Выбрать главу

— Гэта чаму? — непрыязна паглядзела на яго Аліцыя.

— Ну, у такім начным клубе, — непрыемна засмяяўся ён, — ды пракурор?

— Уладэк, не дуры галаву. Я такі ж самы чалавек, як і любы іншы. Дарагі мой, не думай, што дзеля сваёй пасады я збіраюся стаць архангелам.

— Так, — стаяў на сваім доктар, — але якраз сёння… пасля гэтай страшнай справы і пасля гэтага прысуду.

— Ой, Божа, які ён нудны!

Адвакат ляпнуў яго па калене:

— Не будзь жа бабай, чорт цябе бяры. І міністры ходзяць у корчмы…

— Ну добра, добра, — абараняўся Чухноўскі, — калі Алю не бянтэжыць кантраст начнога клуба з прысудам пажыццёвага зняволення, то што ж… Аднак не забывайце, што амаль ва ўсіх часопісах змешчаны яе фатаграфіі, і з’яўленне пракуроркі Горн зверне на сябе ўвагу ўсёй публікі!..

Аліцыя кіўнула галавой.

— Тут ты маеш рацыю.

— І гэтага можна пазбегнуць, — закрычаў Лэньчыцкі. — У «Аргенціне» ёсць ложы, якія размешчаны дастаткова высока над узроўнем залы і закрытыя. Мы можам проста прайсці з гардэроба на верхні калідор.

Ён паглядзеў на гадзіннік.

— Яшчэ вельмі рана, але праз гадзінку я пазваню і папрашу забраніраваць ложу. Я асабіста ведаю гэтага Вінклера, ён для мяне ўсё зробіць.

— Гэта той амерыканец? — спыталася Аліцыя.

— Так. Паляк, але народжаны і выхаваны ў Амерыцы.

Вярнулася Юлька і са смехам увайшла акурат у сталовую ў ботах, у футры і аксамітным берэціку, у якім яна вельмі міла выглядала. Яе вочы іскрыліся, а зарумянены тварык ззяў.

— Аля! Аля! — закрычала яна, — ты паняцця не маеш, што я перажыла! Добры дзень пану, добры дзень доктару. Уяві сабе, што… але паны не будуць смяяцца?

— Не будзем, не пасмеем, — з павагай запэўніў адвакат.

— Дык вось, толькі я развіталася на рагу Снядэцкіх з Куркай…

— З кім?

— Курка — гэта мая аднакласніца. Ледзь я з ёй развіталася, і тут набліжаецца да мяне такі малады і вельмі, ну вельмі элегантны хлопец, такім, ведаеш, бронзавага колеру футры, здымае капялюш і на поўным сур’ёзе пытаецца: «Пані раптам не ведае, колькі часу?» — Я, канечне ж, коратка адказваю: «Не ведаю». — Думаю, я правільна зрабіла? Ці не?.. А ён тады, уяві сабе, выцягвае такі тоненькі-танюткі залаты гадзіннік і гаворыць: «Дык я вам скажу, зараз без дзесяці восем…» Вось падлюка, а?

— Ну, і што ж далей?

— Ён мяне рассмяшыў сваім спрытам. А зубы, між іншым, у яго бялюткія, так! Я бачыла, бо ён усміхаўся, шэльма, радаваўся, што мяне ашукаў. І кажа: «Бачыце, я больш выхаваны за вас, больш, — гаворыць, — бо гатовы быць настолькі выхаваным, каб не чапляцца і адысці, але, — кажа, — я ведаю, што вам бы ад гэтага было непрыемна, таму я таксама ахвярую сабой і крыху праводжу вас». — Нахабнік! Праўда?..

— І што, ты стаяла і слухала? — незадаволена спытала Аліцыя.

— Аля, як ты можаш нават падумаць так? Зусім не слухала.

Абодва мужчыны рассмяяліся.

— Ты не слухала, але памятаеш кожнае слова.

— Ну дык я ж не магла заткнуць сабе вушы.

— І што ж ты яму адказала?

— Зразумела, я сказала, што пайду сама і што вельмі непрыгожа загаворваць з жанчынамі на вуліцы. А ён кажа, што канечне, што заўсёды думаў таксама, што тых, хто загаворвае з жанчынамі, ён сам пабіў бы палкай (у самога ж яго не было палкі), але што я ж не жанчына, а анёл (заўваж?!), а ён не той, хто чапляецца, а вельмі самотны і няшчасны сірата, а над сіротамі і ўдовамі трэба апекавацца, што калі я яго праганю ў далёкую халодную далеч, то ён з роспачы пойдзе і нап’ецца, а калі нап’ецца, то ў яго потым баліць галава, а я не падаюся такой, хто жадаў бы зла блізкаму, і так балбатаў, што вы сабе не ўяўляеце.

— Ну, і ты, канечне ж, нічога яму не адказвала?

— Э-э-э-э… Вельмі мала.

Доктар Чухноўскі нахмурыўся і сказаў:

— Вельмі дрэнна, пані Юлька. Трэба было звярнуцца да паліцэйскага і папрасіць, каб ён пазбавіў вас ад надаяды.

— А калі ён увогуле не быў такім навязлівым, — з абурэннем запярэчыла Юлька. — Такі прыстойны брунет з маленькімі вусікамі. Інжынер, працуе на шакаладнай фабрыцы! Я ніколі б не падумала, што для вырабу шакаладу патрэбныя інжынеры. Праўда?

— Ну канечне, ён проста маніў.

— І я яму так сказала, а ён тады пачаў мне даказваць, што яны патрэбныя для кантролю машын, і для арганізацыі працы, і чагосьці там яшчэ, і расказваў, як робяць шакалад, пытаўся, ці люблю я шакалад, бо калі люблю, то ён мне можа прыслаць вельмі шмат, бо для яго гэта амаль нічога не каштуе, і праводзіў мяне пад самы дом, і хацеў яшчэ пазнаёміцца, але я сказала, што не, што я сюды іду да бабулі, таму што бабуля хворая на тыф і каб ён пачакаў некалькі хвілін, я выйду і мы пойдзем на прагулку.