— Спакойна, містар Джэк, бо я, папраўдзе, не змагу вам на ўсё адразу адказаць.
— Ах, капітане, ці не бачыце вы, як я радуюся? Гэта выдатны дзень у маім жыцці! Я думаў, што ўжо ніколі вас не ўбачу. Колькі ж гэта прайшло гадоў? Хіба, чатыры?
— Пяць, — удакладніў Друцкі.
— Пяць гадоў! І як там Нью-Ёрк? Спірт па-ранейшаму прыбытковая справа?
— Не ведаю. Ты што, Джэк, думаеш, я пастаянна сядзеў у гэтай глушы? Адразу пасля цябе мяне адтуль чэрці вынеслі.
— Куды?
— Цю-цю!.. Доўга расказваць! Лондан, Марсэль, Канстанцінопаль, Берлін, Парыж і зноў Аўстралія, і Кітай, і Бразілія… Так, Джэк, я не ўмею сядзець на месцы.
— Прыгожа жывеш, цікава, але што ад гэтага маеш?
— Свабоду, Джэк, свабоду.
— Разумею, свабода — вялікая справа. Але самы вольны той, хто мае грошы. Чым больш грошай, тым больш свабоды.
— Але ж у цябе іх хапае! — засмяяўся Друцкі.
— Што значыць хапае? У мяне іх вельмі шмат, але ці ж хапае? Ці можа хапаць грошай? Так, як табе, капітане, ніколі не стане валацужнічаць па свеце, то ты павінен разумець, што мне ніколі не стане грошай. Так можна разважаць пра многія рэчы.
— Гэта праўда.
— Вось бачыш. У мяне толькі ў галаве не ўкладваецца, чаму табе прыемней падарожнічаць без граша ў кішэні, чым з усімі выгодамі ў каюце першага класа?
— Калі я мог сабе дазволіць, то і першым класам ездзіў.
— Што значыць, калі мог дазволіць? Калі б ты захацеў, капітане, то забяспечаны быў бы на ўсё жыццё! Хіба я табе не прапаноўваў хаўрус? Ты меў бы сёння столькі, колькі і я, ды што там, абодва мелі б яшчэ больш, нашмат больш! З тваёй галавой! Эх! Ды з тваёй адвагай!
Друцкі сеў на ложак і пляснуў яго весела па плячы:
— Але ж суровыя былі часы, а, Джэк?
— Суровыя. Што тут гаварыць. Кажуць, што людзі майго паходжання баязлівыя, але гэта няпраўда. Хоць я і яўрэй чыстай вады, а ты сам бачыў. Добрыя былі часы, на кожным кроку падсцерагала смяротная небяспека, але спірт і піва — гэта была справа, вартая такой рызыкі.
— Ну, а як жа там нага?
— Добра. Толькі крыху даймае. Так мяне гэты руды выцяў. Ведаеце што, капітане, я да смерці не забудуся пра тое, што было ў Чыкага. Не таму, што вы мне ўратавалі жыццё.
— Супакойся, — перарваў Друцкі. — Няма чаго ўспамінаць.
— Не таму, што вы пра мяне клапаціліся, не таму, што аддалі мне мае грошы, усё маё багацце… Не… Але я да смерці не забуду таго, што вы не кранулі Любу!.. Так… Я потым ляжаў, як мярцвяк, гаварыць не мог, рухацца не мог, але я бачыў, як яна глядзела на вас! І кім яна была вам? Нікім, ат, прыгожай яўрэечкай… А кім я для вас быў?.. Нейкім знямоглым сабакам, якога вы немаведама для чаго выратавалі! А што вы зрабілі? Вы прыйшлі да мяне і сказалі: «Не хвалюйся за Любу, я яе не крану і нікому не дам пакрыўдзіць…» Вы так сказалі, бо адчувалі…
Ён не скончыў. Высока падняў галаву і закусіў вусны. З чорных як вугаль вачэй павольна паплылі па твары драпежнай птушкі дзве слязы.
— Чорт з ім, дружа! — усклікнуў Друцкі. — Што сказалі б на Брадвеі, калі б убачылі, што Чорны Джэк раскіс, як малпа ад цыбулі! Гэй, дружа!
— Не, капітане, не! Я вам гэтага ніколі не казаў, але зараз мушу. Бо калі я сюды ўвайшоў, калі ўбачыў, што вы ў нястачы і хворы, а па мяне толькі цяпер паслалі… То я хачу, каб вы ведалі, што ў мяне ёсць такі сабачы доўг, каб я для вас зрабіў усё, што ў маіх сілах, хоць бы нават цалкам аддаў маёмасць!..
— Асцярожней, Джэк, — з жартам і павагай засцярог Друцкі. — Асцярожна, бо я магу злавіць на слове!
— Не думайце, капітане, — з годнасцю адказаў Жыд, — што слова купца Залкінда хоць на адзін цэнт менш важкае за слова Чорнага Джэка.
Абодва рассмяяліся. Залкінд пытаўся ў Друцкага пра стан здароўя, хацеў абавязкова прывесці доктара. Урэшце абвясціў, што зараз жа забярэ яго да сябе, бо яму сорамна бачыць капітана ў гэтым заканурку.
Друцкі, аднак, катэгарычна запратэставаў. Канечне, ён пераедзе, абавязкова, але не да Залкінда.
— Ведаеце, я такі закаранелы самотнік. Як толькі мне палепшае і я апрытомнею, я мушу пашукаць якую-небудзь справу. І ведаючы, што вы добразычлівы ў адносінах да мяне…
— Добразычлівы?!.
— Няважна. Досыць будзе ўвогуле чым-небудзь займацца.
Залкінд занепакоена ўсміхнуўся і зрабіў невыразны рух рукой.
— Шаноўны капітан Вінклер, што я тут магу прыдумаць? Мне нават неяк няёмка, але я ў нашай краіне вельмі салідны гандляр. У мяне ёсць вогнетрывалыя касы, я трымаю начных вартаўнікоў…
Друцкі зарагатаў.
— Што ж, халера! Вы мяне падазраяце ў намеры арганізаваць банду? Ха-ха-ха!.. Пане Залкінд… Я таксама хачу быць салідным! Ці вы лічыце, што я не здатны для сур’ёзных спраў?! Што мне хоць час ад часу нельга давяраць?..