Выбрать главу

Для аграмаднай большасці пасяленцаў дзяржавы ідэі гэтыя проста незразумелыя. Тут шукаюць «хулу», «герась» у кожнай дробязі. Ты проста не ўпішашся

ў рамкі артадаксальнага маскоўскага дагматызму і жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя.

С к а р ы н а. Я быў бы рад, калі б ты памыляўся, Максім.

М а к с і м Г р э к. Не абяцаю ўцешыць - я многае тут пабачыў, а колькі яшчэ пабачу... Не так ужо даўно ў грубай жорсткасці тутэйшых звычаяў трагічна пераканаліся два заходнія лекары. Лекар Антон Немчын па загаду вялікага князя лячыў татарскага князя Каракучу. Лячэнне не ўдалося, хворы памёр. Тады вялікі князь загадаў лекара забіць. Татары-сваякі завялі Немчына пад маскварэцкі мост

і там, як сведчыць летапісец, «зарезали ножом яко овцу» . А пазней захварэў на ламоту ў нагах сын вялікага князя Іван. А ў Маскве быў гэтым часам лекар

Лявон Жыдовін з Венецыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Ды стан хворага горшаў, а хутка ён і памёр. Тады князь кінуў лекара ў цямніцу. Калі ж ад смерці

князевага сына мінула 40 дзён, лекара Лявона завялі на плошчу Балванаўку і там адсеклі яму галаву.

С к а р ы н а. Ты мяркуеш, што і мне давядзецца лячыць некага з велікакняскай сям'і?..

М а к с і м Г р э к. А я не толькі пра лекараў, я табе і пра друкара скажу. Прыехаў неяк на Маскву вядомы любецкі друкар Барталамей Готан, каб друкарню наладзіць і кніжкі рабіць. За справу ўзяўся. А праз нейкія паўтара гады яго немаведама за што звінавацілі, абрабавалі і ўтапілі. Так што сам мяркуй...

С к а р ы н а. І ўсё ж я паеду да вялікага князя Васілія Іванавіча.

М а к с і м Г р э к. Вольнаму - воля, здаецца, так у вас гавораць.

С к а р ы н а. Так! Так, мой дружа Максіме! А за перасцярогу - дзякуй. Спадзяюся, што вялікі князь не пасмее затрымаць мяне хоць бы з тае

прычыны, што за мною перамірныя гарантыі пра незачэпнасць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Літве.

М а к с і м Г р э к. Які ж ты купец?

С к а р ы н а. На гэты раз у першую чаргу купец. Друкаром адкрыюся толькі пасля таго, як добра прадам, як тавар пойдзе, як вялікі князь маімі кнігамі зацікавіцца.

М а к с і м Г р э к. Мітрапаліт Данііл імі першы зацікавіцца... Скажу шчыра, Францыск, баюся я за цябе. Вельмі баюся...

С к а р ы н а. Будзем спадзявацца. А пры добрым ладзе я за цябе перад князем пахадайнічаю. Не гніць жа такому разумнаму і слаўнаму чалавеку ў гэтай яме.

М а к с і м Г р э к. Ратуй цябе Божа, Францыск!

Ціхі стук у дзверы.

С к а р ы н а. Пара мне, Максім...

Абдымаюцца.

М а к с і м Г р э к. Ратуй цябе Божа...

Скарына выходзіць.

Сцэна зацямняецца.

XIII

Кракаў. Бона набліжаецца да Чалавека ў чорным.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Сёння не пытаюся, але сам паведамляю навіну радасную: пасля няўдач у Кёнігсбергу доктар Скарына прыбыў да маскавіцян

з намерам стварыць на Маскве друкарню. На шчасце, вялікі князь папярэдне пазнаёміўся з кнігамі ерэтыка і загадаў спаліць іх на кастры. Сам жа

доктар уратаваўся ўцёкамі.

Б о н а. Санта Мадонна! (Хрысціцца.)

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Будучы самі невукамі, духоўнікі-схізматыкі імкнуцца ўсімі сродкамі перашкодзіць распаўсюджанню асветы, баючыся, што

выявіцца іх уласнае невуцтва і несумленнасць. З гэтай прычыны яны пераконваюць сваіх князёў, што ўсялякі поспех у адукацыі можа выклікаць пераварот у дзяржаве і, такім чынам, павінен быць небяспечным для іх улады.

Б о н а. Выходзіць, і нам ёсць чаму навучыцца ў маскавітаў?

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. У гэтым выпадку яны маюць рацыю, таму што чалавеку разумнаму і ўзвышанаму ведамі і свабодным выхаваннем цяжка пераносіць тыранічны лад...

Б о н а. Няўжо вы і там, у Маскве, дасталі беднага Скарыну?

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што не, то не. Ён сам сябе ледзьве не ўзвёў на касцёр. Не ўлічыў небарака і падараваў вялікаму князю Апостала з пасляслоўем: «...при держаніи наіласкавшего господаря Жикгымонта Казімировича, короля полского и великого князя литовъского, и рускаго, и жомоитьскаго и иных во славном месте Виленском. Выложена и вытиснена працею и великою пилъностию

доктора Франциска Скорины с Полоцка...» Хіба ж мог сцярпець вялікі князь маскоўскі «караля рускага» , калі ён сам сябе лічыць і рускія, і жамойцкім.

Б о н а. Сапраўды, прамахнуўся доктар...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. І нам пара браць яго за шчэлепы, пакуль ён не збег у Чэхію ці яшчэ куды.

Б о н а. З вашае ласкі на доктара даўно ёсць каралеўскі ўказ аб затрыманні яго як беглага даўжніка і бадзягу.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. І ў каго ж ён пазычыў, каб збегчы?..

Б о н а. У варшаўскіх ліхвяроў-іудзеяў.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м . І кароль ведае?..

Б о н а. Дай Бог каралю ведаць тое, што яму трэба ведаць...

Сцэна зацямняецца.

ХІV

Познань. Грымяць запоры. У вязніцу ўваходзяць біскуп Ян, Войт і Раман.

Я н. Хрыстос уваскрэс, доктар Скарына!

С к а р ы н а. Відаць, што уваскрэс, раз вы тут, пан епіскап.

Я н. Не кашчунствуй, грэшны. Сёння Вялікдзень...

С к а р ы н а. Можа, і грэшны, толькі не вінаваты ні перад Богам, ні перад людзьмі. (Хрыстосуецца з Янам.)

Я н. Што здарылася, доктар?

С к а р ы н а. Пра гэта лепш запытацца ў войта слаўнага горада Познані. У яго, а можа, і не толькі ў яго руках тут суд і права.

Я н. Уціхамірся, доктар!

С к а р ы н а. Даруйце, пан епіскап, але мой гонар і мая годнасць - гэта адзінае, чым я магу абараніцца ад абразы і хцівасці.