Падсудны нават не здрыгануўся.
Публіка, выходзячы, напоўніла калідор шумам гучных дыскусій.
Сябры чакалі Аліцыю — так як умовіліся — унізе ў холе.
Лэньчыцкі выпытваў падрабязнасці працэсу, доктар неахвотна адказваў. Здзіўленню адваката не было мяжы.
— Калі б я ведаў, ліха, — зацята лаяўся ён, — то пастараўся б адкласці сваю справу. Не можа такога быць! Каб такі цынічны тып самлеў! Во, сабака! Чорт, у яе прамове павінна было быць шмат экспрэсіі, хм, унушэння…
— І жорсткасці, — ціха дадаў Чухноўскі.
— Ах ты, сентыментальны старэнькі, — рассмяяўся адвакат, — гэта ж быў злачынца!
— Так, канечне.
— І атрымалася дужа справядліва! З таго, што ты кажаш, я мяркую, што калі б не прамова пані Аліцыі, падлюгу выпусцілі б на свабоду.
— Я нічога не кажу, — абараняўся Чухноўскі, — я сам добра не ведаю. Але мяне ва ўсім гэтым штосьці проста пужае.
— Кінь дурное!..
— Я разумею… але…
— Дарагі мой Уладэк, які ж з цябе доктар? А калі пацыенту трэба адрэзаць ногі, то што? Альбо, дапусцім…
Ён не скончыў.
Па сходах хутка і грацыёзна спускалася Аліцыя.
— Я галодная, — весела сказала яна, вітаючыся з імі, забіраю вас да сябе на абед, а дакладней, на вячэру. Ну, хадзем.
Яны выйшлі на вуліцу.
— Віншую вас, — казаў адвакат, поспех незвычайны для дэбюту. Ды што я кажу, проста незвычайны! Трыумф, перамога па ўсіх франтах! Сардэчна віншую.
— Страшна, аднак, тое, — са смуткам уздыхнуў доктар Чухноўскі, — што чалавек да канца жыцця будзе гніць у турме.
— Ты звар’яцеў?! — з раздражненнем паглядзеў на яго адвакат Лэньчыцкі.
— Уладэк, адвакат, — пагардлівым тонам сказала Аліцыя, — ён павінен стаць францысканцам.
— Па-першае, — раздражняўся Лэньчыцкі, — не будзе ён да смерці гніць у турме, бо пастаянна бываюць розныя амністыі, бываюць скарачэнні тэрміну за добрыя паводзіны і гэтак далей. Дык пасядзіць якіх дзесяць гадоў і ўсё. А па-другое, мой дарагі, чорт яго бяры! Гэта ж апошні прахадзімец, падлюга, агідны злачынец!.. Калі б яго на кол пасадзілі, і гэтага б не было дастаткова. Зрэшты, ён сам прасіў смяротнага пакарання.
— Але ж прызнаўся, — пярэчыў Чухноўскі.
— Так, прызнаўся, але толькі дзякуючы пані Аліцыі. Калі б яна яго не выкрыла, яго б увогуле адпусцілі.
— Я не спрачаюся. Але гэта якраз мяне забівае, што дзякуючы Аліцыі.
Аліцыя не стрымала смех. Лэньчыцкі ж затрымаўся ў цэнтры тратуара і бездапаможна развёў рукамі.
— Панове, — сказала Аліцыя са зласлівым бляскам у вачах, — каб адсвяткаваць маю першую перамогу, я збіраюся весела правесці сённяшні вечар.
— Брава! — горача падтрымаў Лэньчыцкі. — Брава, пані Аліцыя! Тым больш нагод павесяліцца, бо і я якраз сёння выйграў цудоўны працэс.
Чухноўскі не прамовіў ні слова.
Паехалі на таксі. Па дарозе Аліцыя расказвала адвакату пра ход працэсу, пра віншаванні ад калег і пахвалу пракурора Мартыновіча.
Юлькі яшчэ не было дома. Яна рабіла ўрокі з дзвюма аднакласніцамі. Пайшла адразу пасля абеду і збіралася вярнуцца да дзевяці. Пра гэта ўсе даведаліся з запіскі, пакінутай на стале. Бо Юзэфова якраз скончыла пасляабедзенную малітву і за ўсе скарбы свету не сказала б ні слова.
Яе вялыя і зморшчаныя вусны шавяліліся, як дробныя хвалі, прамаўляючы словы малітвы, але калі яна падавала абед, па яе зласлівых позірках няцяжка было адгадаць незадаволенасць з прычыны такога значнага спазнення пані. Як жа так: печань высахла, а яблыкі ў цесце астылі.
Затое гэта не сапсавала апетыту ні Аліцыі, ні Лэньчыцкаму. Толькі доктар быў хмуры, што яшчэ больш весяліла яго нарачоную.
Перад тым як выпілі кавы, прабіла восем.
Ісці вячэраць было абсалютна немэтазгодна.
— Ведаеце што? — прапанаваў Лэньчыцкі. — Калі пані Аліцыя пераапранецца, мы ж абодва, на шчасце, у чорных пінжаках, пойдзем у кіно на Марлен Дзітрых, а потым на гулі ў «Аргенціну»! Што скажаце?
— Добрая ідэя. Фільм, здаецца, выдатны, а пра гэтую «Аргенціну» я чула, што там цудоўна праводзяць час.
— А я чуў, — адазваўся Чухноўскі, — што там якраз пякельная нудота.
— Была! Была, сябра, — з мінай знаўцы парыраваў адвакат, — цяпер гэты клуб купіў адзін амерыканец, і ён паказаў, як трэба ўпраўляцца з такімі справамі. Першы клас! Амерыканцы маюць дзелавую хватку.
— Ну дык паехалі, — вырашыла Аліцыя, толькі пачакаем малую. Я павінна пацалаваць яе на ноч.
Доктар нецярпліва круціўся на крэсле і нарэшце выдавіў з сябе:
— А мне здаецца, што каму-каму, а табе, Аля, не варта паказвацца ў такіх месцах.