- Ты дзяўчынка ці юла?- спытала Аўца, далучыўшы да свайго вязання, яшчэ пару пруткоў.- Мне хутка з цябе будзе моташна, калі ты толькі працягнеш, гоцаць паўсюль.- яна вязала чатырнаццацью парамі пруткоў адначасова, і Аліса, спыніўшыся, паглядзела на яе са здзіўленнем.
- Як у яе гэта атрымліваецца?- разгублена думала дзяўчо.- Калі яна далучыць яшчэ хацяб пару пруткоў, ператварыцца на дзікабраза.
- Ці ўмееш ты кіраваць чаўном?- спыталася Аўца, падаўшы Алісе пару пруткоў.
- Так, крыху... але не на зямлі... і не пруткамі...- дзяўчынка яшчэ не паспела сказаць апошняе слова, як раптоўна пруткі ў яе руках ператварыліся на вёслы, а яны з Аўцой апынуліся ў невялічкім чоўніку і плылі па рэчцы, так што асабліва грасці не было патрэбы.
- Машы!- закрычала старая, ўзяўшы яшчэ пруткоў.
Гэта гучала, як загад, і трэба было штось адказаць, але што канкрэтна Аліса не ведала. Тым часам штосьці адбылося з ракой, яна пацякла вельмі хутка і вёслы даволі цяжка было выцягваць з вады.
- Машы! Машы!- зноў пачуўся голас Аўцы, а колькасць пруткоў ў яе руках было цяжка падлічыць.- Ты чаўном кіруеш, ці крабаў вёсламі ловіш?!
- Крабы?!- не зразумела Аліса.- А як мне б хацелася мець крабіка!
- Ты што не чуеш, я кажу: “Машы”!- раз’юшана ўскрыкнула Аўца, вяжучы напэўна сотняй пруткоў.
- Ды чую я вас,- адказала Аліса,- Тым больш, што вы кажыце так громка, што й глухі пачуе. Лепш скажыце, калі ласка, дзе крабы?
- Зразумела ж у вадзе,- сказала старая і сунула колькі пруткоў у сваю воўну, але і тых, што засталіся было зашмат.- Я кажу: “Машы”!
- Чую, але чым махаць?- раздражнёна адказала дзяўчынка.- Крыламі? Хіба ж я птушка?
- Так,- заявіла Аўца,- ты маленечкае фанабэрыстае гусянятка!
Гэта крыху пакрыўдзіла Алісу, таму хвіліну-другую яны маўчалі. Тым часам чоўнік лёгка плыў, ад часу сустракаючы на сваім шляху параслі трыснягу (які блытаўся ў вёслах і перапыняў рух чаўна). А паабапал рэчкі ўзвышаліся змрочныя берагі, сям-там парослыя лесам.
- Аёечку! Якія цудоўныя чароцінкі!- усклікнула дзяўчо ў захапленні.- А ці ж не праўда, яны такія прыгожыя!
- А пры чым тут я і чарот?- спытала Аўца, нават не адарваўшы ўвагі ад вязання,- Ты так крычыш, нібы ён належыць мне. Ані!
- Я мела на ўвазе,- ўзмалілася Аліса,- Ці ж не маглі бы мы спыніцца на хвілінку і сабраць крыху?
- Навошта ты пытаешся аб гэтым у мяне,- пачула дзяўчынка ў адказ.- Калі вёслы ў тваіх руках? Сама спыняйся!
Аліса падняла вёслы ўгору, і чоўнік павольна, завязнуўшы ў трыснягу, спыніўся. Яна закатала рукавы сваёй сукенкі і пагрузіла рукі па локці ў ваду... каб мець як мага больш доўгія сцябліны... На колькі часу яна нават забылася аб Аўцэ. Яна скланілася за борт чоўна і так, што яе валоссе краналася вады... Дзяўчынка самааддана абрывала адну прыгожую чароціну за другой.
- А, каб толькі чоўн не перакуліўся,- разважала Аліса.- Людцы... якая прыгажосць! Толькі занадта далёка, не дацягнуся,- Як жа ж гэта дражніла яе (“ну, як спецыяльна,”- думала яна) хаця яна сабрала шмат прыгожых чароцінак, перш чым плыць далей. Але ж самыя-самыя засталіся ў вадзе.
- Найпрыгажэйшыя, як заўжды, не атрымалася сарваць,- сказала яна, уздыхнуўшы, яе тварык быў зусім мокры, а з валосся і рук цякла вада, яна села на месца і пачала аглядаць свой скарб.
Але тое, што яе так вабіла, імгненна пачало знікаць, чарот згубіў і свой водар і сваю прыгажосць. Нават тыя, якія былі найбольш духмянымі... такімі, якія можна пабачыць толькі ў сне, выглядалі, як снег напрыканцы сакавіка. Яны ўсё яшчэ ляжалі ля ног дзяўчынкі... Але тая іх нават не хацела заўважаць, паколькі вакол было столькі дзівоснага.
Яны не паспелі яшчэ адплыць далёка, як адно з вёслаў, пагрузіўшыся, не пажадала выходзіць з вады (як дзяўчынка сцвярджала потым), больш таго, сваёй ручкай яно стукнула Алісу ў падбароддзе так, што яна з крыкам звалілася на дно чаўна, туды дзе ляжаў сарваны ёю чарот.
Але, што цікава, Алісе гэта не прынесла аніякай шкоды, таму яна адразу паднялася і села на месца. Аўца ж увесь гэты час працягвала вязаць, нібы нічога не здараецца.
- Ну што злавіла?- спытала яна, калі Аліса села на сваё месца ў разгубленым стане.
- Што? Каго?- адказала Аліса, углядаючыся ў цёмную ваду.- Хаця вельмі б хацела... Злавіць бы маленечкага краба.- Але Аўца толькі пагардліва ўсміхнулася і працягнула свой занятак.
- А ці шмат тут крабаў?- спытала дзяўчо.
- Ёсць і крабы, і шмат чаго іншага,- адказала Аўца,- выбар вялікі. Так што ты хочаш набыць?
- Набыць?- рэхам адазвалася Аліса, напалову здзіўлена, напалову спалохана... Вёслы, човен, рака зніклі ў адно імгненне, і яна зноў апынулася ў старой цёмнай краме.