— Высокі суд! Складана таксама сабе растлумачыць матывы, дзеля якіх гэты чалавек, што ненавідзіць паказваць пачуцці, чалавек, які не любіць падтрымліваць зносіны, раптам пасля шлюбу пачаў дэманстраваць свае пачуцці да жонкі, рабіць разам з ёй візіты да самых далёкіх знаёмых і засыпаць жонку, некаханую жонку, падарункамі ў той час, калі нават для палюбоўніцы ён раскашэльваўся толькі на адзін прэзент за год!
— У актах справы ёсць ліст падсуднага да дырэктара фірмы, прадстаўніком якой ён быў. У гэтым лісце Арчыньскі ў апраўданне таго, што так доўга дамаўляецца пра дастаўку, піша:
«Я нічога не ўмею рабіць абы збыць з рук. Мой метад заключаецца ў дакладным вывучэнні тэрыторыі, знаёмстве з людзьмі, расстаўленні фігурак на шахматнай дошцы, у планаванні да дробязей і чаканні найлепшага моманту. Толькі тады я дзейнічаю. Дзякуючы гэтаму нават у дробных здзелках я заўсёды выйграю, а тут жа гаворка пра трыста тысяч. Вялікі куш, варты месяца сур’ёзнай работы».
— Высокі суд, тут куш перавышаў паўтара мільёна злотых і варты быў чатырох месяцаў сур’ёзнай работы!..
Праз лавы з публікай пракаціўся гучны шум. Адвакаты пасхілялі адзін да аднаго галовы і шапталіся.
Падпракурор Аліцыя Горн зрабіла паўзу і пачала зноў.
— А работа гэта была дакладная. Падсудны памяняў кватэру не дзеля сваёй работы, а па парадзе доктара. Ён усім расказваў, што доктар настойліва раіў яго жонцы пераехаць на ўскраіну, дзе яе слабыя лёгкія не будуць вымушаны ўдыхаць столькі пылу. Сапраўды. Доктар Бараноўскі пацвердзіў перад судом гэтую сваю параду, аднак рашуча настойваў, што патрэбы пераезду на ўскраіну не было, і што толькі на пытанне Арчыньскага сказаў: так, раіў бы, калі вам усё роўна.
— І гэты падсудны Арчыньскі, які не выносіць язды на трамваі ды шкадуе сабе на таксі, прадае сваю кватэру на Сенатарскай і купляе другую, аж на Вежбне. Ён, які не церпіць хадзіць па лесвіцах, дзеля некаханай жонкі, дзеля слабага недамагання яе лёгкіх рашаецца на кватэру аж на пятым паверсе! У той час як уладальнік будынка прапануе яму такую самую на другім, Арчыньскі настойвае на пятым. Чыстае паветра, кажа.
Жыве ў няскончаным доме, выракае сябе на шмат, вельмі шмат нязручнасцей. Я пытаюся: што ж яго на гэта штурхае?
Аліцыя панізіла голас і, чаканячы словы, адказала на сваё пытанне:
— Яго прыцягвае чорная прорва ліфта… Яго цягнуць адчыненыя, нічым не завешаныя пашчы фрамуг, што вядуць у пустую саракаметровую студню з бетанаваным дном! Калі хто-небудзь стане на край чорнага аконнага праёма на пятым паверсе, дастаткова яго лёгка пхнуць! І ніякага паратунку! Ён напоўніць чорную студню адчайным крыкам і зваліцца на дол, і на цвёрдым дне з бетону ляжа крывавым месівам!
Падсудны чуў гэты крык, падсудны бачыў гэтае месіва ўжо тады, калі кленчыў на прыступках алтара!
Падпракурор падняла руку і закрычала пранізлівым голасам:
— Ён услухоўваўся ў яе голас, што прысягаў яму ў каханні, і гэты голас у яго вушах змяніўся на крык смерці, ён глядзеў на белізну шлюбнай сукенкі і бачыў кроў! Чалавеча! Ты ўжо тады быў забойцам!..
Залу апанавала смяротная цішыня.
Падсудны сарваўся з лаўкі, на твары, белым як папера, выступілі кроплі поту. Ён адкрыў рот, нібы хацеў штосьці сказаць, выцягнуў руку,… і ўпаў на зямлю.
Самлеў.
Адкульсьці з кута пачуўся нервовы смех. Нехта крыкнуў: «Божа!..» Некалькі чалавек наблізіліся да самлелага і пырснулі на твар вады.
— Абвяшчаю пятнаццаціхвілінны перапынак, — загучаў дрыжачы голас старшыні.
Суд выйшаў. Зала апусцела. Абвінавачанага вынеслі ў пакой для падсудных, куды таксама зараз жа накіраваліся адвакаты.
Засталася толькі Аліцыя Горн. Яна нешта запісвала на кавалку паперы. Механічна ўстала, калі рэзка прагучаў званок.
Суддзі занялі свае месцы, увялі падсуднага. Ён усё яшчэ быў бледны, але з яго твару ўжо знікла маска болю. Вусны былі сціснуты ў іранічнай усмешцы.
— Высокі суд! — зноў загучаў металічны голас падпракурора Аліцыі Горн. — Судовае следства выявіла, што абвінавачаны Арчыньскі ніколі не быў пакараны, але шматразова замяшаны ў справы сапраўды брудныя. Акрамя таго, шэраг малых і нізкіх подласцей, з якіх ён заўсёды ўмеў выкруціцца, выяўляюць яго спрыт, халодны разлік, найвышэйшы прафесіяналізм у гэтай сферы.