага або жывёльнага арганізма…

Дзверы насупраць ціха прыадчыніліся і ўвайшоў доктар Кунокі.

Ён ветліва павітаўся з Друцкім:

— Як вынікі маёй аперацыі? — спытаўся ён сваім меладычным голасам. — Правільна загаілася?

— Дзякуй, пан доктар, загаілася выдатна.

З’явіўся барадач з падносам. Ён паставіў перад Бруніцкім і госцем медныя каструлькі з нейкім запечаным мясам, а перад японцам некалькі невялікіх порцый салатаў з гародніны.

— Вы вегетарыянец, доктар? — зацікавіўся Друцкі.

Доктар Кунокі ўсміхнуўся:

— Я зашмат працую з мясам, каб любіць яго есці.

— Мы якраз, — прафесар кашлянуў, — гаварылі з панам… Вінклерам пра гармоны ў сувязі з назіраннямі Шэрынга.

— Ах, дык вы гэтым займаецеся? — зацікавіўся доктар Кунокі.

— На жаль, доктар, я поўны дылетант, арыентуюся ў гэтых пытаннях, як у лесе, спадзяюся толькі на інтуіцыю.

— Не змяншай ролі інтуіцыі, — адклікнуўся прафесар, — яна адыгрывае ў навуцы велізарную і творчую, хутчэй творчую ролю.

— А вы ведаеце, доктар, — звярнуўся ён да японца, — пан Вінклер нядаўна сказаў, што ўяўляе сабе гармоны як раслінныя вітаміны. Цікава, праўда?

— Не трэціруйце мяне, спадарства, — рассмяяўся Друцкі, — крыху літасці да прафана!

— Прафана?! Як бы моцна падзякавала такім людзям мудрая афіцыйная навука, калі б набралася розуму!

— З вуснаў вучонага гэта гучыць як парадокс, — заўважыў Друцкі.

— Не, пане, — паківаў галавой доктар Кунокі, — я сур’ёзна. Афіцыйная навука вякамі закрывала сабе пагардай доступ да вялікіх праўд, што часта тояцца ў самых дзікіх, на першы погляд, забабонах розных народаў.

— Ці не хоча пан доктар сказаць, — здзівіўся госць, — што цяпер навука звяртаецца да гэтых забабонаў.

— Не звяртаецца, — сказаў прафесар, — але часта заўважае, што яны слушныя. Гэта не адмяняе таго факта, што некаторыя з іх цалкам абсурдныя.

— Мудры Вальтэр, — прадоўжыў размову доктар, накладаючы сабе маленькую порцыю брусельскай капусты, — кпіў з цемнаскурых, якія з’ядаюць сырую пячонку забітага льва, мяркуючы, што такім чынам яны павышаюць сваю адвагу. А між тым, аказваецца, што пячонка выдзяляе незвычайна актыўны гармон, які правакуе неверагодна хуткі рост чырвоных цел крыві.

— А ці ўплывае гэта на павелічэнне адвагі? — спытаўся Друцкі.

— Так, апасродкавана. У медыцыне ўжо сёння гармон пячонкі перамагае самую цяжкую анемію.

— Неверагодна! І як жа дзікуны гэта выявілі?

Прафесар падняў бровы, а доктар развёў рукамі:

— Гэта ўжо вобласць інтуіцыі, справа выпадку або таксама фактараў у спалучэнні з вопытам многіх соцень пакаленняў.

Барадач падаў суп.

— Такіх забабонаў болей, — працягваў японец, — напрыклад, ведуны некаторых славянскіх і фінскіх плямёнаў лячылі лішаі і бародаўкі так званымі «загаворамі», а сёння ўнушэнне ў такіх выпадках паўсюдна ўжываецца ўрачамі, і з тым жа вынікам. На поўдні Расіі сяляне, а ў Патагоніі індзейцы лечаць розныя немачы, даючы хворым сырыя ныркі і селязёнку скаціны, альбо органы, у якіх ёсць своеасаблівыя гармоны, што цяпер выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай медыцыне.

— Фенаменальна! — дзівіўся Друцкі.

— Дарагі мой, — дадаў прафесар, — а ты не чуў, напрыклад, што і наш народ здаўна лічыць заечую ці бабровую похву найлепшым сродкам ад слабасці.

— Так, мне не раз даводзілася чуць, што ўсе знахары скупляюць гэта ў браканьераў.

— Дык вось, гэты сродак — папярэднік прышчэпак, што рабіў Воранаў, які кружным шляхам дайшоў да старой праўды, якую лічаць забабонам. Як тут, так і там гаворка пра ўвядзенне ў арганізм гармонаў, што выдзяляюць палавыя залозы.

— Такім чынам, — падвёў вынік Друцкі, — навука павінна надаваць больш увагі народным забабонам і даследаваць іх вартасці.