Выбрать главу

Адзін, лысаваты бландзін у вялікіх рагавых акулярах, манатонна расказваў нешта, другі мужчына быў старэйшы, каржакаваты, з невыноснай манерай адчыняць і зачыняць жоўтую драўляную папяросніцу. Твару жанчыны Друцкі не мог бачыць, бо яна сядзела да яго спінай. Віднеліся толькі прамень светлых, залатых валасоў, што выглядваў збоку з-пад капелюша, і доўгая прыгожая рука, якой жанчына абапіралася аб стол, без пярсцёнкаў, што Друцкаму вельмі падабалася. Як на злосць, яна ні разу не азірнулася, а між тым, набліжалася восьмая гадзіна і трэба было ехаць да Залкінда.

«Пачакаю яшчэ», — усміхнуўся сам сабе Друцкі, канстатуючы ў думках, што трэба быць сапраўды непапраўным бабнікам, каб дзеля такой дробязі спазніцца на важную размову.

Урэшце ён вырашыў ужыць надзейны сродак. Друцкі ўзяў у рукі часопіс, які ляжаў паводдаль, і, нібыта захоплены чытаннем, ссунуў вялікую шкляную попельніцу.

Гучны звон разбітага шкла, нехта крыкнуў «ах!», усе павярнуліся да століка Друцкага і — эфект дасягнуты: суседка ў чорным бліскучым футры азірнулася.

Друцкі здрыгануўся і адчуў, што бляднее. Інстынкт, выпрацаваны ў тысячах небяспек, і спраўны, як аўтамат, падказваў яму неадкладна закрыцца газетай, аднак на гэты раз загад не быў выкананы. Друцкі не мог адарваць ад жанчыны вачэй. Дзе? Калі?.. Пакляўся б, што некалі яе ведаў, што гэтыя ззяючыя чорныя вочы з цудоўнай дугой чорных броваў, што зрасліся, і гэтыя залацістыя валасы, і гэтыя проста незвычайнай формы вусны… Хто?.. Калі?.. Напэўна, напэўна… Друцкі шукаў адказ у яе позірку: ведае яго?.. Пазнае?.. Але яна ўжо адвярнулася і зноў уважліва слухала манатонны голас лысаватага бландзіна. Каржакаваты старэйшы пан зноў мерна пастукваў драўлянай папяросніцай.

Друцкі не быў упэўнены. Бо дзіўнае хараство гэтай жанчыны павінна было б глыбейшым, несумненным успамінам урэзацца ў яго памяць. Ён рабіў выгляд, што чытае, аднак мозг працаваў няспынна:

«Можа, хтосьці падобны. Але хто? Хіба якая-небудзь знакамітая кінаактрыса такога ж тыпу?.. Якая-небудзь спартыўная зорка?.. Лётчыца. тэнісістка?..»

У рэшце рэшт, калі б яго здагадкі пацвердзіліся, яна б абавязкова пазнала яго. Цяжка сабе ўявіць, што, спаткаўшы калі-небудзь у жыцці такую дзяўчыну, ён мог бы абыякава прайсці міма яе. Неверагодна! А жанчыны звычайна памятаюць тых мужчын, якія, хоць бы і не спадзеючыся на ўзаемнасць, дабіваліся іх увагі…

А яна зусім не глядзела на яго, як на знаёмага чалавека. У яе позірку было крыху абыякавасці і крыху цікавасці, але цікавасці не большай, чым тая, з якой усе жанчыны глядзяць на яго.

У любым выпадку розум падказваў быць асцярожным. Трэба было ўжо заплаціць і выходзіць. Аднак Багдан Друцкі не належаў да ліку тых, каму хто-небудзь, нават уласны розум, мог штосьці дыктаваць. Таму ён застаўся.

Толькі праз пятнаццаць хвілін кампанія, што была за суседнім столікам, аплаціла рахунак і паднялася.

Незнаёмка была высокая, ладная жанчына. Калі ён прыглядаўся да яе сілуэта, то пераканаўся, што спачатку памыляўся. Ён не ведаў гэтай жанчыны. Друцкі не расчараваўся, чакаючы, што падчас надзявання пальчатак яна зноў зірне на яго. Якая ж яна была прыгожая! Прыжмурыўшыся, ён аглядаў яе профіль, горды, халодны і палкі. Жанчына выглядала гадоў на дваццаць пяць, але ёй магло быць і больш. Калі яна праходзіла каля століка Друцкага, то позірк яе слізгануў па яго твары і зноў абудзіў у ім сумненні, хаця ж выраз яе вачэй пераконваў, што яна глядзіць на таго, каго бачыць першы раз у жыцці.

Друцкі позіркам праводзіў яе да дзвярэй, заплаціў за каву і за разбітую попельніцу і выйшаў. На Новым Свеце было вельмі людна, натоўпы перамяшчаліся па тратуарах, а па дарозе сунулася рака машын. Яркія неонавыя рэкламы рэзалі вочы чырвонымі лініямі.

— На Наваліп’е!

Барыс Залкінд сам адчыніў дзверы.

— Прывітанне, капітане, вось зноў я вас бачу пры поўным парадзе. Я, аднак, баяўся, што аказаўся больш цярплівым за качак, якія ў чаканні вас добра-такі падсохлі ў каструлі.

Яны падалі рукі адзін аднаму. Пакаёўка ў белым фартушку, какетліва пакланіўшыся, забрала паліто Друцкага.

— А хіба я так моцна спазніўся? — нібыта спужаўшыся, запытаўся Друцкі. — Насамрэч у мяне была вельмі важная справа.

— Няўжо? — рассмяяўся Залкінд, праводзячы госця ў сталовую. — Ведаючы густ пана капітана, не думаю, што вага яе перавышала шэсцьдзясят пяць кілаграмаў!

Друцкі зрабіў засяроджаную міну і сур’ёзна адказаў:

— Думаю, вы памыліліся самае большае на два-тры кілаграмы.

— Баюся, капітане, што з-за жанчын ты настолькі спознішся ў пекла, што самыя зручныя катлы са смалой будуць ужо занятыя.