Выбрать главу

— Юлечка! — жахнулася Аліцыя.

— Пачакай жа! Дык вось, падымаюся я па лесвіцы (а ён сказаў, добра, што будзе чакаць, але пасля гэтага тыфу ў яго адразу міна змянілася), я падымаюся па лесвіцы і гляджу крадком у акно, а мой хлопец — лататы!.. Аж пыл закурэў!..

Яна пляснула ў далоні і ад душы засмяялася.

— Добра я яго правучыла, а?

— Так, Юлька, — прамовіла Аліцыя, — але на будучыню, настойліва прашу цябе, не дазваляй да сябе чапляцца. Катэгарычна. Зрэшты, падрабязней пра гэта мы пагаворым заўтра. Як жа сёння прайшлі твае заняткі?

— Добра, дзякуй. Мяне выклікалі на латыні і матэматыцы. Ах, Аля, ты ж мне нічога не кажаш, ці скончыўся гэты працэс?

— Так, скончыўся.

— І што?..

— Прыгавораны да бестэрміновага зняволення.

— Панна Юлька, — жаласліва сказаў доктар, — дзе гэта хто бачыў паўгадзіны парыцца ў футры і ботах…

— Я забылася, — дзяўчына рассмяялася і выбегла ў вітальню.

Чухноўскі і Лэньчыцкі дапамагалі Юльцы падчас вячэры, пакуль Аліцыя пераапраналася.

Адвакат па тэлефоне дамовіўся наконт ложы ў «Аргенціне», і а палове на дзясятую яны паехалі ў кіно на Марлен Дзітрых.

Калі ад’язджалі, Юлька плёскалася ў ванне, таму з ёй усе развіталіся праз дзверы.

— Сур’ёзна, Аля, — сказаў доктар, калі яны селі ў таксі, — ты павінна быць больш строгай з Юлькай. З яе ўзбуджальнасцю і тэмпераментам, не дай божа, можа лёгка здарыцца няшчасце.

— Сапраўды, твая праўда. Хоць я і магу па заслугах ацаніць яе моцна развітое пачуццё самазахавання і асцярожнасць, аднак прыгоды накшталт сённяшняй могуць паўтарыцца.

Фільм сапраўды быў цікавы і меў шэраг момантаў высокай мастацкай вартасці.

Менш, чым астатнім, ён спадабаўся Чухноўскаму:

— Мяне не цікавяць ненармальныя, — гаварыў ён, — у мастацтве я хачу бачыць жывых і нармальных людзей.

— Ты хацеў сказаць пасрэдных? — спытаўся адвакат.

— Хоць бы і так, абы такіх, якіх сустракаем у жыцці.

Аліцыя паціснула плячыма:

— Сябра мой, а ці часта мы ў жыцці сустракаем нармальных людзей? Амаль у кожнага ёсць большае або меншае псіхічнае расстройства… Але давай не будзем пра гэта. Уладэк злуецца, — звярнулася яна да Лэньчыцкага, — што мы ідзём у «Аргенціну», вось яму ўсё і не падабаецца.

Гартэнзія была так блізка, што яны пайшлі пешшу. У процівагу вялікім неонавым рэкламам, што апявалі выгоды «Аргенціны» на ўсіх вялікіх артэрыях горада, існаванне самога клуба на Гартэнзіі выдавала толькі малая алебастравая шыльда з выціснутымі на ёй літарамі: «Аргенціна». Удзень гэтага надпісу зусім не было відаць, толькі ў дзесяць вечара загараліся схаваныя за алебастрам каляровыя лямпачкі, і тады выступаў надпіс.

Па шырокіх мармуровых прыступках, засланых пухнатым белым дываном, уваходзілі ў хол, а адтуль па бакавой лесвіцы ў ложы.

Прыслуга вітала адваката Лэньчыцкага як старога знаёмага. Ложу, канечне, забраніравалі, і гэта сапраўднае шчасце, бо ўжо зараз не было ніводнай вольнай.

Негрыцянскі аркестр у белых смокінгах граў бастон.

Ложа была так закрыта, што з залы, размешчанай амаль на тры метры ніжэй, немагчыма было ў яе зазірнуць. Затое Аліцыя бачыла ўсё. Абстаноўка залы нагадвала круглы двор іспанскага палаца, ложа — балкон за рашоткай, зарослы плюшчом. Служкі ў строях аргенцінскіх каўбояў завіхалася, звонячы шпорамі, паміж нізкімі масіўнымі столікамі.

Публікі было яшчэ няшмат, але яе большала.

— Ну, як пані падабаецца гэтая карчма? — паціраў рукі Лэньчыцкі.

— Падабаецца, тут вельмі міла.

Падалі мноства халодных закусак, каньяк, вермут і чырвонае віно.

— Гарачага тут не падаюць, — растлумачыў адвакат, — у асноўным з-за паху страў, але, нягледзячы на гэта, у «Аргенціне» бывае горача.

Ён выглянуў у залу і дадаў:

— О, паглядзіце, пані: у гэтай ложы над фантанам цяпер нікога няма, але каля першай з’явіцца Павінецкі. Яшчэ не было выпадку, каб ён не справакаваў скандал….

— Віншую, — паціснуў плячыма Чухноўскі.

— Менавіта гэта мяне вельмі радуе, — на злосць яму падкрэсліла Аліцыя.

— А там, — працягваў адвакат, — каля бара, вы бачыце гэтага, з гваздзіком на лацкане?..

— Бачу.

— Гэта маёр кавалерыі, барон Шэген, венгр, але служыць у нас. Ён як трохі дзябне, то спявае венгерскія песні, і голас у яго каласальны.

— Як гэта, — раздражняўся Чухноўскі, — і яму тут дазваляюць такія выбрыкі?

— А чаму не? Ты б хацеў могілкі зрабіць з начнога клуба ці морг? Гэта ж выдатна, што людзі тут адпачываюць.

— А гэта хто? — спыталася Аліцыя.