Выбрать главу

— І праўда, вы маглі б калі-небудзь прыйсці, упэўнены, што весела пабавіцеся, — угаворваў ён.

— Не, капітане, пахітаў галавой Барыс, — я не люблю паказваць у клубах сваё калецтва. Але калі ты хочаш забраць Любу, то давай. Хай расслабіцца.

Друцкі абурыўся:

— Гэта ўжо скандал! Чалавеча, ты здзекуешся з мяне! Як можна выдумаць такія вытанчаныя здзекі?! Гэта тое ж самае, што калі б вы далі п’яніцу бутэльку найлепшага каньяку і сказалі: «Я ведаю, што ты яго не вып’еш, дык можаш насіць яго ў кішэні!»

Смяяліся ўсе, а пазней Люба расказвала, які мела поспех у Рабцы, а затым у Крыніцы, урэшце Друцкі ўстаў:

— Ну, мне пара на працу! Я паехаў!

Яго не затрымлівалі, бо ведалі, што капітан Вінклер гэтага не любіць.

— Сёння я з вамі не паеду, — сказала на развітанне Люба, — але ў наступны раз капітану не ўдасца так лёгка ад мяне пазбавіцца.

— Гэта цяжка! Але ўжо неяк выцерплю.

Ён выбег на вуліцу і зноў з поўнай выразнасцю ўсвядоміў, што нарэшце атрымаў магчымасць даказаць Бруніцкаму, што Пётр па праве носіць прозвішча Бруніцкі!

Друцкі затрымаўся і, зняўшы капялюш з галавы, падкінуў яго ўгору:

— Ур-р-ра! — крыкнуў ён. — Ура!

Мінакі як найхутчэй сыходзілі з яго дарогі.

— Ур-р-ра!..

На рагу стаяла таксі. Друцкі апошні раз падкінуў капялюш і, надзеўшы яго ліха набакір, спытаўся ў вадзіцеля:

— Вольны?..

Вадзіцель недаверліва паглядзеў на яго і адвярнуў галаву:

— Вольны, але матор зламаны, — загаварыў ён пасля хвіліны вагання.

— Лічыш мяне вар’ятам, пан? Не бойся! Мне ўжо лепей! А вось масла для матора, — Друцкі выняў некалькі дробных банкнот і ўтыркнуў іх у руку таксісту.

— Паехалі, шэф! У мяне сёння ўдалы дзень.

Сеў і ляснуў дзверцамі.

— У «Аргенціну», Гартэнзія.

Машына рушыла.

Раздзел 6

У зале акруговага суда была процьма народу. Публіка шчыльна запоўніла лаўкі, за сталом прэсы бракавала месца, і некаторыя журналісты рабілі занатоўкі стоячы.

Ля стала суддзяў панаставілі шмат крэслаў, цяпер занятых шматлікімі суддзямі, якія не бралі ўдзелу ў пасяджэнні, членамі пракуратуры, вышэйшымі чыноўнікамі з Міністрэства юстыцыі і знакамітымі юрыстамі.

Сёння з месца пракурора першы раз павінна была выступаць жанчына — падпракурор Аліцыя Горн.

Гэта сенсацыя ўзмацнялася фактам, што справа Зыгмунта Арчыньскага пасля трох дзён разбору паўставала так жа загадкава, як і на самым пачатку следства. Судовы разбор не дапамог устанавіць ні віны падсуднага, ні яго невінаватасці, і прысудам магло быць як доўгатэрміновае, а можа, нават пажыццёвае зняволенне, так і апраўданне гэтага прыстойнага, з трагічным выразам твару маладога чалавека.

Кіраўнік пасяджэння старшыня Турчыньскі коратка прамовіў:

— Слова мае пані пракурор.

Аліцыя Горн устала. У зале ўсталявалася поўная цішыня. Аліцыя акінула позіркам гэтую безліч галоў, сотні пар упераных у яе вачэй, зацікаўленых, хцівых, нахабных.

Аднак яна не хвалявалася.

Калі загаварыла, яе голас загучаў чыста і металічна:

— Высокі суд! Адзін з абаронцаў небеспадстаўна сказаў, што ў гэтай справе не хапае хоць бы якіх доказаў віны падсуднага Арчыньскага. Важна, што ў нас няма матэрыяльных доказаў, няма таксама і непасрэдных сведкаў злачынства. Адзіны доказ — гэта псіхіка падсуднага, адзіны сведка страшнай справы — гэта ён сам. Гэты сведка адмаўляецца даваць нам паказанні, якія былі б дастаткова праўдзівымі. Таму мы вымушаны здабыць іх супраць яго волі.

Судовае следства дало нам магчымасць пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Мы ведаем, што ў жыцці ён быў халодным і карыслівым, што галоўным рухавіком яго дзеянняў былі грошы. І раптам чатыры месяцы таму ён змяняецца да непазнавальнасці.

Чаму?.. Чаму, спаткаўшы на сваім шляху наіўную, бедную дзяўчыну, дзяўчыну, якая не вызначалася ні прыгажосцю, ні інтэлігентнасцю, ён робіць ёй прапанову і ўсё, каб прыспешыць шлюб? Дык не ад кахання, бо мы ведаем, што ён ні на хвіліну не расставаўся з каханкай. Не ад кахання, бо сам ён у дзень шлюбу кпіць з «сентыментальнага асла Баркевіча» ў размове з Пушкоўскім. Не ад кахання, бо ў маці забітай быў ад яе ліст, поўны роспачы, які невядомым чынам знік адразу пасля візіту Арчыньскага ў дом цешчы.

— Канечне, ён мог не ведаць пра мільённую амерыканскую спадчыну, але толькі мог! А гэта яшчэ не азначае, што не ведаў! Навошта ж ён настойваў на складанні шлюбнага кантракта? Калі б размова ішла пра забеспячэнне жонкі на выпадак яго смерці, хапіла б звычайнага завяшчання. Аднак Арчыньскі, чалавек заможны, патрабуе дагавора, які гарантаваў бы яму спадкаемнасць маёмасці жонкі, якая не мела тады яшчэ нічога, акрамя іпатэкі і сціпленькай біжутэрыі. Падсудны Арчыньскі не адносіцца да ліку тых, хто не ведае, што і навошта робіць.