Выбрать главу

Далей падпракурор гаварыла пра паказанні сведкаў, пратакол вобыску, пра асаблівасці рэагавання падсуднага ў розных выпадках і ў гэтым у прыватнасці.

Голас яе напаўняў залу металічным дрыжаннем. Усе вочы засяродзіліся на яе неверагодна прыгожых вуснах, з якіх падалі словы, бязлітасныя, цяжкія, знішчальныя.

Тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне суда з мэтай прыгледзецца да гэтай жанчыны, па чутках, незвычайна прыгожай, бачылі зараз перад сабой нейкую грозную і далёкую багіню.

Чухноўскі, які зашыўся ў кут, у прамым сэнсе дрыжаў усім целам. Яго грудзі напоўніў нейкі жах, нейкае трапятанне, нібыта жаданне ўцячы ад новай праявы той, якую ён так кахаў. Ён курчыўся кожны раз, калі Аліцыя паварочвалася да залы і калі па лавах з публікай праходзіўся позірк яе палымяных чорных вачэй.

Захапленне і страх самкнуліся ў мозгу Чухноўскага ў неразрыўны вузел.

Тым часам, Аліцыя скончыла сваю прамову кароткай юрыдычнай высновай, яна жадала прымянення параграфа 455 крымінальнага кодэкса, а з улікам незвычайна абцяжарваючых абставін прыняць пад увагу артыкул 15 пераходных правілаў.

Чухноўскі выдыхнуў, калі яна села.

Пачаліся прамовы абаронцаў.

Адзін з суседзяў Чухноўскага звярнуўся да яго шэптам:

— Прабачце, калі ласка, можа, ведаеце, якое пакаранне прадугледжваюць гэтыя параграфы?

— Не ведаю, — адказаў доктар.

Да іх нахіліўся нейкі чалавек сярэдняга ўзросту:

— Параграф 455 за забойства жонкі прадугледжвае ад дзесяці да пятнаццаці гадоў строгага рэжыму, — растлумачыў ён, — а пятнаццатка з пераходных правілаў — гэта павышэнне кары да пажыццёвага зняволення альбо нават адпраўкі на той свет!

Нейкая пані расказвала суседцы, што ведае ад паліцэйскага, нібыта падсудны, калі яго прывялі ў прытомнасць, зусім не хацеў ні з кім гаварыць, нават сваім адвакатам не сказаў ні слова.

Чухноўскі праціснуўся і выйшаў у калідор выкурыць папяросу. Калі ён вярнуўся ў залу, гаварыў ужо другі адвакат. Пазней коратка пярэчыла Аліцыя.

У сваю чаргу падсуднаму належала права апошняга слова.

Ён устаў, халодны, спакойны, стрыманы, падняў галаву і сказаў ціха, але выразна:

— Я прызнаюся ва ўчыненні забойства маёй жонкі Феліцыі. Прашу смяротнай кары.

Запанавала глухое маўчанне. Неспадзяванае прызнанне вінаватага зрабіла ашаламляльнае ўражанне, якое адбілася на ўсіх тварах.

Толькі пракурор Аліцыя Горн сядзела нерухома. Для яе не было нечаканасці: адзіны сведка злачынства павінен быў выказацца, і ён выказаўся.

Суд адправіўся на нараду. Падсуднага вывелі. Залу напоўніў шум размоў.

Адзін з абаронцаў наблізіўся да Аліцыі:

— Вы, пані, небяспечны праціўнік. Ваша прамова была пераканальная. Не хацеў бы я трапіць у вашы рукі.

Яна ўсміхнулася яму амаль гулліва:

— Няўжо мае рукі такія пачварныя?

Адвакат паглядзеў на яе доўгую арыстакратычную руку з тонкімі, крыху заружавелымі пальцамі і паківаў галавой:

— Вы ведаеце, што яны прыгожыя. Надта прыгожыя для пракурора.

— Аднак адвакат іх баіцца?..

Ён зазірнуў Аліцыі ў вочы і ўздыхнуў:

— Баюся. Яны робяць на мяне такое ўражанне, як погляд удава на…

Адвакат шукаў параўнання.

— На газель? — падказала Аліцыя.

Ён махнуў рукой:

— Дзе ж там, проста на старога мула.

Да Аліцыі схіліўся судовы служка і далажыў, што пан пракурор Мартыновіч просіць яе да сябе.

На калідоры ў натоўпе яна ўбачыла доктара Чухноўскага. Ён быў скурчаны і бледны. Аліцыя незаўважна паціснула плячыма і зрабіла выгляд, што не бачыць яго.

Чухноўскі заўважыў яе, калі яна ўжо знікала за дзвярыма. Ён паглядзеў на гадзіннік і мармытнуў:

— З Лэньчыцкім так заўсёды. Умовіцца і не прыходзіць.

Ён, аднак, памыляўся, бо адвакат Лэньчыцкі з тоўстай папкай прапіхваў якраз сваё такое ж тоўстае тулава сярод публікі, шукаючы доктара.

Аказалася, што ён абараняў якраз у апеляцыйным і справа працягнулася даўжэй, чым ён думаў.

— Але я не шкадую, бо я выйграў выгадны працэс. Капне мне з яго колькі тысячак. Ну, чаго ты такі прыбіты, Уладэк? Што, твая нарачоная аблажалася?

Чухноўскі нічога не адказаў.

— Ну, не хвалюйся, стары, — суцяшаў яго Лэньчыцкі, — наколькі я ведаю з газет і ад калег, справа гэтага Арчыньскага была ясная: ніякіх доказаў, жалезнае апраўданне. Але гэта нічога. Мы ў любым выпадку сёння павінны абмыць дэбют пані Аліцыі, ну і маю перамогу. Калі прысуд?

— Не ведаю. Павінен быць хутка.

І сапраўды, прайшло крыху часу і званок паведаміў усім, што суд ідзе.

Зала зноў запоўнілася да краёў.

У поўнай цішыні старшыня зачытаў прысуд: пажыццёвае зняволенне ў калоніі строгага рэжыму.