Выбрать главу

Прафесар Бруніцкі слаба ўсміхнуўся і шматзначна паглядзеў на доктара. У Друцкага раптам з’явілася думка: «А ўгляданне?»

Ён ужо хацеў паўтарыць уголас, але яго стрымала незразумелае адчуванне, што трэба маўчаць.

— Ёсць, аднак, як слушна сказаў прафесар, — працягваў доктар Кунокі, — забабоны зусім недарэчныя. Нават такія, што рэкамендуюць сродкі, якія шкодзяць, а не дапамагаюць. Напрыклад, у сярэднія вякі ў Ламбардыі знахаркі прыдумалі любоўны напой, рэцэпт якога хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, нават у Амерыку трапіў. Нібыта, калі жанчына давала выпіць гэты напой хлопцу, ён выклікаў у ім палкае каханне.

— Якія-небудзь травы?

— Не. Напой рабілі з крынічнай вады, якую чэрпалі з рознымі, канечне ж, закляццямі, і з менструальнай крыві.

— Халера! — вылаяўся Друцкі. — Гэтым, хіба, можна адправіць на той свет!

— Не, — запярэчыў японец, — але справакаваць пэўныя расстройствы можна. Аднак варта ўвагі тое, што ў гэтай крыві ўтрымліваецца велізарная колькасць гармону пад назвай фалікулін. Дык вось, калі ў жанчыны гэты гармон выклікае моцнае сексуальнае жаданне, то на мужчыну дзейнічае цалкам адваротна. А менавіта — правакуе атрафіраванне дзетародных залоз і нават з’яўленне другасных жаночых прыкмет.

— Канечне, — дадаў прафесар Бруніцкі, — гэта праяўляецца толькі пры ін’екцыях фалікуліну асобам мужчынскага полу. А вось ці дзейнічае фалікулін, ужыты з ежай, гэтак жа моцна, пакуль не выяўлена.

— Так, — кіўнуў галавой доктар Кунокі, — але на фалікулін не ўздзейнічаюць ні шчолачы, ні кіслоты, таму мы можам дапусціць, што ні ў страўніку, ні ў кішэчніку ён не расшчапляецца. Тым больш, паколькі ён належыць да групы найвышэйшых алкаголяў, то хутка ўсмоктваецца ў кроў.

— Ну добра, — рассмяяўся Друцкі, — значыць, прымяняючы гэты гармон, можна без аперацыі рабіць еўнухаў?

— Так.

— Фенаменальна!

— Вопыты паказалі, што ў некаторых відаў жывёл, як, напрыклад, у пеўняў, ужо пасля тыднёвага прымянення фалікуліну пачынае атрафіравацца грэбень, адпаведныя органы, прападае здольнасць спяваць, затое з’яўляюцца такія курыныя інстынкты, як жаданне выседжваць яйкі.

— А ў людзей? — спытаўся Друцкі.

Японец паглядзеў на прафесара і паціснуў плячыма.

— На людзях нельга праводзіць вопыты… Закон забараняе.

— Аднак жа…

— Ну, так, некаторыя ўрачы дазваляюць сабе ў сваіх клініках і бальніцах пэўныя мала небяспечныя для здароўя пацыентаў эксперыменты, але яны заўсёды рызыкуюць апынуцца за кратамі.

Прафесар Бруніцкі абаперся галавой на руку і сказаў:

— Людзі чакаюць ад медыцыны цудаў, але сваімі мудрымі законамі робяць немагчымым вывучэнне арганізма чалавека. Нядаўна доктара Фрэкшэма пасадзілі ў турму на дзесяць гадоў за тое, што ў сваёй клініцы ў Мельбурне ён асмеліўся праводзіць навуковыя вопыты на пацыенце, які быў туземцам, ды яшчэ і бандытам…

Доктар Кунокі іранічна засмяяўся і дадаў:

— Гэта надзвычай важныя вопыты!

— Толькі пагражалі жыццю пацыента… — загаварыў Друцкі.

— Пацыента? Пацыента старанна вылечылі ад крыўд, якія нанёс яму доктар-злачынец, пасля чаго ён паўстаў перад судом за бандытызм і праз тры дні яго павесілі. Зрэшты, не толькі чалавека нельга чапаць. Час ад часу нейкія ідыятычныя суполкі падымаюць шум вакол абароны пацукоў, трусоў і марскіх свінак. Дурасць несусветная!

— У абодвух народаў, да якіх я належу, — з нязменнай усмешкай гаварыў доктар Кунокі, — у японцаў і ў палякаў гераічная традыцыя часта заклікае ахвяраваць жыццём тысяч ваяроў дзеля дабра айчыны. Але калі гаворка пра дабро ўсяго чалавецтва, пра здароўе і жыццё многіх пакаленняў, для навукі нельга ахвяраваць усяго некалькі ці дзясятка паўтара асобін на вопыты. У іншых краінах, зрэшты, тое ж самае…

Друцкі паківаў галавой:

— Надзвычай цяжкая праблема. Я б не рашыўся прыняць адзін або другі пункт погляду.

Каву пілі ў бібліятэцы, дзе было нашмат прыемней, чым у холе, таму што катоў сюды, відавочна, не пускалі. Размова і далей вялася вакол навуковых пытанняў.

Набліжалася ўжо шостая гадзіна, калі Друцкі ўстаў:

— Вам, відаць, ужо сумна ад маёй дылетанцкай цікаўнасці. Даруйце, але гэта страшэнна цікава.

— Нам будзе прыемна, калі вы захочаце да нас наведвацца часцей, — пачаў японец, падаючы госцю руку на развітанне. Аднак не скончыў. Недзе, у адным з далёкіх пакояў, прагучаў ціхі званок. Доктар хутка зірнуў на гадзіннік і сыкнуў.

Прафесар пабляднеў, сказаў штосьці па-лацінску і, узяўшы Багдана пад руку, прамовіў:

— Ну што ж, доктар заняты, не будзем яму перашкаджаць. Я цябе крыху праводжу, калі дазволіш.