Юсі даглядаў коней, даваў ім сена, паіў, разглядваў і параўноўваў вазкі ды брычкі важных паноў і ніяк не мог пазбавіцца ад пачуцця, што робіць ён усё гэта няўмела, дый наогул робіць усё не тое, што трэба. І толькі пад вечар, калі прысмеркі апускаліся на зямлю, а вясёлая гамана гасцей памацнела, ён адчуў нейкую палёгку, асабліва тады, калі па двары пачалі туляцца нязваныя гледачы. Потым прыйшлі знаёмыя хлопцы з другога канца, а з імі прыйшоў і Кустаа, Юсеў таварыш з канфірмацыйнай школы, які жыў на далёкім лясным торпе Тойвала. Ціхенька пасмейваючыся, яны назіралі, як на двор выцягнулі пана Конантэры і пакінулі жаласна хліпаць каля клеці. Потым з дома выйшаў нейкі пан і пачаў сварыцца на яго па-шведску, ад чаго магістр Конантэры гучна зарыдаў і адказаў па-фінску, што ніхто з прысутных ягамосцяў не варты і пазногця Снэлмана[1]. Хлопцы слухалі і дзівіліся, бо ва ўсім прыходзе не было нікога з імем Нэлмані.
Ад абеду Юсі нічога не еў, яго апаноўвалі голад і сон, але ў кампаніі хлопцаў на задворках ён забыўся на ўсе турботы. Тут Юсі быў сваім, жыхаром гэтай гасподы, роўным з усімі хлопцамі, і гэта прыносіла яму нейкую дагэтуль невядомую асалоду. Пад хмельны шум начнога разгулу ў доме Туарылы сямнаццацігадовы падлетак упершыню зведваў пачуццё поўнай свабоды і самастойнасці. І тут у гурце знаёмых хлопцаў яго немаведама чаму раптам скаланула думка, што ён ужо цалкам здольны выправіцца ў свет і жыць там, як усе людзі. Ён пражыў у Туарыле некалькі гадоў, паспытаў таго ды сяго, і вось цяпер тут ідзе шумнае баляванне, але ў яго з тымі, што там балююць, няма нічога агульнага, а вось тут, з гэтымі хлопцамі – маецца шмат чаго. Невядомая раней злосць і дзіўная бяздумная адвага напоўнілі ягоную душу, калі ён разам з усімі хлопцамі штукарыў і забаўляўся на заднім двары. Раней яго ніколі не бачылі такім вясёлым і гаваркім.
Час ад часу Юсі і Кустаа Тойвала заглядвалі ў хату для парабкаў. Яны аглядалі пакой, шукаючы магчымасць учыніць якое-небудзь паскудства, і ажно здрыгануліся, калі ўбачылі, што на Юсевым ложку спіць п’яны магістр Конантэры. Яны ціхенька падабраліся да ложка, каб паглядзець, як выглядаюць сапраўдныя паны, а гэты Конантэры – сапраўдны пан, хоць крыху і прыдуркаваты, бо прапіў жа ён месца магістра-настаўніка. Аднак ён вельмі вучоны, больш вучоны, чым сам ленсман, амаль такі ж вучоны, як і пробст. Глядзі, вочы расплюшчвае! Хлопцы выскакваюць з хаты і бягуць ратавацца на задні двор. Там ужо нікога няма. А яны пасябравалі. Карыя вочы Кустаа Тойвалы блішчаць з-пад капелюша, а Юсі, якому пазней давядзецца атрымаць прозвішча Тойвала, распытвае яго аб усім, што прыходзіць у галаву. Хутка ў лесе Туарылы пачнуць расчышчаць дарогі, па якіх узімку будуць вывазіць бярвенні, і Кустаа таксама пойдзе туды працаваць. Дух свабоды, які выпраменьвае сябар, зачароўвае Юсі; ён ахвотна параспытваў бы яшчэ, але Кустаа адчувае патрэбу павялічыць сваю значнасць, яму карціць учыніць яшчэ што-небудзь гэткае!!! Ягоны позірк утаропліваецца ў колы панскіх вазкоў, якія стаяць у двары, і ён пытаецца ў Юсі:
– Ці ведаеш ты, дзе гаечны ключ?
– А няўжо ж! Ведаю!
Ключ знайшлі, і Кустаа ўзяўся скручваць гайкі, якія не давалі колам брычак зваліцца з восей. Але ён не адкручваў іх да канца, а так, каб яны ледзьве трымаліся на канцы восі. І рабіў ён тэта толькі з адным колам, пакідаючы другое некранутым. Юсі глядзеў на гэта і адчайна гаварыў: «Кінь дурное!» Але Кустаа не звяртаў на яго ніякай увагі і працягваў моўчкі адкручваць гайкі, а калі адкруціў апошнюю, шпурнуў ключ і даў лататы адтуль.
Юсі з самага пачатку быў супраць такога штукарства. Ён зразумеў, якія наступствы будуць ад таго, і ў роспачы думаў даць цягу ўслед за сябрам. Аднак знайшоў ключ, ліхаманкава ўзяўся закручваць гайкі і паспеў быў ужо прывесці ў парадак амаль усе: засталося паправіць усяго два колы. Але тут мусіў кінуць усё і ўцякаць, бо госці пачалі выходзіць з хаты і сядаць у свае экіпажы.
1
Тут, відавочна, маецца на ўвазе Ёхан Вільхельм Снэлман, вядомы фінскі дзяржаўны дзеяч другой паловы ХІХ ст., філосаф, літаратар, швед з паходжання, які праславіўся сваімі рэформамі, а таксама падтрымкай фінскай мовы.